Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл упершыню наведаў Антарктыду, дзе здзейсніў літургію на расійскай станцыі Белінсгаўзен і сустрэўся з палярнікамі, паведамляе ТАСС.
Прадстаяцель правёў водасвятнае набажэнства і паніхіду па 64 загінулых палярніках у невялікім драўляным, але адзіным і ўвесь час дзейным храме Антарктыды – праваслаўнай царкве Святой Троіцы на востраве Ватэрлоа.
Падчас візіту, патрыярх наведаў таксама калонію пінгвінаў на востраве Ардлі. Кіраўнік РПЦ прыехаў туды на маторнай лодцы.
"Вы тут – на вяршыні планеты,– звярнуўся патрыярх да палярнікаў пасля набажэнства. – Калі я сёння асвячаў ваду ў Антарктыдзе, я думаў пра ўвесь зямны шар, які пад намі, і маліўся за Божае тварэнне. Ёсць такія месцы ў свеце, дзе не трэба нічога казаць і нічога тлумачыць, а само месца валодае павышанай духоўнай энергетыкай, і гэта духоўная энергетыка ўспрымаецца асабліва падчас малітвы".
Патрыярх лічыць, што Антарктыда – гэта выява ідэальнага чалавецтва, дзе няма зброі, вайсковых дзеянняў, а людзі з розных краін бескарысліва дапамагаюць адзін аднаму, гэта павінна стаць прыкладам усяму свету.
"Гэта… сведчанне таго, што людзі могуць так жыць – без меж, без зброі, без варожай канкурэнцыі, што яны могуць супрацоўнічаць і адчуваць сябе адной сям'і", – сказаў патрыярх.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/tags/patryyarh-kiryl
[3] https://zviazda.by/be/tags/antarktyda
[4] https://zviazda.by/be/tags/stancyya-belinsgauzen