Сёлета ўжо выдадзена чатыры прадпісанні аб забароне ўвозу і абарачэння на рынку рэспублікі люмінесцэнтных і святлодыёдных свяцільнікаў кітайскай і расійскай вытворчасці па прычыне іх неадпаведнасці патрабаванням электрамагнітнай сумяшчальнасці, устаноўленых у тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза «Электрамагнітная сумяшчальнасць тэхнічных сродкаў».
Так, па выніках выпрабаванняў асобных мадэляў свяцільнікаў гандлёвых марак «Нордкліфф», EKF, «Ксенан» устаноўлена, што электрамагнітныя перашкоды ад іх перавышалі дапушчальную норму больш як на 20%. У прэс-службе Дзяржстандарта адзначаюць, што выкарыстанне такіх прыбораў можа адмоўна адбіцца на функцыянаванні іншага абсталявання, падключанага да сеткі, пагоршыць якасць работы прыёмных і перадавальных прылад, кантрольна-вымяральнай апаратуры, прывесці да збою іх паказанняў, што стварае рызыкі для жыцця і здароўя спажыўцоў.
«У свяцільніках гандлёвых марак EKF, «Ксенан» не забяспечваўся неабходны ўзровень абароны ад уздзеяння электрычнага току. Для ўнутранага мантажу гэтых мадэляў свяцільнікаў выкарыстоўваліся занадта тонкія правады. Матэрыял корпуса (патрона) быў у 2,5 раза менш устойлівы да нагрэву, чым гэта дапускаецца патрабаваннямі. Прымяненне такіх камплектуючых вырабаў і матэрыялаў небяспечнае ўзнікненнем пажаранебяспечных сітуацый пры перагрузках у сетцы, аварыйных рэжымах і адмовах», — падкрэслілі ў прэс-службе Дзяржстандарта.
Устаноўлена таксама, што свяцільнікі «Ксенан» не адпавядаюць патрабаванням бяспекі па стойкасці да ўзгарання і па абароне ад паражэння электрычным токам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shocik
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/svyacilniki
[4] https://zviazda.by/be/tags/elektramagnitnaya-sumyashchalnasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/zabarona
[6] https://zviazda.by/be/tags/prodazh