Вярба ўваходзіць у нашу свядомасць з маленства. Упрыгожаныя вербныя галінкі ў перадвелікодныя дні прыносяць у грамаду адчуванне святочнасці і разуменне, яшчэ цалкам не асэнсаванае, святасці гэтага дрэва. Вярба адна з першых вітае прыход вясны, мужна вытрымлівае ўсялякую непагадзь, расце там, дзе дастаткова вады ў глебе. А вада паводле павер'яў — сімвал жыцця, а крыніца — сімвал любові, кахання, і яны даюць выток жыццю. Таму ў фальклорных творах вобраз вярбы суадносіцца з лёсам жанчыны.
У народнай песні «А ў полі вярба нахілёная» апісанне вярбы дакладна пазначае далейшую жыццёвую пуцявіну дзяўчыны. Яна мусіць цярпліва, але з годнасцю несці нялёгкі сямейны крыж — быць закаханай і руплівай жонкай, клапатлівай маці, дбайнай гаспадыняй. Драматычна-напружанымі інтанацыямі «Песняры» перадаюць асноўныя быццёвыя моманты ў пачуццёвых стасунках моладзі, вылучаюць у іх маральны аспект.
З музычнай скарбніцы «Песняры» выбіралі творы, прыдатныя для духоўнага станаўлення моладзі. Па-народнаму мудрыя, меладычна-праніклівыя, лірычна-вобразныя ці жартоўна-павучальныя песні ўваходзілі ў рэпертуар. Кожная з іх, падрыхтаваная ансамблем, выглядае высокамастацкай вакальна-інструментальнай кампазіцыяй.
Артысты мужна, з гордай вераю выносілі беларускамоўныя творы на сцэнічныя падмосткі. У іх выкананні беларуская песня ўзнеслася на прэстыжную вышыню на ўсесаюзнай эстрадзе і трывала замацавалася на ёй. Гэтак узнёсла і па-мастацку магутна яна гучала і ў замежжы.
Самаадданай, карпатлівай працай «Песняры» здзейснілі грамадзянска-патрыятычны подзвіг. Узнятая імі на ўсесаюзны п'едэстал, беларуская песня сведчыла пра адметнае і плённае развіццё беларускай культуры, яе глыбокія, духоўнастваральныя карані і жыццядайны, творчы патэнцыял. Шырокае гучанне беларускай песні ў філарманічных залах, у рэспубліканскіх і ўсесаюзных радыё- і тэлепраграмах абуджала нацыянальную самасвядомасць беларусаў. Асабліва моцнае ўздзеянне рабілі песняроўскія выступленні на моладзь, на фарміраванне пачуцця нацыянальнай годнасці, вартага слаўнай гісторыі і багатай шматаблічнай культуры беларускага народа. А беларускія песні, поўныя вобразнасці і сімволікі, у спеве «Песняроў» атрымлівалі арыгінальнае ўзнаўленне і адчувалі сябе вольнымі ў новых сацыяльных і навукова-тэхнічных умовах. І адна з іх — перлінка «А ў полі вярба нахілёная» — ярка заззяла ў прамяністым вянку нацыянальнай вакальнай музыкі.
Народная песня
А ў полі вярба
Нахілёная,
Маладая дзяўчыненька*
Заручоная.
Заручоная
І запітая,
Тады яе запівалі,
Як сад зацвітаў.
Як сад зацвітаў,
Як зара ўзышла,
Маладая дзяўчыненька
Па ваду ішла.
Кася ад вады,
Яся да вады:
— Пастой, пастой,
мая Кася,Дай каню вады.
— Як буду твая,
Напаю каня,
З зімненькай крынічанькі,
З поўнага вядра.
* Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mihas-shavyrkin
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/pesnya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyarba