Мір, май, Мінск...
Святыя словы для Міхаіла Ясеня. Яны называюць асноўныя аспекты жыцця паэта, яго творчай дзейнасці. У Мінску ён нарадзіўся, працаваў інжынерам-канструктарам. Тут у яго душы выспявалі паэтычныя радкі, прысвечаныя роднай зямлі, яе мужнаму народу. Асабліва шчымлівыя пачуцці апаноўвалі паэта ў майскія дні, калі надзвычай востра згадваліся непаўторныя эпізоды з Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам, воінам-пераможцам якой быў і ён.
Да вершаў Міхаіла Ясеня звяртаюцца многія кампазітары. А песні Памяць сэрца, Майскі вальс, Ліст з 45-га, створаныя сумесна з Ігарам Лучанком, адразу загучалі і за межамі савецкай краіны.
Узнікненню новай песні На вуліцах Мінска паспрыяў спявак Сяргей Харэвіч (і запісаў яе на дыск). Ён быў блізка знаёмы з паэтам-франтавіком, дваццаць гадоў таму рыхтаваў матэрыялы пра яго да друку. У той час ён працаваў і над вакальнымі творамі Мікалая Сацуры, музычнага кіраўніка ансамбля Сябры. Спявак пяшчотна перадае мройны стан закаханых, бласлаўляе іх і заклікае быць пачуццёва суладнымі з салаўямі — вольнымі птушкамі, якія мілагучным спевам напаўняюць прастору духоўным хараством.
Верш Міхаіла Ясеня Музыка Мікалая Сацуры
Ноч знікае, а Мінск сніць салодкія сны,
І бясконца гучаць салаўіныя трэлі.
У чаромсе яшчэ толькі птушкі адны
Песню шчасця жыцця даспяваць не паспелі.
Прыпеў:
Вы спявайце для нас, салаўі —
Птушкі волі, цудоўныя птушкі,
Ліце песні свае з вышыні
У шырокія, чуйныя душы.
Вы спявайце для нас, салаўі,
Вашы спевы — далёка і блізка.
І пачуцці любоўнай пары
Нас яднаюць на вуліцах Мінска.
І так хочацца нам зорнай ночкай любіць,
І глядзець у любімыя вочы так блізка,
І адчуць, зразумець, што так радасна жыць,
І блукаць у абдымку па вуліцах Мінска.
Прыпеў.
І так хочацца слухаць нам гімны любві,
І так хочацца верыць у блізкае шчасце
Гэтай роднай, сваёй, беларускай зямлі,
У якой, як у песні, наш лёс і багацце.
Прыпеў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mihas-shavyrkin
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-yasen
[5] https://zviazda.by/be/tags/igar-luchanok