Згодна з умовамі нашага творчага спаборніцтва, прыём «проб пяра» ад ахвотных у ім паўдзельнічаць быў скончаны ў пачатку месяца. За час правядзення чарговага конкурсу сярод юных і маладых няштатных аўтараў мы атрымалі некалькі дзясяткаў работ, прычым, як заўсёды, добрая іх частка паступіла літаральна ў самы апошні момант. Каб іх усе прачытаць і падрыхтаваць да друку лепшыя, патрэбны час. Таму публікацыя работ працягваецца! Нагадваем, вынікі творчага спаборніцтва плануецца падвесці да пачатку ўступнай кампаніі (не называючы пакуль даты), каб старэйшыя яго ўдзельнікі — выпускнікі гэтага года, што будуць сёлета «штурмаваць» журфак, — у выпадку перамогі змаглі апроч публікацый у партфоліа і ганаровых грамат атрымаць яшчэ і рэкамендацыі для паступлення. Што тычыцца кароткага аналізу «проб пяра», якія паступілі ў рэдакцыю, дык сярод іх ёсць як напісаныя сапраўды па-журналісцку, так і, на жаль, такія, якія не адпавядаюць умовам конкурсу, найперш у плане творчага складніка. Хто ж будзе прызнаны лепшым? Інтрыга захоўваецца! Мы ж прапануем ахвотным у чаканні падвядзення вынікаў дасылаць нам свае творчыя работы ўжо па-за конкурсам.
Саша Захарык — адна з фіналістак беларускага адбору на «Еўрабачанне-2016». Да сваёй песні яна сама напісала музыку. Трэк называецца Glory Nіght («Ноч ззяння»). Спявачка нарадзілася ў Мінску. З шасці гадоў захапляецца музыкай. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. У 12 гадоў пачала прафесійна займацца вакалам. Сваю першую песню напісала ў 14 гадоў. У 2009 годзе брала ўдзел у фінале песеннага конкурсу «ЕўраФэст» у складзе групы «Вецер у галаве». А сёлета плануе выступіць на конкурсе «Новая хваля» ў Сочы ад нашай краіны.
— Аляксандра, як з'явілася рашэнне падаць заяўку на адбор «Еўрабачання»?
— Насамрэч я не планавала ісці на конкурс, але раніцай у апошні дзень падачы заяў мой малады чалавек сказаў, што ў мяне ёсць нядрэнная песня, абяцаў дапамагчы з фанаграмай (ён аранжыроўшчык, мультыінструменталіст). За дзве гадзіны ўсё было гатова, і за дзесяць хвілін да закрыцця пошты мы літаральна пабеглі адпраўляць работу. Праз пару дзён мне патэлефанавалі і сказалі, што я прайшла на адбор. Я была перадапошняя (усяго паступіла каля 100 заяў) і ўвечары таго ж дня даведалася, што прайшла ў дзясятку.
— У чым адметнасць тваёй выканальніцкай манеры?
— Мае слухачы і сябры гавораць, што мой стыль можна апісаць словамі «сонечная», «добрая», «пазітыўная» музыка. Пакуль што мне падабаецца развівацца ў гэтым кірунку, але не выключана, што праз пару гадоў будзе падабацца зусім іншы настрой падачы песень. Зусім нядаўна, напрыклад, я напісала кампазіцыю для беларускай кароткаметражкі «Называйте гэта, як хочаце», і яна вельмі адрозніваецца ад майго асноўнага рэпертуару, таму што сумная.
— Раскажы пра свой шлях творчага станаўлення як спявачкі.
— Безумоўна, была музычная школа. Сем гадоў па класе фартэпіяна. А праз тры гады, калі быў аб'яўлены адбор на дзіцячае «Еўрабачанне», напісала сваю першую песню. Лічу, што гэта быў вельмі важны этап у маім жыцці, таму што музычнае выхаванне для кожнага артыста — абавязковая рэч. І калі б мая маці ў свой час спынілася і апусціла рукі, то я магла б і не мець такога вопыту.
Таксама былі розныя эстрадныя студыі. У 11 гадоў пайшла ў музычны ансамбль «Рэвю» Наталлі Раманавай. З яго і пачаўся мой творчы шлях як вакалісткі. Затым Ліцэй БДУ. У прынцыпе я паступіла туды з-за таго, што там вялікая сцэна, добры гук і магчымасці для самавыяўлення. Але тады я не ведала, што звяжу сваё жыццё з музыкай, меркавала пайсці або на журфак, або на філфак. А за месяц да паступлення мама мне сказала, каб я лепш пайшла ў артысткі. Ну, я і паступіла ва ўніверсітэт культуры. Потым былі новыя знаёмствы, канцэрты... Я бясконца шчаслівая і магу дзякаваць Богу за магчымасць займацца тым, што люблю.
Зараз спяваю ў кавер-бэндзе «Яблычны чай» (AppleTea), мы запісваем уласныя песні і праводзім карпаратыўныя праграмы. Выконваю пераважна джазавыя песні, таму мяне называюць джазавай спявачкай, але я з гэтым не згодна. Я поп-спявачка. Хутка мы паедзем на джазавы фестываль. Вось там я змагу апраўдаць сваё званне (усміхаецца). Але мне яшчэ трэба грунтоўна падрыхтавацца са сваім бэндам.
— Ты лічыш сябе папулярнай?
— Не лічу. Для мяне вельмі важна, як і для любога артыста, які піша сам, каб песні былі пачуты, а кола слухачоў пашыралася.
У любым выпадку папулярнасць мяне яшчэ не вельмі хвалюе, больш хачу быць пазнавальнай праз свае песні. Але гэта пакуль не асноўная мэта, лічу, што знаходжуся ў творчым пошуку.
— Што ўплывае на фарміраванне твайго светапогляду?
— Безумоўна, кнігі, фільмы, але вандроўкі — найбольш моцная крыніца. Гэта бясконцае натхненне, таму што адкрываеш нешта новае. Ну, і, канешне, музыка. Вельмі люблю слухаць і глядзець відэа з канцэртаў маіх любімых артыстаў: Beyonce, Stevіe Wonder, Franklіn. Дарэчы, у ліпені я еду ў Амстэрдам на канцэрт Beyonce. Я не магу паверыць: калі набывала квіткі, то плакала ад шчасця.
— Хто твой кумір?
— Beyonce, напрыклад, мяне вельмі натхняе як спявачка і жанчына, як танцор, рэжысёр, прадзюсар. Таксама Alіcіa Keys, Justіn Tіmberlake, Jamіroquaі...
— Якія дасягненні лічыш галоўнымі на творчым шляху?
— Ну, па-першае, тое, што я пачала сама пісаць песні. Па-другое, Ліцэй БДУ і ўніверсітэт культуры — гэта каштоўны вопыт выступленняў і новыя сябры, якіх я таксама лічу сваім дасягненнем. Канешне, «Яблычны чай». Спяваць з імі было маёй марай. Таксама мой малады чалавек — яшчэ адно дасягненне (усміхаецца). Яго калектыў, работа з ім — найкаштоўнейшы вопыт для мяне. Я вельмі рада, што працую ў гэтым аркестры. Конкурсы і фестывалі не лічу дасягненнямі. Гэта толькі крокі на шляху самаразвіцця.
— А як ты ставішся да творчых эксперыментаў?
— З задавальненнем. Было ўжо некалькі праектаў з рэперам Вінсентам. Таксама рэгулярна ёсць прапановы ад беларускіх дыджэяў, якія жадаюць запісаць разам песню. Я мяркую, што ў хуткім часе будзе што-небудзь цікавае.
— Ці хапае часу на асабістае жыццё?
— Так атрымалася, што мой малады чалавек — музыкант. Лічу, што нам пашанцавала, бо і мэты ў нас аднолькавыя, і працуем разам.
— Што для цябе галоўнае на гэтым этапе жыцця?
— Імкненне да самарэалізацыі. Трэба многа працаваць, каб ганарыцца сабой. Творчы чалавек заўсёды поўны ідэй і планаў. Але ёсць праблемы з лянотай, я пастаянна з ёй змагаюся...
Пра аўтара
Валерыя, па яе словах, шмат чытае, любіць спорт і актыўны лад жыцця.
— З дзяцінства займаюся каратэ ў клубе. Таксама захапляюся блогамі і спрабую сама здымаць відэа і весці свае старонкі ў сацыяльных сетках, — гаворыць 15-гадовая аўтарка. — Люблю стасункаваць з крэатыўнымі і пазітыўнымі людзьмі: яны дораць мне наймацнейшае натхненне. Аб прафесіі думаю так: праца павінна быць у задавальненне. Я планую паступаць у Інстытут журналістыкі, мяркую, у гэтай прафесіі маё месца. А цяпер стараюся развівацца па ўсіх кірунках.
Валерыя КАМКОВА, вучаніца 10 класа Ліцэя БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/ya-malady-i-mne-ne-usyo-rouna-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/proby-pyara
[6] https://zviazda.by/be/tags/maladyya-autary