Праграмай развіцця мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь, зацверджанай урадам краіны, прадугледжана ўзвядзенне Петрыкаўскага горна-ўзбагачальнага камбіната, які ўвойдзе ў аб'ядненне «Беларуськалій». Учора на Петрыкаўскім радовішчы калійных соляў, што у Гомельскай вобласці, ва ўрачыстай абстаноўцы дадзены старт праходцы вертыкальных ствалоў будучага рудніка. Усяго іх будзе тры — скіпавы для пароды, клецявы для пад'ёма людзей і абсталявання і паветрападавальны. Глыбіня кожнага складзе прыкладна 850 метраў.
Унікальныя па сваёй тэхналогіі работы выконвае Cалігорскае ААТ «Трэст Шахтаспецбуд». Прадпрыемства — адзінае ў свеце, якое будуе вертыкальныя ствалы на грунтах са складанай гідрагеалогіяй. Работы пачаліся пасля працяглай па часе і працаёмістай штучнай замарозкі абводненых грунтаў вакол першага з будучых ствалоў — скіпавага — і выканання цэлага шэрагу іншых падрыхтоўчых мерапрыемстваў, у тым ліку водапаніжэння.
У свой час менавіта гэты калектыў узвёў такія ж складаныя інжынерныя збудаванні — вертыкальныя ствалы будучых шахт — на Чырвонаслабодскім і Бярозаўскім рудніках, а цяпер прымае самы актыўны ўдзел ва ўзвядзенні Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбіната ў Туркменістане. Там ён прыйшоў на выручку туркменскім сябрам пасля няўдалай спробы турэцкай кампаніі «раскупорыць» багатыя залежы калійных соляў пад Гарлыкам. Аб працоўных справах славутага калектыву нядаўна расказаў у сваім інтэрв'ю «Звяздзе» старшыня савета дырэктараў акцыянернага таварыства Валерый Старцаў (гл. нумар за 27 красавіка).
Крыху раней у гутарцы з айчыннымі журналістамі генеральны дырэктар трэста Дзяніс Дзіулін падкрэсліў: мы робім усё, каб з першых крокаў гэта была самая сучасная будоўля; пакажам лепшае, што ўмеем.
Наша газета будзе сачыць за ходам надзвычай важнай для эканомікі краіны новабудоўлі і трымаць сваіх чытачоў у курсе.
Уладзімір Хількевіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaliy
[3] https://zviazda.by/be/tags/pragrama-razviccya-mineralna-syravinnay-bazy-respubliki-belarus