Да 8 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры праходзяць гастролі Тульскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы імя Максіма Горкага.
Тульскі акадэмічны тэатр драмы — аднагодак Тульскай губерні, быў заснаваны яшчэ ў 1777 годзе і сустракае сваіх гледачоў ужо 239 сезонаў. Ён прайшоў праз многія выпрабаванні гісторыі: тэатр закранулі і сталінскія рэпрэсіі, і Вялікая Айчынная вайна. Цікава, але нават падчас вайны там давалі спектаклі, ездзілі з «гастролямі» на перадавую і ў воінскія часці. У 1890 годзе ў падрыхтоўцы пастаноўкі «Плады асветы» браў удзел і яе аўтар, Леў Талстой. У розныя часы наведвальнікамі Тульскага тэатра драмы былі імператрыца Кацярына ІІ, першапраходзец рамантызму ў рускай паэзіі Васіль Жукоўскі, пісьменнікі Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын і Глеб Успенскі. Цяпер паглядзець тульскія спектаклі можна і ў Мінску.
Тры з пяці прывезеных у Мінск спектакляў паставіў рэжысёр Дзмітрый Красноў. Яго камедыя «За двума зайцамі» і паклала пачатак гастролям. У нядзелю і панядзелак тулякі пакажуць прэм'ерны спектакль «Тульскія дзівосы», мюзікл для сямейнага прагляду па матывах казкі Мікалая Ляскова «Ляўша». Восьмага сакавіка Мінск сустрэнецца з дарослай прэм'ерай, так званай «улётнай» камедыяй «Боінг-Боінг», якую летась паказвалі ў Бабруйску. Французская п'еса «Боінг-Боінг» трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса за найбольшую колькасць пастановак за мяжой. Сюжэт і інтрыга ў ёй сапраўды французскія: халасцяк Бернар знайшоў для сябе ажно трох нявест-сцюардэс, якія не ведаюць адна пра адну. Але, зразумела, хутка даведаюцца, тайнае стане яўным і для нашага гледача.
Пакуль тульская трупа знаходзіцца ў Мінску, прадстаўнікі нашага музычнага тэатра паказваюць свае спектаклі на сцэне іх тэатра. Гастролі пачаліся з музычнай камедыі «Вяселле ў Малінаўцы», а са старых спектакляў, якія ўжо прыйшліся тульскаму гледачу даспадобы, беларусы пакажуць аперэту «Жанчына-кажан» і балет «Тысяча і адна ноч». Дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандр Пятровіч зазначыў, што абменныя гастролі паміж Мінскам і Тулай маглі б стаць добрай традыцыяй: «Раз на два гады, калі змяняецца амаль увесь рэпертуар, мы маглі б прыязджаць адзін да аднаго ў госці, каб у сакавіку дарыць жанчынам сваё прыгожае мастацтва».
Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/teatr
[3] https://zviazda.by/be/tags/tulski-akademichny-teatr-dramy
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-akademichny-muzychny-teatr
[6] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury