Дзяржаўная інспекцыя ахова жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь будзе хадайнічаць аб увядзенні штрафаў за захоўванне забароненых прылад лоўлі рыбы (дома, у машыне, гаражы і г.д.). Такая адказнасць прадугледжана, напрыклад, у суседніх краінах Балтыі.
Цяпер дзяржінспектары актыўна працуюць па выяўленні фактаў незаконнага гандлю сеткамі і сеткаматэрыяламі на рынках. Толькі за апошнія тры тыдні ўжо ўдалося прыцягнуць ды адказнасці сем нелегальных гандляроў забароненымі прыладамі.
Так, нядаўна на рынку ў Ждановічах дзяржінспектары ўпраўлення аператыўнага рэагавання затрымалі мінчаніна, які падпольна спрабаваў збыць каля 400 сеткавых прылад, у тым ліку 128 рознакаліберных сетак агульнай даўжынёй амаль 7 кіламетраў, 243 сеткавыя пад'ёмнікі («павукі»), 18 сеткавых экранаў (так званых «тэлевізараў») і іншае.
Гэтае кантрольнае мерапрыемства паказала высокую эфектыўнасць падобнай працы. За адзін рэйд было канфіскавана амаль столькі ж сеткавых прылад, колькі канфіскуецца, напрыклад, па ўсёй Мінскай вобласці за цэлы перыяд нераставай забароны.
Прыклады такіх затрыманняў можна прывесці і па іншых рэгіёнах краіны. Напрыклад, у Гродне на Паўднёвым рынку кантрольную закупку праводзіў асабіста начальнік абласной інспекцыі. У выніку ў аднаго з гандляроў было знойдзена 94 сеткавыя прылады. Незаконныя збыт сетак «адгукнецца» індывідуальнаму прадпрымальніку буйным штрафам — да 200 базавых велічынь.
rs@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:rs@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/loulya-ryby