Сонца і Месяц... Космас і Сусвет... Лятальныя апараты самых розных канструкцый... Іншапланецяне і касмічныя піраты... Усё гэта і не толькі рухалася, гучала і віравала падчас адмысловага мерапрыемства, зладжанага на радзіме касманаўта Раскосмасу Алега Навіцкага ў Чэрвені.
...У мясцовай чацвёртай гарадской школе свае месцы за асобнымі столікамі занялі дзесяць каманд у складзе школьнікаў (і нават дашкольнікаў!), іх бацькоў і педагогаў. А на экране разам з урыўкамі з фантастычных фільмаў пра космас — не менш фантастычныя, але цалкам рэальныя відэазапісы, зробленыя нашым земляком Алегам Навіцкім падчас знаходжання на Міжнароднай касмічнай станцыі. З'яўленне кадраў фотахронікі з ім выклікала цэлы шквал апладысментаў. Не ведаю, што адчувала маці Алега, ганаровы член журы фестывалю Валянціна Эдуардаўна Навіцкая, калі паказалі ў запісе старт касмічнага карабля, на якім 23 кастрычніка 2012 года Алег накіраваўся ў Сусвет...
Зразумела, што касмічная тэматыка прысутнічала ва ўсім, найперш, у назвах каманд: «Арыён», «Сузор'е», «Гуманоіды», «Андрамеда», «Альтаір»... А таксама ў прапанаваных конкурсах: самапрэзентацыя «Зорны час», «Касмічны рынг», «Касмічны касцюм», «Касмічная страва». І адразу прыгадаўся герой акцёра Яўгена Лявонава ў фільме «Джэнтльмены ўдачы». Памятаеце яго загадчыка дзіцячага садка?! «Вазьміце ў рукі касмічныя лыжкі...»
Дарэчы, «Касмічны рынг» прымусіў каманды папрацаваць галавой. Падчас яго вядучая чэрвеньскага інтэлектуальнага клуба «Ігумен» Ірына Вабішчэвіч прапанавала папулярную гульню «Медыяазбука». Побач з нескладанымі пытаннямі былі і такія, якія «ўзяць» проста не ўяўлялася магчымым! У гэтым удзельнікі і госці пераканаліся даволі хутка, калі на экране пачалі з'яўляцца правільныя адказы.
«Як Гагарын?! Не было Гагарына!» — шумела зала. — «Быў! — усміхнулася Ірына Вабішчэвіч. — Толькі... у карнавальным касцюме! Канешне, было б прасцей, калі б паказалі яго фота ў скафандры!» У адказ пачуліся гучны смех і воплескі.
...На экране спраўна падлічваліся балы за кожны конкурс. Праўда, затым было аб'яўлена, што за касмічныя касцюмы і стравы абсалютна ўсе каманды атрымалі «пяцёркі». І як вынік — выключэнне экрана і выснова ад старшыні журы, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ларысы Асановіч: «Пераможцамі сталі ўсе!»
І заахвочванні за актыўны ўдзел таксама атрымаліся для кожнай каманды аднолькавымі: дыплом, прыз і... паездка ў музей авіяцыйнай тэхнікі, што размешчаны ў пасёлку Баравая пад Мінскам. А самым маленькім удзельнікам — ясляў-садку №3 г.Чэрвеня — паабяцалі яшчэ і паездку ў «МакДональдс».
Святлана АДАМОВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/aleg-navicki