Насенне. «Якое семя, такое і племя» — сцвярджае народная мудрасць. Да насення заўсёды ставіліся як да сімвала ўрадлівасці, будучыні, працягу жыцця. Добрыя гаспадары ведалі законы аграноміі і бездакорна іх выконвалі.
* Зерне, нарыхтаванае на насенне, захоўвалі ў асобным месцы, каб ніхто з пабочных асоб не змог узяць з яго нават жмені.
* Акрамя таго, ведалі, што зерне, якое пакінулі на засеўкі, ніколі не будуць пераціраць на муку для выпякання хлеба, прадаваць ці пазычаць яго камусьці.
* Насенне трымалі ў памяшканні, дзе падтрымлівалі сухое паветра. Ведалі, што сухое зерне лепей, чым «сырамалотнае», таму што яно лепей пераносіць восеньскія і зімовыя маразы.
* Пры продажы зерня гаспадар абавязкова адсыпаў у пусты засек тры жмені, каб у яго гаспадарцы насенне ніколі не зводзілася.
* Мяхі з насеннем ніколі не зашывалі, а завязвалі, каб «не зашыць» прарастанне насення ў зямлі і каб колас добра «завязваўся».
* Дзяўчатам і жанчынам катэгарычна забаранялася садзіцца на мяхі з насеннем.
* Калі насенне аказалася дрэнным, лічылася, што жменя ўкрадзенага ўраджайнага зерня верне няўроднаму яго моц і дасць добры ўраджай.
* Існавала жорсткая забарона перасыпаць рэшткі насення з меха ў мех. Лічылася, што ў такім выпадку на хлеб будзе недарод: «Толькі з мяшка ў мяшок зерне перагоніш».
* Той, хто сеяў, таксама не перасыпаў зерне з рукі ў руку: нельга хлеб «ганяць» задарма.
* Таксама нельга было сеяць на адным полі старое і новае насенне. Добрага выніку ад гэтага не будзе. Існаваў звычай змовы з суседзямі па полі, і пасля такой дамовы сеялі насенне аднаго года.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/aksana-katovich-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop