У музычным абрамленні, з густам зробленым «Песнярамі», народная песня «Як я ехаў да яе» набыла абрысы прывабнай перлінкі. У іх выкананні яна выглядае інтрыгуючай вакальна-інструментальнай сцэнкай, у якой разгорнута адлюстраваны свет асобы падчас закаханасці. Што тут пераважае — жарт ці іранічны роздум? І ў адным, і ў другім выпадку дасціпна раскрываецца выхаваўчы аспект. Песня нібы вучыць-падказвае, што каханне заўсёды вымагае вялікай самаахвярнасці і да гэтага трэба сур'ёзна рыхтавацца, каб не апынуцца ў роспачным становішчы.
«Песняры» адважна выносілі народныя песні на эстраду. Напачатку ім не раз давялося пачуць крытычныя заўвагі. Не ўсе меламаны прыхільна ставіліся да навацый маладога ансамбля — іх па-сучаснаму аформленай музычнай апрацоўкі фальклорных твораў, трактоўкі іх тэкстаў і мелодый.
Таленавітыя спевакі беражліва адносіліся да фальклорнай спадчыны. Але народную песню яны ўспрымалі не як застылы помнік, узведзены музычна адоранымі папярэднікамі, а як музычнае аблічча народнага духу, што ўвесь час знаходзіцца ў развіцці, у руху, у стваральным змяненні. Яны добра разумелі, што песня — і душа народа, і душа кожнага спевака і яна жыве ў яго душы, асвятляе яго пачуццёвы свет: спалучаецца з яго перажываннямі, памкненнямі. (Таму і ўзнікаюць тэкставыя і меладыйныя варыянты вакальных твораў.) Артысты выязджалі на сустрэчу з народнай песняй у вёскі і мястэчкі: толькі там яна вольна пачувала ў прасторы і разнастайна выяўлялася ў грамадзе. Акадэмічныя харавыя калектывы, якія свята падтрымліваюць дух і энергію фальклорных твораў, выносяць іх на сцэну ўжо ў падрыхтаваным выглядзе.
У дзейнасці «Песняры» былі сапраўднымі творцамі. Працуючы з песняй, яны імкнуліся, каб яна ўтульна адчувала сябе ў новым, надзвычай тэхнізаваным, свеце і была цёпла прынятай моладдзю. І песня, якая пазначана ў фальклорных запісах з назвай «Як ты ехаў да яе»
(у гэтым адлюстравалася сяброўская, а мо дзявочая, іранічна-дакорлівая ўсмешка з юнацкіх заляцанняў), загучала больш прачула, стала блізкай для кожнага юнака, калі песенным героем стаў ён сам: «Як я ехаў да яе». Яна як фальклорны твор мае ўсе падставы існаваць у тым і ў другім выглядзе. Усё залежыць ад таго, што трывожыць душу спевака.
Як я ехаў да яе, —
Брычка на рысорах.
А прыехаў ад яе, —
Хата на падпорах.
Як я ехаў да яе, —
Тысячамі лічыў.
А як ехаў ад яе, —
Тры грашы пазычыў.
Як я ехаў да яе, —
Боты лакаваны.
А прыехаў ад яе
У шапцы палатанай.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mihas-shavyrkin
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop