Такім чынам раённыя ўлады падтрымалі ініцыятыву мясцовых актывістаў разам з грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Ініцыятыва была за арнітолагамі, якія запрасілі ў Валожын на «круглы стол» прадстаўнікоў райвыканкама, уладальнікаў аграсядзіб, настаўнікаў біялогіі, работнікаў Мінпрыроды і краязнаўчага музея, дырэктара Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» і іншых прадстаўнікоў грамадскасці, каб разам абмеркаваць, як абраць птушку раёна.
Супрацоўнікі АПБ прадставілі птушак, дзякуючы якім Налібоцкая пушча атрымала статус тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) міжнароднага значэння. Пра кожную птушку былі расказаны цікавыя звесткі. Менавіта з іх планавалася абраць некалькі кандыдатаў для ўсенароднага галасавання. У выніку сустрэчы ўдзельнікі «круглага стала» абралі пяць птушак-кандыдатак. У асноўным гэта віды з Чырвонай кнігі, якія адначасова з'яўляюцца і крылатымі жыхарамі Налібоцкай пушчы. Пасля дыскусій прэтэндэнтамі на птушку-сімвал Валожыншчыны сталі зімародак, чорны бусел, пугач, малы арлец і... глушэц.
А апошні з'явіўся ў канчатковым спісе дзякуючы Васілю Гуркову, дырэктару Налібоцкага заказніка, дзе збіраюцца разводзіць гэтую знікаючую птушку ў спецыяльным гадавальніку. Астатніх птушак арнітолагі прапанавалі таксама з абгрунтаваннем. У Валожынскім раёне, напрыклад, самая вялікая ў Беларусі папуляцыя зімародка. Гэту хуткую птушку няцяжка заўважыць на рэчках пушчы. Малы арлец на Валожыншчыне гняздуе ў пушчы, а палюе на палях, дзе яго таксама можна ўбачыць. Пугач — самая буйная сава ў свеце, і ў Налібоцкай пушчы заўсёды жыве некалькі іх пар. Забалочаныя поймы ў спалучэнні з ляснымі масівамі — любімыя месцы рассялення чорнага бусла.
А з 17 сакавіка на сайце АПБ [3] пачалося галасаванне за адну з гэтых птушак. Ад голасу кожнага валожынца залежыць, якім будзе сімвал іх раёна, паведамілі карэспандэнту «Звязды» ў прэс-службе АПБ.
Пасля таго як сімвал абяруць, у горадзе паставяць скульптуру птушкі, намалююць графіці з яе выявай. Таксама пройдзе шэраг мерапрыемстваў у школах горада, мэтай якіх стане павышэнне дзіцячай зацікаўленасці прыродай і экалогіяй рэгіёна. Будуць праводзіцца трэнінгі і майстар-класы з уладальнікамі аграсядзіб. Іх навучаць, як арганізаваць «прыродныя» экскурсіі, раскажуць, якія крылатыя суседзі могуць завітаць на падворкі. А мясцовых рамеснікаў навучаць вырабляць унікальныя сувеніры. Спецыялісты мяркуюць, што новы сімвал зможа прыцягнуць у раён больш экатурыстаў, бёрдвотчараў і фатографаў дзікай прыроды. Таксама ёсць надзея, што шэраг запланаваных мерапрыемстваў заахвоціць людзей быць больш актыўнымі ў захаванні біяразнастайнасці нашай краіны.
— Выбар птушкі раёна — практыка пакуль новая для Беларусі, але досыць распаўсюджаная ў свеце. Так, кожны штат у ЗША можа ганарыцца сваёй птушкай-сімвалам, грамадзяне Вялікабрытаніі абралі нацыянальнай птушкай заранку, а ізраільцяне — удода. Усё гэта дапамагае не толькі выгадна пазіцыянаваць рэгіёны на турыстычным рынку і прыцягнуць увагу да рэгіёну і да экатурызму, але і дае магчымасць згуртавацца мясцовым жыхарам вакол агульнай ідэі — усведамлення прыроднай каштоўнасці месца, у якім жывеш. Мы ўпэўнены, што хутка жыхары Валожынскага краю адчуюць гэта, а наша практыка разляціцца па іншых рэгіёнах, — адзначае арганізатар ініцыятывы АПБ Карына Салавей.
Нагадаю, што свае птушкі-сімвалы ўжо ёсць у двух раёнаў Беларусі: «візітоўкай» Слуцка стаў салавей, а Мёраў — журавель.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://www.ptushki.org/
[4] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/ptushka
[6] https://zviazda.by/be/tags/ahova-ptushak-backaushchyny