Культурнай сталіцай Беларусі сёлета стала Маладзечна. І гэта не выпадкова, бо тут часта праходзяць цікавыя культурныя падзеі: выставы, канцэрты, фестывалі, літаратурныя гасцёўні. Адна з такіх сустрэч адбылася ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К. Агінскага. Сюды завіталі маладыя беларускія паэты, перакладчыкі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Аксана Ярашонак і Рагнед Малахоўскі. Госці расказвалі пра сябе, адказвалі на пытанні і, безумоўна, дзяліліся сваёй творчасцю. Трэба сказаць, што маладыя людзі пішуць выключна на беларускай мове...
«Нам складаць радкі і ноты...»
«Сустрэча з родным горадам — заўсёды свята», — канстатуе мая зямлячка Аксана Ярашонак. Любоў да Маладзечна яна выказала ў вершах, якія з задавальненнем прачытала. Цяпер паэтка жыве ў вёсцы Ілья Вілейскага раёна, працуе ў школе. Непаўторныя вясковыя пейзажы пастаянна натхняюць яе на напісанне вершаў аб прыродзе.
Многае пра жыццё Аксаны я даведалася з яе твораў. У паэткі было вясёлае і бестурботнае дзяцінства. Цяпер яна сумуе па тых часах, калі стасункі паміж людзьмі былі больш жывыя, навіны атрымлівалі з газет, а не з інтэрнэту. «Папяровых пасланняў часам усё ж не хапае», — з сумам адзначае паэтка ў адным з вершаў.
Самым яркім часам у сваім жыцці яна лічыць студэнцкія гады: «Кожны раз, калі я праходжу каля педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, сэрца заходзіцца ад эмоцый». Гэтыя пачуцці таксама знайшлі адлюстраванне ў творчасці.
Цяпер у паэткі дзве дачкі, і кожнай яна прысвяціла верш.
Дзякуючы дзяўчынкам Аксана навучылася па-іншаму глядзець на свет. І цяпер замест аблокаў яна бачыць «цукровую вату», а сонейка параўноўвае з «гарачай карамеллю».
Першы і пакуль адзіны зборнік Аксаны Ярашонак называецца «Звычайнае шчасце». Яе творы хутка знайшлі водгук у маёй душы. Яны здаліся мне простымі, але ў той жа час вельмі зразумелымі і блізкімі. Я з задавальненнем буду надалей цікавіцца яе творчасцю.
«Дыяментавым россыпам слоў...»
Другім госцем сустрэчы быў Рагнед Малахоўскі. Гэта не псеўданім, а яго сапраўднае імя. Бацькі чакалі дачку, якую хацелі назваць у гонар полацкай князёўны. Нарадзіўся хлопчык, аднак тата і мама вырашылі не адмаўляцца ад сваёй мары.
Рагнед жыве ў Мінску, але часта бывае ў Маладзечне. Гэты горад навявае яму ўспаміны пра першае каханне. На жаль, яно было неўзаемнае, і, напэўна, таму пад яго ўплывам юнак стаў пісаць вершы.
Першае пачуццё і да гэтага часу натхняе паэта на лірыку.
Ён скончыў Нарачанскую сярэднюю школу, паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, але свой лёс вырашыў звязаць з паэзіяй. Працаваў рэдактарам у часопісах «Полымя», «Маладосць» і «Бярозка». Сёлета выдавецтва выпускае серыю кніг «Маладая паэзія Беларусі» пад яго рэдакцыяй.
— Калі сярод вас ёсць людзі, якія нешта пішуць, але баяцца паказаць, можаце смела звяртацца да мяне, — запрасіў Рагнед.
У самаго паэта ёсць ужо тры зборнікі вершаў. Першы ён назваў «Беражніца», каб яна аберагала яго творчасць. Другая кніга «У дзённай мітусні» прынесла яму Мінскую абласную прэмію ў галіне літаратуры ў намінацыі «Паэзія». У апошні зборнік, які называецца «Жыві», увайшлі самыя любімыя творы аўтара.
З нядаўняга часу Рагнед спрабуе пісаць для дзяцей. Напрыклад, не так даўно ў часопісе «Вясёлка» надрукаваны яго верш «Слон і айфон», які я раю прачытаць усім падлеткам. Вельмі павучальна!
Акрамя паэзіі, Рагнед захапляецца электроннай музыкай і фатаграфіяй. «Я здымаю ў асноўным пейзажы і дзяўчат», — жартуе ён.
Юныя таленты, якія вучацца ў Маладзечанскім музычным каледжы, падрыхтавалі для гасцей падарункі: яны напісалі і выканалі песні на іх вершы. Маладых паэтаў вельмі кранула такая ўвага.
Дар'я СВІРЫДА, вучаніца 11 класа гімназіі №10 г. Маладзечна
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/maladzechna
[4] https://zviazda.by/be/tags/aksana-yarashonak
[5] https://zviazda.by/be/tags/ragned-malahouski
[6] https://zviazda.by/be/tags/sayuz-pismennikau-belarusi
[7] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc
[8] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0