Аддзяленне паштовай сувязі, што адкрылася ўчора па адрасе Налібоцкая, 36, адносіцца да пошты новага фармату: яно ўжо трэцяе, якое знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры.
Гэтым разам наяўнасцю пошты можа пахваліцца ГЦ «Квадра» (летась таксама былі адкрыты аддзяленні ў «Прасторы» на Прытыцкага і «Алмі» на Дзяржынскага). Тут працуюць два аператары, аддзяленне абсталявана сучаснай тэхнікай, ёсць плацежна-даведачны тэрмінал для аплаты паслуг без камісіі.
У кліенцкай зале наведвальнікі могуць атрымаць усе паштовыя, а таксама няпрофільныя паслугі: выплата пенсій і дапамог, прыём пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак, адпраўленняў паскоранай пошты ЕMS, грашовых пераводаў, адпраўленняў Nеtліст і тэлеграм, падпіска на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, аплата камунальных паслуг і інш.
Прадстаўлены шырокі асартымент марак, паштовак, канвертаў, картак для посткросінгу, газет і часопісаў, можна набыць інтэрнэт-карты, электронныя пластыкавыя і сэрвісныя тэлефонныя карты, прапануюцца паслугі капіравання.
Сталічны мікрараён Каменная Горка імкліва расце, таму адкрыццё новага паштовага аб'екта дасць магчымасць зняць нагрузку з суседніх аддзяленняў і палепшыць якасць абслугоўвання кліентаў.
— Неўзабаве мы плануем адкрыць яшчэ два аддзяленні. Да Дня сувязі — у Лошыцы на вуліцы Шпілеўскага, — паведаміў начальнік вытворчасці «Мінская пошта» Віктар БУТРЫМ (на фота).
Ён таксама расказаў, што на выставе «TІBO-2016» вытворчасць прэзентуе «Пошту ХХІ стагоддзя», і ўсё, што там будзе заяўлена, рэалізуюць у мікрараёне Лебядзіны.
— Мы крыху папрацуем над інтэр'ерамі, дызайнам памяшканняў, адыдзем ад нейкіх старых шаблонаў. Зробім ухіл на самаабслугоўванне: там будуць не толькі інфакіёскі, а і прылады для адпраўкі паштовых адпраўленняў. Будзе шырока прадстаўлены кірмаш паштовай прадукцыі і самыя сучасныя тэхналагічныя рашэнні, якія сёння ёсць на пошце, — прыадкрыў інтрыгу начальнік вытворчасці.
Дарэчы, у аддзяленні на Налібоцкай тэхналагічна рэалізавана ўсё, што пералічыў Віктар Бутрым. Хіба што яно недаставачнае (гэта значыць, тут не працуюць паштальёны, бо месца не так шмат).
У дзень урачыстага адкрыцця аддзялення кліентам уручалі паштовыя сувеніры. Адна з першых наведвальніц Вольга Феактыстава разам з маленькім сынам Кірылам прыйшла спецыяльна.
— Мы вельмі рады, што тут адкрылася новае аддзяленне, яго вельмі не хапала. Поштай карыстаемся часта: адпраўляем лісты, атрымліваем пасылкі, а аддзяленні знаходзіліся далёка. Таму мы вельмі шчаслівыя, што тут, каля дома (мы жывём насупраць), з'явілася новая пошта.
Новае аддзяленне атрымала нумар 58, яно стане 23-м па ліку ў Фрунзенскім раёне і 118-м у Мінску. Працаваць яно будзе з панядзелка па пятніцу з 9.00 да 20.00, у суботу і нядзелю — з 10.00 да 20.00.
Фота Сяргея Нікановіча
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dziyana-seradzyuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:seradzyuk@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/poshta
[5] https://zviazda.by/be/tags/pashtovae-addzyalenne