Бяжыць з вуліцы і крычыць:
— Мама, хутчэй паглядзі! Ля нашага дома стаіць машына з разяўленым ротам.
Ідзём глядзець. Шафёр падняў капот у машыне — сапраўды падобна на разяўлены рот.
Лашчыцца, гладзіць мяне па твары і кажа:
— І чаго ў цябе, бабулька, так пад вачамі памята?
Сыну было гадоў, можа, пяць, а суседскі хлопчык яшчэ меншы. У майго дзень нараджэння. Вовачка, прынёс Віцю ў падарунак машынку. А назаўтра, пасля таго, як пагулялі, Вова, як нічога ніякага, забраў машынку (учарашні падарунак) і адыходзіць дамоў.
— Нашто маю машыну забіраеш? — кажа Віця.
— Гэта ж мая машына.
— Як твая? Ты ж мне яе ўчора падарыў.
— Ну і што! Мая машына!
— Віцька, хай ён бярэ, ён жа меншы, — кажу я.
Віцька незадаволена змаўкае, а Вова радасны пабег з машынкай дамоў. Праз хвілін пяць ідзе Вовачка з маці, аддае Віцю машынку:
— На, бяры, я ж табе падарыў. А мне мама купіць нават лепшую.
Прыйдзем у краму і звычайна просіць нешта купіць. Я заўсёды адказваю: «Няма грошай».
— Як няма, то ідзі і атрымай заробак. Чаго ж ты чакаеш?
Назбірала я чарніц і высушыла, сын есць, і смачна яму. Я яму дала трошкі і тлумачу, што астатнія схаваем, бо калі забаліць жывот, то можна паесці, і ён перастане. Пагуляў сын на вуліцы, прыходзіць у хату і кажа: «Нешта мне жывот забалеў».
Я і пытаюся, дзе баліць, як, а ён мне:
— Мусіць, трэба мне чарніцы есці сушаныя.
Вару я грыбны суп, пакрышыла грыбочкі ў талерку, а потым у каструлю з варам укінула. Падбягае сын.
— Мама, а ты мой грыбок укінула?
— Які твой грыбок?
— А я з пластыліну зляпіў і пакрышыў сюды ў талерку.
Прыйшлося суп выліваць...
Яўгенія КУЛЕВІЧ,
в. Сялец, Смаргонскі р-н
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/maminy-dzyonniki