Завяршыліся работы па стварэнні геатэрмічнага атласа Беларусі, які характарызуе параметры цеплавога поля зямных нетраў краіны.
У склад атласа ўвайшло каля 50 геатэрмічных карт. Гаворка ідзе пра цеплавы стан зямных нетраў, пра тую частку цяпла, якую можна было б здабываць і выкарыстоўваць для практычных мэтаў. Яго можна выкарыстоўваць, найперш, для ацяплення будынкаў і збудаванняў у зімовы час і іх кандыцыяніравання летам у прамысловым і аграрным сектарах эканомікі. У адрозненне ад відаў паліва, якое спальваецца і прыводзіць да забруджвання атмасферы парніковым вуглякіслым газам, падземнае цяпло — экалагічна чыстая і аднаўляльная крыніца энергіі.
Разлікі паказваюць, што цяпло, назапашанае ў верхніх 3 км зямной кары кантынентаў, эквівалентнае энергіі, якую чалавецтва спажывае на працягу прыблізна 100 000 гадоў пры сучасным узроўні яе выкарыстання. У еўрапейскіх краінах, дзе цэны на нафту і газ значна вышэйшыя, чым у нашай краіне, цяпло, якое здабываюць з зямных нетраў, з поспехам выкарыстоўваецца ў народнай гаспадарцы і прамысловасці. Напрыклад, сёння каля 320 тысяч дзеючых геатэрмальных установак паспяхова функцыянуюць у Швецыі. А ў суседняй Польшчы іх колькасць ацэньваецца ў 11 тысяч.
У нашай краіне перадумовай для геатэрмічнага вывучэння зямных нетраў з'явілася наяўнасць анамалій павышаных тэмператур і шчыльнасці цеплавога патоку ў межах асноўных блокаў зямной кары. Сістэматычнае вывучэнне геатэрмічнага поля вядзецца ў Беларусі з 70-х гадоў ХХ стагоддзя.
У выніку праведзеных даследаванняў былі выяўлены кантрасныя палі размеркавання тэмпературы і шчыльнасці цеплавога патоку ў платформенным чахле рэгіёну. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць каля 150 геатэрмальных установак з сумарнай цеплавой магутнасцю парадку 7 МВт. Найбольш буйная з іх (у 1 МВт) пабудавана на цяплічным камбінаце «Бярэсце», размешчаным на ўсходняй ускраіне Брэста.
— У бліжэйшыя гады патрабуецца будаўніцтва двух-трох пілотных геатэрмальных станцый і ўстановак у паўночнай зоне Прыпяцкага рэгіёну — найбольш прагрэтым блоку зямной кары — для адпрацоўкі як тэхналагічных схем, так і для ўдакладнення тэхніка-эканамічных паказчыкаў эксплуатацыі гарачых тэрмамінеральных вадкасцяў і расолаў, — кажа прафесар геафака Белдзяржуніверсітэта Уладзімір ЗУЙ.
Па сутнасці, геатэрмальныя рэсурсы — гэта тая энергія, якую можна эканамічна рэнтабельна здабываць у найбліжэйшай будучыні.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/geatermichny-atlas
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus