Неверагодна, але факт: некаторыя грамадзяне iмкнуцца з рызыкай для сябе незаконна ўзвесцi не толькi дробную, але i даволi буйную пабудову, нават катэдж. Прычым, не ў нейкiм бязлюдным месцы, а ў буйным горадзе. Такiя выпадкi выяўлены сёлета ў Гродне. I вось чым гэта скончылася.
Добра гэта цi не, аднак рэалii такiя, што ўпор у жыллёвым пытаннi ў горадзе над Нёманам, як i ў iншых гарадах, робiцца на шматпавярхоўкi. Разам з тым, у Гродне не ставяць «кропку» i на iндывiдуальных домаўладаннях. I вулiца Нiкалаева — адна з тых, якая згодна з праектам карэкцiроўкi генеральнага плана абласнога цэнтра, аднесена да зоны ахоўваемай iндывiдуальнай забудовы. Што дазволiла многiм тутэйшым жыхарам у законным парадку, па зацверджаных раённай адмiнiстрацыяй праектах, рэканструяваць свае дамы паводле сучасных стылявых рашэнняў. I гаспадарам добра, i вулiца папрыгажэла. Аднак не абышлося i без самавольства.
«Лыжкай дзёгцю» стаў невялiкi стары дом на скрыжаваннi з вулiцай Шасейнай. Прычым, спачатку i тут ўсё рабiлася на законных падставах. Паколькi жыллё знаходзiлася практычна ў непрыгодным для пражывання стане, два яго ўласнiкi звярнулiся ў адмiнiстрацыю Кастрычнiцкага раёна i атрымалi дазвол на распрацоўку праектнай дакументацыi для рэканструкцыi дома. Пасля чаго прадалi яго. I тут...
Новыя гаспадары не пажадалi кiравацца зацверджаным праектам, а сталi дзейнiчаць па-свойму. Яны знеслi стары дамок i ўзялiся за ўзвядзенне капiтальнага двухпавярховага будынка з падвальным памяшканнем, iгнаруючы параметры, якiя былi ўзгоднены праектам рэканструкцыi. Не палiчылi неабходным звярнуцца па дазвол на такiя «навацыi». За што iх пасля праверкi аштрафавалi, абавязаўшы атрымаць дазвол на будаўнiцтва з адпаведнымi ўзгадненнямi альбо знесцi самавольную пабудову. Аднак гэты «званок» пачуты не быў. Пэўна, забудоўшчыкi не паверылi, што пабудаванага можна пазбавiцца. Але аказалася, што незаконная пабудова нават пасля ўплаты штрафу ўзаконена не будзе. Раённая адмiнiстрацыя вызначыла тэрмiн яе зносу, папярэдзiўшы ўласнiкаў, што калi яны не зробяць гэта самi, то за iх кошт адпаведную работу выканае камунальная служба.
Спробы аспрэчыць рашэнне ўладаў у судзе аказалiся для самавольных забудоўшчыкаў беспаспяховымi. Раённы, а затым абласны i Вярхоўны суды пакiнулi гэтае рашэнне ў сiле. Давялося разбiраць каробку будынка.
У такой жа сiтуацыi апынулася i жыхарка абласнога цэнтра, якая самавольна пабудавала на сваiм участку па вулiцы Горкага двухпавярховы катэдж з цокальным паверхам i мансардай. Гэта здарылася пасля таго, як у адмiнiстрацыi Ленiнскага раёна ёй адмовiлi ў новым будаўнiцтве, паколькi ўчастак знаходзiцца ў зоне перспектыўнага зносу i па законе тут забаронена будаваць новыя аб'екты нерухомасцi. Тым не менш гаспадыня адважылася на самавольнае будаўнiцтва. Разлiк, верагодна, быў на тое, што справа абмяжуецца штрафам, а пабудову з часам узаконяць. Але «нумар» не прайшоў. Суды некалькiх iнстанцый, уключаючы Вярхоўны суд, пацвердзiлi законнасць рашэння аб зносе нелегальнага будынка — за кошт забудоўшчыка.
Наталля КРЫВIЦКАЯ, начальнiк упраўлення кантролю бюджэтна-фiнансавай сферы i дзяржаўных органаў Камiтэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласцi:
— Пры праверцы Шчучынскага райвыканкама ўстаноўлена, што на зямельным участку ў аграгарадку Орля, якi выдзелены аднаму з грамадзян у пажыццёвае спадчыннае валоданне, i на прылеглым участку ён зрабiў сажалку. Пры гэтым 0,0364 га зямлi былi заняты незаконна. Па даручэннi Камiтэта дзяржкантролю парушальнiка ў ходзе праверкi прыцягнулi да адмiнiстрацыйнай адказнасцi, а самавольна заняты ўчастак вернуты пасля засыпкi часткi сажалкi i рэкультывацыi зямлi.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:prakopchik@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pabudova
[5] https://zviazda.by/be/tags/dom
[6] https://zviazda.by/be/tags/parushalnik
[7] https://zviazda.by/be/tags/shtraf