Патлумачце, калі ласка, гісторыю паходжання назвы вёскі Навасёлкі Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці (у народзе яе называюць Засценак).
Алена Медзюк, Таццяна Гурко, Чырвонараніцкая сельская бібліятэка.
Вёска Навасёлкі ўпершыню згадваецца ў XVІІІ стагоддзі. На той час яна была ва ўладанні езуітаў, належала да маёнтка Пачаевічы Аршанскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Назва Навасёлкі адносіцца да самых распаўсюджаных тапонімаў на ўсёй усходнеславянскай тэрыторыі. У Беларусі амаль у кожным раёне ёсць паселішча з такой назвай. Матывацыя наймення даволі празрыстая: «новае паселішча», «калектыў перасяленцаў або новых пасяленцаў», «выселкі з бліжэйшага сяла на сваю ж зямлю». Другая назва паселішча — Засценак — цесна звязана сваім паходжаннем са старажытнай сістэмай землеўладання. Першапачаткова засценкам называўся ўчастак зямлі, які застаўся за сцяной — мяжой абшчынных зямель, раздзеленых на валокі паводле рэформы «Уставы на валокі» 1557 года. Такія ўчасткі маглі арандаваць як асобныя людзі, так і цэлыя вёскі. Па сведчанні прафесара Валянціны Лемцюговай, у пачатку XVІІ стагоддзя засценак быў вядомы як невялікі пасёлак або хутар дробнай шляхты, якая арандавала зямлю, што не ўвайшла ў сялянскія надзелы. На тэрыторыі Беларусі гэты тып паселішча праіснаваў доўгі час. Сведчаннем гэтага служыць і той факт, што слова засценак у некаторых рэгіёнах Беларусі, у прыватнасці на Віцебшчыне, у народных гаворках доўгі час ужывалася са значэннем «пасёлак». Засценкі як агульныя назвы тыпаў пасялення неаднаразова адзначаюцца ў пісьмовых матэрыялах Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў. А вось назваў населеных пунктаў з асновай Засценак у XІX стагоддзі на ўсходнеславянскай тэрыторыі даследчыкамі было засведчана няшмат (усяго 26) і амаль усе яны былі зафіксаваны на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Паказальна, што ў XX — пачатку XXІ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі існавала 42 паселішчы з асновай Засценак, з іх 17 населеных пунктаў на сённяшні дзень знікла з карты Беларусі. У большасці сваёй назвы гэтага тыпу аднаслоўныя ў форме адзіночнага або множнага ліку: Засценак (Хойніцкі раён Гомельскай вобласці; Барысаўскі, Лагойскі, Слуцкі раёны Мінскай вобласці; Глускі, Магілёўскі, Шклоўскі раёны Магілёўскай вобласці; Пінскі, Лунінецкі раёны Брэсцкай вобласці; Верхнядзвінскі, Лепельскі, Лёзненскі, Ушацкі, Шумілінскі раёны Віцебскай вобласці); Засценкі (Верхнядзвінскі, Лёзненскі раёны Віцебскай вобласці, Бялыніцкі, Круглянскі раёны Магілёўскай вобласці; Вілейскі, Маладзечанскі раёны Мінскай вобласці; Дрыбінскі, Магілёўскі, Шклоўскі раёны Магілёўскай вобласці). Сустракаюцца і састаўныя назвы, у якіх агульная назва тыпу пасялення засценак перайшла ў склад уласнага наймення: Засценак Брылі (Мядзельскі раён Мінскай вобласці), Засценак Скрыплева (Валожынскі раён Мінскай вобласці), Засценак Дуброва (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), Засценкі-Белыя (Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці), Засценак Юр'еў (Дубровенскі раён Віцебскай вобласці), Засценкі-Міхачэўскі (Аршанскі раён Віцебскай вобласці), Засценак Усцерхі (Глускі раён Магілёўскай вобласці) і інш.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tapanimika
[3] https://zviazda.by/be/tags/igar-kapylou