У нашай краіне распачаўся праект «Развіццё інклюзіўнага мясцовага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь». «Ён грандыёзны па маштабе і часе рэалізацыі», — так ахарактарызаваў яго Кірыл РУДЫ, памочнік Прэзідэнта, начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта і нацыянальны каардынатар праекта. Па яго словах, гэта праца праводзіцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы дзеля павышэння якасці дзяржаўнай службы, яе ўдасканалення і аптымізацыі.
— У цэлым трэба адзначыць, што дзяржаўная служба — рухаючая сіла ў развіцці краіны, — падкрэсліў Кірыл Руды. — Менавіта законы і іх правапрымяненне, дзяржаўныя інстытуты ствараюць умовы для ўстойлівага росту дабрабыту людзей. У выніку, першачарговымі для развіцця грамадства і эканомікі становяцца менавіта сістэма дзяржаўнага кіравання, падрыхтоўка кадраў і самі кадры.
Па словах памочніка Прэзідэнта, галоўнае, на што будзе накіравана праграма, — гэта развіццё чалавечага патэнцыялу дзяржаўных кіраўнікоў. Праект будзе складацца з трох блокаў. Першы тычыцца падрыхтоўкі кадраў — дзяржаўных кіраўнікоў, другі — разумовай, рацыянальнай дэцэнтралізацыі дзяржкіравання і інклюзіўнага развіцця мясцовых органаў улады, трэці адвялі пад індывідуальныя праекты, якія могуць з'явіцца ў сувязі з новымі, не прадугледжанымі праектам выклікамі.
Да дзеянняў па павышэнні эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання падштурхнуў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №78 ад 23 лютага 2016 года, паведаміў Аляксандр ЗАБАРОЎСКІ, першы намеснік міністра эканомікі Беларусі. «Наша прамая задача — удасканаленне падбору і расстаноўкі кадраў, навучанне перспектыўных кіраўнікоў, у тым ліку з кадравага рэзерву, сучасным практыкам кіравання», — падкрэсліў першы намеснік міністра. Прытым гэта тычыцца не толькі цэнтральных органаў улады, але і рэгіёнаў, дадаў ён.
Плануецца, што ў рамках праекта навучанне будзе адбывацца як на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, так і за мяжой. Сістэма, па якой стануць навучацца кадры, будзе заснавана на модульным падыходзе. «Мы вылучым некалькі груп, напрыклад, з рэгіёнаў, з цэнтра, з міністэрстваў эканамічнага, прамысловага блока, каб для кожнай з іх падабраць праграму, якая дазволіць за досыць кароткі час павысіць патэнцыял кіраўнікоў», — кажа Аляксандр Забароўскі.
На яго думку, адзін з галоўных выклікаў для дзяржкіраўнікоў сёння — гэта свет, які неймаверна хутка мяняецца. Гэта тычыцца і тэхналогій, і абстаноўкі на міжнародных рынках. Таму рашэнні трэба прымаць хутка, а для гэтага ў кіраўніка мусіць быць грунтоўная тэарэтычная база. «Праект па развіцці інклюзіўнага мясцовага кіравання будзе адной з частак той вялікай працы, якая вядзецца ў нас у краіне па павышэнні патэнцыялу сістэм кіравання і працы з кадрамі», — падсумаваў першы намеснік міністра.
Праект разлічаны на тры гады і плануецца, што на яго рэалізацыю выдаткуецца 2,9 мільёна долараў Дацкім агенцтвам па міжнародным развіцці DАNІDА. Асноўнымі партнёрамі праекта з'яўляюцца Праграма развіцця ААН, Адміністрацыя Прэзідэнта і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:pustavit@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/kiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/administracyya-prezidenta