У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка, на якой прадстаўлены лялькі і дэкарацыі, тэатральныя афішы, фота... Сюрпрызам падчас прэзентацыі экспазіцыі стала паведамленне ў адным з віншаванняў. Намеснік дырэктара музея Валерый Шышанаў працытаваў словы з газеты «Витебский пролетарий», якую распаўсюдзілі 15 сакавіка 1936 года. Арыгінал знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. У ёй надрукавана, што створана першая беларуская студыя лялечнага тэатра...
У адказ Віктар Клімчук, мастацкі кіраўнік «Лялькі», заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, пажартаваў: «Прыйшлі на выстаўку маладымі, 30-гадовымі, а пойдзем 80-гадовымі!».
Ён дадаў, што лялечнаму мастацтву на Віцебшчыне і сучаснай Беларусі ў цэлым шмат вякоў. Яно вядома яшчэ з часоў пастановак батлейкі...
А «Лялька» «нарадзілася» ў 1986 годзе ў віцебскім Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Першая пастаноўка — «Дзед і Жораў» па п'есе Віталя Вольскага — спадабалася мастацкай радзе тэатра. І ў хуткім часе спектакль атрымаў перамогу на тэатральным конкурсе ў Гродне... Сёння ў рэпертуары «Лялькі» больш за 35 спектакляў для дзяцей і аж 10 — для дарослых.
Найлепшы паказчык запатрабаванасці пастановак — колькасць прададзеных квіткоў. Яны ў апошні час актыўна раскупляюцца і праз інтэрнэт.
Дарэчы, некалькі гадоў таму мясцовыя ўлады планавалі вылучыць тэатру новы будынак. Быў распрацаваны праект. Але пакуль рэалізацыя задумы — справа дня заўтрашняга. «Лялька» даўно мае неабходнасць у вялікай глядзельнай зале. Ды і артыстам, лялькам, тэхнічнаму персаналу цесна ў параўнальна маленькім будынку дарэвалюцыйнага часу.
У тэатры з нагоды юбілею адбыўся капуснік «Нам 30 гадоў». Артысты прыгадалі мінулае, падарылі публіцы феерыю песень, танцаў, жартаў і нават фокусаў. Адным з ганаровых гасцей стаў нядаўна выбраны на пасаду старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
З юбілеем «Ляльку» павіншаваў папулярны ўжо далёка за межамі краіны беларускі кабарэ-бэнд «Сярэбранае вяселле».
«Лялька» шмат выступае па-за межамі Беларусі. Нядаўна артысты бралі ўдзел у
ІІ Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Тамбове. Паказалі японскую казку пра каханне і разуменне самага важнага ў жыцці — спектакль «Чароўная зброя Кэндзо».
Падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» тэатр стане сталіцай Лялечнага квартала. У гэтым параўнальна новым праекце возьмуць удзел калектывы з розных краін. Цуд мастацтва для гледачоў усіх узростаў можна будзе ўбачыць і на вуліцы. Усе планы арганізатары пакуль не раскрываюць.
Прыемна, што менавіта гэты цудоўны тэатр — даўні сябар «Звязды». У прыватнасці, прызы рэдакцыі атрымлівалі юныя пераможцы конкурсу самаробных анёлаў.
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] mailto:pukshanskі@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury
[6] https://zviazda.by/be/tags/teatr-lyalek
[7] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[8] https://zviazda.by/be/tags/yubiley