Падчас пасяджэння ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў распачалася сапраўдная дыскусія з дакладчыкамі па законапраектах, што тычыліся гарантый па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, а таксама барацьбы з распаўсюджаннем наркотыкаў. Парламентарыі нават прапанавалі стварыць у краіне «прафілактычныя школы», якія вучылі б бацькоў, як даведацца, што іх дзіця ўжывае псіхатропныя рэчывы.
— Сёння наша краіна можа ганарыцца сістэмай па абароне правоў дзяцей, у тым ліку дзяцей-сірот, і тых, што засталіся без нагляду бацькоў, — заявіла падчас размовы з журналістамі Тамара КРАСОЎСКАЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.
Законапраект «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, што засталіся без нагляду бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без нагляду бацькоў» у асноўным закранае пытанні, якія тычацца ўрэгулявання праваадносін у жыллёвай сферы.
— Зменены тэрміны прадастаўлення жылля сацыяльнага карыстання для гэтай катэгорыі асоб: да 5 гадоў з моманту паўналецця, уступлення ў шлюб або да аднаго года з дня заканчэння вышэйшай навучальнай установы, — паведаміла дэпутат. — Па цяперашнім заканадаўстве адпаведны тэрмін складае 6 месяцаў з дня заканчэння навучальных устаноў або заканчэння тэрміну ваеннай службы.
Праект закона дапоўнены нормай пра тое, што названая катэгорыя асоб мае права на атрыманне жыллёвага памяшкання ў інтэрнатах да атрымання жылля сацыяльнага карыстання.
— Гэта будзе іх права, — звярнула ўвагу дэпутат. — Абавязак мясцовых выканаўчых органаў — прадастаўляць такое жыллё.
Тамара Красоўская паведаміла, што праведзена карэкціроўка нормы, дзе і калі сіроты і асобы, што засталіся без нагляду бацькоў, маюць права стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Так, яны могуць зрабіць гэта па месцы атрымання першай працы або ў населеным пункце, дзе яны атрымалі статус сіраты. Гэтая ж катэгорыя грамадзян атрымлівае права на льготны крэдыт па паляпшэнні жыллёвых умоў. Дагэтуль у іх такога права не было.
— Гэта звязана з тым, што праз пяць гадоў сацыяльнае жыллё, прадастаўленае сіротам, пераходзіць у статус арэнднага, — патлумачыла Тамара Красоўская. — Права на льготны крэдыт будзе стымуляваць дзяцей вырашыць сваё жыллёвае пытанне, самім паклапаціцца пра ўласнаё жыццё.
Закон уносіць і адно істотнае дапаўненне.
— Згодна з дзейным заканадаўствам, статус сіраты спыняецца па дасягненні маладымі людзьмі 23-гадовага ўзросту, — нагадала парламентарый. — Законапраект прадаўжае гэты час. Калі маладыя людзі пасля 23 гадоў працягваюць навучацца на дзённай форме, то маюць права карыстацца тымі ж дабротамі, якімі карыстаюцца асобы, што маюць статус сіраты.
Апошні, па словах дэпутата, дае маладым людзям магчымасць атрымліваць розныя віды дапамогі.
Праект закона быў прыняты ў першым чытанні.
У першым чытанні дэпутаты прынялі папраўкі, якія ўстанаўліваюць адміністрацыйную адказнасць за з'яўленне ў стане наркатычнага ап'янення ў грамадскім месцы. Раней гэта парушэнне грамадскага парадку кваліфікавалася як з'яўленне ў нецвярозым стане і каралася адпаведна. Пасля ўступлення ў сілу законапраекта за ўжыванне наркатычных, псіхатропных рэчываў у немедыцынскіх мэтах будзе ўведзена асобная адказнасць.
Васіль АЛЯКСЕЕНКА, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, паведаміў, што за з'яўленне грамадзяніна ў стане наркатычнага ап'янення ў грамадскім месцы прадугледжаны штраф ад 5 да 10 базавых велічынь; на працы і ў працоўны час — ад 8 да 12 базавых. За спажыванне наркатычных сродкаў у грамадскім месцы прадугледжана адказнасць у памеры ад 10 да 15 базавых велічынь.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які прысутнічаў на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, паведаміў журналістам: у найбліжэйшай будучыні цалкам магчыма завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да нашых грамадзян, якія прымалі ўдзел ва ўзброеных канфліктах за мяжой.
Па словах міністра, нядаўна прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць прыцягваць да адказнасці за ўдзел ва ўзброеных канфліктах за мяжой, а не толькі за найміцтва, павысяць у будучыні ўзровень бяспекі для жыхароў Беларусі. На яго думку, удзельнікі баявых дзеянняў за мяжой нясуць патэнцыяльную пагрозу для грамадзян.
— Я вывучыў іх біяграфіі, — паведаміў ён. — Многія з іх — вельмі экзальтаваныя асобы, якія маглі б у будучыні нарабіць нам бяды.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto: yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/deputaty
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0