У вельмі цёплай, святочнай абстаноўцы лаўрэаты прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне", а таксама Спецыяльнай прэміі кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва, якіх аб'яднала тэма Вялікай Айчыннай вайны, змаглі не толькі пазнаёміцца бліжэй адзін з адным, а і даведацца пра дэталі падрыхтоўкі праектаў, што заслужылі адной з самых высокіх узнагарод краіны. Літаратурна-творчая сустрэча "Брамы памяці" адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы.
– Сцэна Палаца Рэспублікі – гэта вельмі добрае, урачыстае і годнае мерапрыемства, – адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. – Гэтыя людзі здаюцца многім амаль жыхарамі неба. Невыпадкова мы пачалі праводзіць вось такія сустрэчы з лаўрэатамі прэміі ў нашай бібліятэцы для таго, каб даць магчымасць амаль у хатняй, сямейнай абстаноўцы ўбачыць іх без сцэны, побач, даць ім магчымасць падзяліцца вынікамі.
Нагадаем, у год 70-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне аўтары кнігі "Жыць і помніць", падрыхтаванай Выдавецкім домам "Звязда", ажыццявілі надзвычай адказную місію – наведаўшы пахаванні савецкіх салдат сямі еўрапейскіх краін, прывезлі зямлю для крыпты храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Аб воінах, нашых суайчынніках, якія загінулі за межамі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, а таксама 46 месцах, дзе яны засталіся назаўсёды, Алена Харашэвіч і Анатоль Шаркоў распавялі ў кнізе.
Як расказала Алена Харашэвіч, пасля таго, як зямля з гэтых месцаў была ўвекавечаны ў крыпце храма-помніка, на імя ўсіхсвяцкага прыходу пачалі дасылаць лісты, у якіх сваякі расказваюць аб лёсах сваіх родных і просяць наведаць вядомыя месцы, каб прывезці адтуль жменю зямлі. Адзін з такіх лістоў быў зачытаны падчас сустрэчы.
– Хачу сказаць, што гэта толькі першая кніга, – раскрыў сакрэт Анатоль Шаркоў. – Наперадзе нас чакае яшчэ вялікая праца. За кожным пахаваннем, апісаным у кнізе, стаяць вялікія падзеі, а значыць – і людзі. І каб расказаць аб іх, адной кнігі мала.
Немагчыма было б у межах адной кінастужкі расказаць і пра гісторыю стварэння хітоў ваенных гадоў. Як ажыццяўляліся відэаздымкі гісторыка-дакументальнай 10-серыйнай кінастужкі "Яны спявалі за Радзіму", расказаў адзін са стваральнікаў праекта Міхась Равуцкі. Дарэчы, героі дакументальнага цыклу – хор хлопчыкаў і юнакоў рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі – выканалі падчас сустрэчы некалькі песень ваенных гадоў, пра якія ў кожнай серыі праекта падрабязна распавялі аўтары.
Як падзяліўся Канстанцін Касцючэнка, аўтар манумента "Брама памяці", якая ўзвышаецца ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец", сваю працу над праектам ён пачаў яшчэ ў 2007 годзе. Дарэчы, першыя парады майстра атрымаў ад свайго настаўніка – народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага. "Брама памяці" – самая высокая скульптура ў Беларусі. Яе вышыня складае 10 метраў.
Сярод удзельнікаў сустрэчы быў і калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі за значны ўклад у развіццё музейнай справы і патрыятычнае выхаванне насельніцтва. Дырэктар музея Мікалай Скобелеў падзяліўся асноўнымі кірункамі дзейнасці музея і расказаў аб планах у справе адлюстравання гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kanyuta@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka
[5] https://zviazda.by/be/tags/laureaty-premiy-prezidenta
[6] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda
[7] https://zviazda.by/be/tags/sustrecha