Сумеснае спецыяльнае вучэнне «Пошук-2016» з сіламі і сродкамі разведкі ўзброеных сіл дзяржаў — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы завяршылася ўчора ў Таджыкістане. У такім фармаце вучэнне праходзіла ўпершыню. Яго актыўнымі ўдзельнікамі сталі і ваеннаслужачыя беларускай арміі, якія прадставілі органы радыёэлектроннай, вайсковай і спецыяльнай разведкі.
Разам з вайскоўцамі з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана нашы армейцы правялі разведку ў гарах, адпрацавалі сумесныя дзеянні па захопе і знішчэнні аб'ектаў умоўнага праціўніка. Усяго ў маштабных манеўрах было задзейнічана каля паўтары тысячы ваеннаслужачых, акрамя таго, падраздзяленні армейскай, аператыўна-тактычнай і ваенна-транспартнай авіяцыі.
— Гэта першыя такія вучэнні ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, — падкрэсліў генеральны сакратар АДКБ Мікалай БАРДЗЮЖА. — Яны праводзяцца па рашэнні Савета міністраў абароны. Звязана гэта з неабходнасцю адпрацоўкі сістэмы разведкі, выяўлення, пошуку шматлікіх дыверсійных, тэрарыстычных груп, якія могуць трапіць на тэрыторыю нашых дзяржаў, і іх знішчэнне. Галоўныя задачы вучэння — адпрацоўка пытанняў кіравання сродкамі разведкі розных дзяржаў — членаў АДКБ, а таксама атрыманне спецпадраздзяленнямі ваеннай разведкі навыку для сумесных дзеянняў.
Як адзначыў міністр абароны Таджыкістана Шэралі МІРЗО, сітуацыя ў Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне застаецца няпростай і будзе мець тэндэнцыю да абвастрэння. «Праява міжнароднага тэрарызму, які ўжо выходзіць за межы раз'яднаных груп і пераўтвараецца ў магутную ваенізаваную сілу, эскалацыя шматлікіх канфліктаў у непасрэднай блізкасці ад нашых межаў — гэта тыя рэаліі, з якімі мы сёння сутыкаемся і абавязаны змагацца, — заявіў генерал-лейтэнант. — Арганізаваць эфектыўную барацьбу і супрацьстаяць гэтым пагрозам можна толькі агульнымі скаардынаванымі намаганнямі».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto: kanyuta@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vayskoucy
[5] https://zviazda.by/be/tags/vuchenni
[6] https://zviazda.by/be/tags/tadzhykistan