— «Звязда» — гэта ці не самае «жывое» перыядычнае выданне Беларусі. З аднаго боку, яна жыве разам з нашым грамадствам, бо з'яўляецца штодзённікам. Гэта прымушае рэдакцыю не адставаць, ісці ў нагу з часам — прыемна, што яна з гэтым спраўляецца. На старонках можна азнаёміцца з інавацыямі культуры, сельскай гаспадаркі, прамысловасці. Усё напісана лёгка, натуральна, зразумела, без залішніх прыўкрас — гэта зразумее як прафесар, так і чалавек, які толькі атрымлівае адукацыю.
Я люблю газету за яе беларускамоўны пасыл і насычанасць нацыянальнай культурай. Заўважыў, што праз беларускую мову тыя ж падзеі ўспрымаюцца іначай, чым, напрыклад, у англамоўных і рускамоўных тэкстах. Такім чынам «Звязда» сама стварае чытацкі асяродак вакол сябе, і мне надзвычай прыемна, што я адзін з такіх чытачоў.
— Цешыць і тое, што яна супрацоўнічае з іншымі выданнямі, што ўваходзяць у аднайменны Выдавецкі дом. Я з'яўляюся да таго ж падпісчыкам «ЛіМа» і бачу пэўныя паралелі: спачатку падзеі аператыўна падаюцца ў «Звяздзе», а затым у «ЛіМе» больш грунтоўна можна пачытаць пра выяўленчае мастацтва, літаратуру. Кожнае выданне заняло сваю нішу, выконвае ўласную ролю.
Прыемна, што «Звязда» — паўнаколернае выданне. Людзям уласціва вобразнае ўспрыманне жыцця. Таму, калі мы бачым каляровыя карцінкі, гэта аблягчае засваенне інфармацыі. Да таго ж у выданні працуюць выдатныя фатографы. Мне даводзілася супрацоўнічаць з імі, і я застаўся задаволеным. Тое ж магу сказаць і наконт прафесіяналізму карэспандэнтаў.
Я ведаю, што «Звязду» чытаюць і за межамі нашай краіны. Гэта магчыма дзякуючы сучаснаму сайту, які ёсць у Выдавецкага дома. Лічу слушным, што пад кожным прозвішчам журналіста пазначана яго электронная скрыня. Не кожны захоча ўступаць у адкрытую дыскусію на сайце. А гэта акурат добрая магчымасць выказаць аўтару сваё меркаванне прыватна.
Я ўсцешаны праектамі, прысвечанымі 500-годдзю айчыннага кнігадрукавання, што з'явіліся на старонках «Звязды». Думаю, мы разам яшчэ плённа папрацуем на гэтай ніве.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/ales-susha