Дзяржстандарт сістэматычна забараняе ўвоз і абарачэнне на тэрыторыі краіны парфумерна-касметычнай прадукцыі з неабгрунтавана заяўленымі медыцынскімі ўласцівасцямі. Адначасова прымаюцца рашэнні аб спыненні дзеяння дэкларацый аб яе адпаведнасці патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы парфумерна-касметычнай прадукцыі» (ТР МС 009/2011), прынятых і зарэгістраваных неправамерна.
Як паведамілі ў прэс-службе Дзяржстандарта, толькі ў сакавіку гэтага года пад такія жорсткія забаронныя меры трапіла больш за 30 найменняў геляў, бальзамаў, крэмаў расійскіх кампаній «ТВІНС Тэк», «КаралевФарм», «РэалКасметыкс, «Хелсі-Гель», «Лабараторыя Эмансі», «Малаві», «Мірола», украінскіх «НВА «ФітаБіяТэхналогіі» і «Голдэн-фарм», а таксама польскай Dr Rеttеr ЕС.
«Сваю прадукцыю яны рэкамендавалі спажыўцам ужываць як папераджальныя або дапаможныя сродкі пры лячэнні розных захворванняў — астэахандрозу, радыкуліту, артрозу, артрыту, падагры, пашкоджання суставаў, варыкознага расшырэння вен, тромбафлебіту, апёкаў, удараў і інш. Гель-бальзамы для суставаў з пчаліным ядам і з хандраіцінам серыі «911 Ваша служба выратавання», масажныя бальзамы Валянціна Дзікуля, гелі «Адов корень» з экстрактам індыйскай цыбулі, гель-бальзамы для рук і ног «Грибкосепт» ды іншыя найменні аналагічнай прадукцыі рэалізоўваліся ў гандлёвых арганізацыях і аптэках краіны», — патлумачылі ў прэс-службе камітэта.
Спецыялісты Брэсцкай абласной інспекцыі Дзяржстандарта, каментуючы выяўленыя парушэнні, адзначаюць, што згодна з патрабаваннямі дзеючага тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза да парфумерна-касметычнай прадукцыі не адносіцца прадукцыя медыцынскага прызначэння, якая прызначана для дыягностыкі і лячэння хвароб. Падобныя надпісы медыцынскага прызначэння на парфумерна-касметычнай прадукцыі ўводзяць у зман спажыўцоў.
Падобныя парушэнні таксама былі выяўленыя Віцебскай і Магілёўскай абласнымі інспекцыямі Дзяржстандарта.
«Так, на працягу гэтага года мэтанакіравана сачылі за парфумерна-касметычнай прадукцыяй з неабгрунтавана заяўленымі медыцынскімі ўласцівасцямі, выдаваліся забароны на яе ўвоз і рэалізацыю імпарцёрам. Сярод іх — «Ірына-Фарм», «Капсіфарм», «Яса», «БадФарм», «Медыкалфорт», «Уніфарм», — падкрэслілі ў аддзеле дзяржаўнага нагляду і кантролю Дзяржстандарта. Спецыялісты таксама дадалі, што спажывец павінен мець аб'ектыўную інфармацыю пра тавар, калі ён ужываецца пры лячэнні — значыць, гэта лекавы сродак і допуск яго на рынак павінен ажыццяўляцца ва ўстаноўленым Міністэрствам аховы здароўя парадку.
Як патлумачылі ў Дзяржстандарце, прызначэнне парфумерна-касметычных тавараў — ачышчэнне, змяненне знешняга выгляду, наданне прыемнага паху, догляд, абарона ці захаванне ў добрым стане скуры, валасоў, пазногцяў, зубоў, ротавай поласці. Пры гэтым спажывецкія ўласцівасці дадзенай прадукцыі (антымікробнае дзеянне, ад маршчын, супрацьзапаленчае дзеянне, SРF-фактар і іншыя), заяўленыя ў яе маркіроўцы, павінны мець пацвярджальныя дакументы.
Выяўленыя парушэнні носяць сістэмны характар, у сувязі з чым Дзяржстандарт праінфармаваў Міністэрства аховы здароўя для прыняцця мер рэагавання па выключэнні з абароту ў аптэчнай сетцы краіны неадпаведнай прадукцыі і якая ўводзіць у зман спажыўцоў адносна яе прызначэння.
Таццяна Каралькова, вядучы інжынер Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі кажа, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту, усё, што напісана на этыкетцы, — усе спажывецкія ўласцівасці павінны быць пацверджаны. Цяпер з'явілася шмат касметыкі, у маркіроўцы якой пазначана, што яна лечыць атыты, псарыяз, загойвае раны. Аднак гэта падман пакупніка, бо такога паняцця як «лячэбная касметыка» не існуе.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shocik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kasmetyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhstandart