На прадпрыемстве «Унітэхпрам» БДУ распрацаваны бізнес-план інавацыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці арыгінальных біярэзарбаваных поліфункцыянальных лекавых прэпаратаў. Аўтары інавацый — дырэктар прадпрыемства Павел Бычкоўскі і вядучы супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ Мікалай Юркштовіч.
Бізнес-планам прадугледжваецца вытворчасць супрацьспаечнага сродку бар'ернага тыпу і лекавых сродкаў з антымікробным і анальгетычным эфектамі, якія ператвараюцца на раневай паверхні ў гідрафільную гелепадобную масу, забяспечваючы хуткае ачышчэнне ран і паскараючы працэс іх гаення. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне поліфункцыянальнага сродку для прадухілення ўтварэння спаек пры хірургічных умяшаннях на органах брушнай поласці, малога таза і іншых; вытворчасць лекавых сродкаў «Фосцэлантан» і «Мілфацэл» у выглядзе сурвэтак, якія забяспечваюць вільготнае гаенне ран; матрыкса для імабілізацыі ствалавых клетак і стварэнне біялагічных павязак для эфектыўнага лячэння пацыентаў з пашкоджаннямі скурных покрываў (з тэрмічнымі апёкамі, пролежнямі, трафічнымі язвамі). Усе прэпараты з'яўляюцца інавацыйнымі, раней у нашай краіне не вырабляліся, а іх канкурэнтаздольнасць у параўнанні з імпартнымі аналагамі забяспечваецца больш высокай эфектыўнасцю і нізкімі цэнавымі паказчыкамі.
Рэалізацыя інавацыйнага праекта на прадпрыемстве «Унітэхпрам» БДУ дазволіць стварыць айчынную вытворчасць лекавых прэпаратаў для хірургіі і камбустыялогіі, забяспечыць незалежнасць гэтых абласцей медыцыны ад імпартных паставак, павысіць эфектыўнасць лячэння і скароціць тэрміны знаходжання пацыентаў у стацыянарах медыцынскіх устаноў.
Выкананне навукова-даследчых і доследна-тэхналагічных работ плануецца выконваць сумесна з НДІ фізка-хімічных праблем БДУ, дзяржаўным прадпрыемствам «НТЦ ЛОЦІЯС» і клінічнымі ўстановамі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] http://nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/biznes-plan
[6] https://zviazda.by/be/tags/leki
[7] https://zviazda.by/be/tags/bdu