Апошнім часам у Чэрвені, што на Міншчыне, ладзяць усё больш мерапрыемстваў, прысвечаных знакамітаму земляку, ураджэнцу гэтых мясцін, касманаўту Алегу Навіцкаму. І сімвалічна, што адбываецца гэта ў год яго мяркуемага другога палёту да зор.
...Не паспелі яшчэ забыцца падрабязнасці першага касмічнага фестывалю, як новае мерапрыемства прапанаваў усім зацікаўленым аддзел адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама. Сумесна з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі дзяцей і дарослых запрасілі на лёгкаатлетычны крос імя Алега Навіцкага. І натуральна, што адбылося спартыўнае выпрабаванне не ў звычайны дзень тыдня, а ў святочны: у Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі, 12 красавіка.
Своеасаблівым паўнамоцным прадстаўніком знакамітага земляка стала яго маці, Валянціна Эдуардаўна Навіцкая.
365 удзельнікаў — неблагая для першага разу колькасць! — дзеляцца на дзве групы: юнакі і дзяўчаты. Яны будуць стартаваць асобна. Большасць — школьнікі. Перад імі — асфальтаваныя вуліцы горада, дыстанцыя ў паўтара кіламетра і такі жаданы, але пакуль яшчэ далёкі фініш — каля новага будынка фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Ігумен», адкрытага мінулай восенню.
Гэта толькі здаецца, што паўтара кіламетра — дыстанцыя невялікая... Але нават калі п'едэстал гонару скарыўся не ўсім, нагоды для засмучэння няма. Галоўнае — кожны дабег і даказаў найперш сабе: «Я — магу!» Да таго ж, абсалютна ўсе спартсмены атрымалі на памяць сертыфікат удзельніка кросу імя Алега Навіцкага ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Былі, безумоўна, і ўрачыстыя фанфары ў гонар пераможцаў і прызёраў, граматы і медалі, якія ўручыла мама касманаўта.
Ксенія УЛАДЗІМІРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/aleg-navicki
[3] https://zviazda.by/be/tags/chervenshchyna