Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) (1896—1991) — знакавая постаць у гісторыі беларускай сатыры і гумару, якая нязменна застаецца і сімвалам «Вожыка»: унёсак таленавітага творцы ў развіццё калючага выдання наўрад ці можна ацаніць. У 1943—1945 гадах Кандрат Кандратавіч рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», а ў пасляваенныя часы часопіс «Вожык».
Літаратурную славу пісьменніку прынеслі байкі, сатырычныя і гумарыстычныя вершы і фельетоны. Плённа працаваў ён і ў камедыйным жанры драматургіі. Ягоныя п’есы «Хто смяецца апошнім» (1939), «Мілы чалавек» (1945) і «Брама неўміручасці» (1973) шырокавядомыя не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Кандрат Крапіва — аўтар больш чым 20 кніг сатыры і гумару.
Чалавек з глыбокай і багатай натурай, Крапіва знешне выглядаў суровым, маўклівым і нават пахмурным, але насамрэч валодаў сакрэтам і ўмеў рассмяшыць іншых. Нават у самых складаных сітуацыях ён не губляў пачуцця гумару.
Трапнае слова слыннага творцы пякло і яшчэ доўга будзе пячы падхалімаў, здраднікаў, ашуканцаў, двурушнікаў і іншых прайдзісветаў.
Адзначаючы 120-гадовы юбілей з дня нараджэння Кандрата Кандратавіча, згадаем адну з ягоных баек, у якой фігуруе наш калючы прататып.
Кандрат Крапіва
Дзіця, Вожык і Змяя
Байка
Выходным днём у саснячку
Жанчына з дзіцянём гуляла,
Лягла пад сонца, задрамала,
А небяспека напаткала
Яе маленькую дачку.
3 узгорка ўніз вядзе сцяжынка, —
Ідзе па ёй мая Дзяўчынка
Ды ловіць матылькі.
А гэтым часам пры сасонцы
Гадзюка грэецца на сонцы, —
Блішчыць на ёй узор лускі.
Дзяўчынка рада: «Цаца! Цаца!»
I хоча ўжо рукой хапіць,
А «цаца» пачала звівацца,
Лісліва, ціхенька сіпіць:
— Хачу, дзіця, з табой
пасябравацца:
Цябе я ласкава, пяшчотна абаўю,
Пазнаеш ты любоў маю.
Аж раптам тут ля самых ножак
Зафыркаў злосна Вожык
I кінуўся адважна на Змяю.
Змяя ўзвілася бліскавіцай,
Зубамі хоча ўпіцца,
Мільгае промнямі лускі,
А ён, узброены ігліцай,
Зубоў змяіных не баіцца
I рве Гадзюку на кускі.
Дзяўчынка сціснула ад гневу
кулачкі,
Крычыць на Вожыка:
— Пачвара, недарэка!
Ты цацу сапсаваў маю!
За гэта я цябе наб’ю.
Ты — бека!
— Дзіця, — адказвае ёй Вожык, —
Хоць бека я, калючы, непрыгожы,
Але ж я знішчыў смерць тваю.
Як падрасцеш, ацэніш ты паслугу
I мне падзякуеш, як другу.
Дзіця дзіцём — і розум у яго такі.
Я не дзяцей тут меў на мэце,
А ёсць яшчэ дарослыя дзядзькі
На свеце,
Што і змяю гатовы прытуліць,
Якая іх умее пахваліць.
Такім мілей ліслівы гад паўзучы,
Чым верны друг, хоць і калючы.
1950 г.