Слова «мем» стала ў інтэрнэт-прасторы сінонімам гумару вельмі нізкага ўзроўню і, адпаведна, не самага вялікага інтэлекту аматараў такіх жартаў. Мне ж хочацца выступіць у абарону праславутых «мемасікаў». І нават не таму, што я сам часам праводжу гадзіны, шукаючы на прасторах сеціва новыя смешныя малюнкі, а таму, што за апошнія гады яны сталі сапраўднай культурнай з'явай, на якую не звярнуць увагу немагчыма.
Спачатку варта, пэўна, у трох словах патлумачыць, пра што пойдзе размова. Мем у яго інтэрнэтаўскім разуменні — гэта карцінка (хоць часам бывае і відэа, і gіf-анімацыя), у якой пры дапамозе ўстойлівага сімвала высмейваецца нейкая з'ява ці персона. Скажам, ёсць знакаміты кадр з фільма «Мсціўцы», на якім акцёр Роберт Даўні-малодшы выразна закатвае вочы. Да выявы дадаецца тэкст, які пачынаецца са слоў «Мой твар, калі...», а далей усё залежыць ад фантазіі аўтара. «Мой твар, калі дзяўчына сцвярджае, што ёй на зборы трэба яшчэ пяць хвілін», «Мой твар, калі маці просіць прыбрацца ў пакоі», «Мой твар, калі выкладчык кажа: «На пераздачу». Варыянтаў можа быць тысячы, асабліва добра такія жарты ствараюцца на падставе нейкіх лакальных сітуацый: у кампаніях сяброў, ва ўніверсітэцкіх групах.
Дарэчы, мемамі становяцца не толькі сусветна знаёмыя асобы. На постсавецкай прасторы ў іх лік увайшлі, напрыклад, акцёр Сяргей Селін з анёльскай усмешкай (ён сыграў Дукаліса ў расійскім серыяле «Вуліцы разбітых ліхтароў»), сумны тэлевядучы Леанід Якубовіч, коснаязыкі мэр Кіева Віталь Клічко і многія іншыя. Ёсць і беларускія вобразы, напрыклад усмешка спевака Аляксандра Саладухі.
Чаму ж да мемаў склалася такое неадназначнае стаўленне? Лічыцца, што такія жарты прыдумляць прасцей за ўсё. Маўляў, бярэш гатовы вобраз і параўноўваеш яго з кім ці чым заўгодна — хутчэй за ўсё, атрымаецца смешна. Па-другое, кажуць, што «спажыванне» такога гумару развівае шаблоннае мысленне — чалавек перастае фантазіраваць сам і ўспрымае жарты толькі праз прызму ўжо існуючых сімвалаў.
Вядома, ёсць і супрацьлеглае, але не вельмі папулярнае меркаванне, што мемы развіваюць памяць (сапраўды, утрымліваць у галаве вялікую колькасць вобразаў, звычайна звязаных з мастацтвам і іншымі сферамі, не так проста), творчыя здольнасці і ўменне лаканічна выказвацца. Акрамя таго, успамінаюць і аб прамой функцыі сатыры — так інтэрнэт-супольнасць не без дапамогі мемаў за апошні час стварыла вельмі негатыўныя вобразы таннага алкаголю, спайсаў, фаст-фуду і іншага. На тэндэнцыю звярнулі ўвагу нават навукоўцы. Некаторыя высновы іх даследаванняў гучаць вельмі цікава. Скажам, як вам сцвярджэнне, што сумесны прагляд мемаў у інтэрнэце працягвае даўжыню стасункаў мужчын і жанчын?
Значнасць з'явы пацвярджае і той факт, што ўзніклі як рэсурсы, прысвечаныя выключна мемам, так і «гібрыдныя» сайты, і публічныя старонкі ў сацсетках. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца, напрыклад, паблікі, у якіх апошнія навіны абыгрываюцца пры дапамозе такіх вось карцінак. З'явілася і фактычна новая прафесія. Пікчар — чалавек, які займаецца стварэннем візуальнага гумарыстычнага і сатырычнага кантэнту, у тым ліку і мемаў. Дарэчы, адзін з самых папулярных на постсавецкай прасторы пікчараў Анатоль Чылік — з Мінска. Хлопец стварае карцінкі для супольнасцяў з сотнямі тысяч падпісчыкаў.
Нават у глабальным сэнсе гумар мемаў выдатна кладзецца ў канцэпцыю культуры постмадэрнізму, калі аўтар адсылае гледача да ўжо існуючых вобразаў і сюжэтаў.
Нядаўна са знаёмымі абмяркоўвалі сучасныя карыкатуры. Сышліся на думцы, што калі-нікалі сустракаюцца больш ці менш вясёлыя, але збольшага, здаецца, гэта мастацтва сваё аджыло. Час дыктуе новыя ўмовы, у тым ліку і ў плане гумару. Тое, што здавалася бясконца смешным паўстагоддзя таму, сёння можа выклікаць не больш, чым простую ўсмешку. Мяркую, што гэта не дрэнна і не добра, а заканамерна. Нязменным з часоў Старажытнага Рыма застаецца толькі тое, што смехам бічуюць норавы, а ці не ў гэтым яго галоўная функцыя?
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/mem
[6] https://zviazda.by/be/tags/internet-prastora
[7] https://zviazda.by/be/tags/gumar
[8] https://zviazda.by/be/tags/seciva
[9] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0