У наступным навучальным годзе пералік выпускных экзаменаў для адзінаццацікласнікаў (у першую чаргу, для выпускнікоў профільных класаў) можа змяніцца. Пра гэта расказала журналістам начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана УКЛЕЙКА.
Сёння ўсе выпускнікі на выхадзе з сярэдняй школы здаюць чатыры абавязковыя экзамены: па адной з дзяржаўных моў (беларускай ці рускай), матэматыцы, замежнай мове і гісторыі Беларусі. Такім чынам, матэматыку здаюць усе — і «фізікі», і «лірыкі»... Але з мінулага года распачаўся пераход да профільнага навучання на старшай ступені школы. І, напрыклад, будзе не зусім лагічным, калі выпускнікі не будуць здаваць экзамены па прадметах, якія два апошнія гады яны вывучалі на павышаным узроўні: тую ж біялогію, хімію ці фізіку...
— Але пакуль незразумела, што рабіць з колькасцю экзаменаў, улічваючы даволі сціслыя тэрміны выпускной экзаменацыйнай кампаніі, якой на пяткі наступае ЦТ, — канстатавала Святлана Уклейка. — Да таго паміж выпускнымі іспытамі абавязкова павінен быць прадугледжаны дзень для адпачынку, таму павялічыць іх колькасць немагчыма. Будзем думаць, але ў любым выпадку рашэнне будзе агучана да 1 верасня, каб выпускнікі 2017 года загадзя ведалі «правілы гульні».
Мультыпрофіль з індывідуальным падыходам
Па словах Святланы Уклейкі, першы год працы ва ўмовах профільнага навучання паказаў, што рашэнне аб яго ўвядзенні было правільным. Цягам навучальнага года вывучаліся думкі і вучняў, і бацькоў, і педагогаў, і кіраўнікоў навучальных устаноў. Амаль 80% навучэнцаў і 70% бацькоў паведамілі, што яны задаволены ўмовамі арганізацыі профільнага навучання ва ўстанове адукацыі. Амаль 80 працэнтаў дзесяцікласнікаў лічаць, што яны правільна вызначыліся з профільнымі прадметамі. Станоўча была ацэненая і варыятыўнасць мадэляў рэалізацыі профільнага навучання. Усяго ўстановам адукацыі былі прапанаваны тры мадэлі.
Першая мадэль — аб'яднанне ў адным класе навучэнцаў, якія вывучаюць на павышаным узроўні аднолькавыя вучэбныя прадметы. Яе выбралі 30 працэнтаў устаноў адукацыі. Яшчэ 30 працэнтаў спыніліся на другой мадэлі — аб'яднанні ў адным класе навучэнцаў, якія вывучаюць на павышаным узроўні розныя вучэбныя прадметы. Фактычна размова ідзе пра мультыпрофільнае навучанне, пры якім вучні вывучаюць розныя прадметы ў асобных групах: з аднымі аднагодкамі яны могуць вывучаць, напрыклад, матэматыку і англійскую мову ці матэматыку і хімію, з другімі — на базавым узроўні фізіку, а з трэцімі — на базавым узроўні гісторыю, біялогію і г.д. Пры гэтым кожны вучань мае індывідуальны расклад заняткаў.
Адна з галоўных пераваг мультыпрофільнага навучання заключаецца ў тым, што яно можа ўкараняцца як у буйных установах адукацыі, так і ў невялікіх, дзе няма некалькіх класаў у паралелі.
Каго возьмуць у профільны клас?
А ўвогуле ў выпускніка базавай школы сёння ёсць некалькі варыянтаў далейшага жыццёвага самавызначэння ў залежнасці ад жаданняў і здольнасцяў да вучобы. Тыя з падлеткаў, хто захоча застацца ў школе, могуць выбраць або профільны, або агульнаадукацыйны клас.
Залічэнне вучняў у 10-я профільныя класы будзе праводзіцца на конкурснай аснове на падставе адзнак у пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі.
Пры гэтым па профільных прадметах адзнакі павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў, а сярэдні бал пасведчання — не ніжэйшы за 6 балаў. Пайсці вучыцца ў 10-ты профільны клас можна ў любую ўстанову адукацыі пры наяўнасці там свабодных месцаў.
Пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па профільных вучэбных прадметах будуць залічвацца без уліку сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі і адзнак па профільных прадметах. Што тычыцца ліцэяў, то ў гэтых агульнаадукацыйных установах прыём у 10-я класы будзе праводзіцца таксама па конкурсе, але на аснове ўступных выпрабаванняў. Экзамены ў ліцэі пройдуць з 15 па 20 чэрвеня.
Колькасць выпускнікоў і 9-х класаў, і 11-х класаў у параўнанні з мінулым навучальным годам нязначна ўзрасла і складзе 90,7 тысячы (плюс тысяча чалавек). Але далей, па прагнозах, да 2019 года ўключна будзе адбывацца зніжэнне колькасці вучняў базавай школы. Павелічэнне колькасці выпускнікоў 9-га класа чакаецца толькі з 2020 года. Што тычыцца выпускнікоў 11-х класаў, то іх колькасць сёлета складзе 57,4 тысячы чалавек.
Міжпрадметныя сувязі — гэта важна
Святлана Уклейка нагадала пра тое, што з 2015/2016 навучальнага года распачаўся пераход на адносную завершанасць адукацыі на ІІ ступені школы.
Зараз праходзіць паэтапны пераход на абноўленыя навучальныя праграмы па прадметах «Руская мова», «Беларуская мова», «Руская літаратура» і «Беларуская літаратура». Яны прадугледжваюць паступовае ўвядзенне аднолькавай колькасці гадзін на гэтыя дысцыпліны ва ўсіх школах, гімназіях і ліцэях. У сувязі з гэтым з новага навучальнага года будзе ўстаноўлена роўная колькасць гадзін на вывучэнне гэтых прадметаў у другіх класах. Да таго ж цяпер праграмы па абедзвюх дзяржаўных мовах строяцца сінхронна, бо раней, напрыклад, словаўтварэнне вывучалі на ўроках рускай мовы ў пачатку шостага класа, а на ўроках беларускай мовы — напрыканцы пятага.
Увогуле ўсе вучэбныя праграмы пераглядаліся і аналізаваліся на прадмет захавання міжпрадметных сувязяў і іх практыкаарыентаванасці. Скажам, вучэбныя праграмы па фізіцы аналізаваліся спецыялістамі па матэматыцы і хіміі, па хіміі — адпаведна матэматыкамі і фізікамі і гэтак далей.
Вывучэнне фізікі будзе цяпер распачынацца на год пазней — з 7-га класа.
Але агульная колькасць вучэбных гадзін, адведзеных на вывучэнне фізікі на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, застаецца нязменнай, паколькі ў 9-м класе будзе ўжо не два (як цяпер), а тры ўрокі фізікі на тыдзень.
Таксама з новага навучальнага года распачнецца паэтапнае ўвядзенне прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» (АБЖ). У курс увойдуць такія тэмы, як бяспека харчавання, знаходжанне ў месцах адпачынку і масавага збору людзей, рызыкі паводзін і іншыя. У дзяцей будуць выхоўваць навыкі абароны і самаабароны, дапамогі і ўзаемадапамогі ў сітуацыях, небяспечных для іх фізічнага, псіхалагічнага здароўя і жыцця. АБЖ уводзіцца ў другіх і пятых класах у аб'ёме адной навучальнай гадзіны на тыдзень з унясеннем у расклад вучэбных заняткаў. Адзнакі ў балах па АБЖ выстаўляцца не будуць, а хатнія заданні не прадугледжаны.
У 3-х, 4-х, 6—9-х класах абавязковае вывучэнне АБЖ працягнецца на факультатыўных занятках. Пераход з факультатыўных заняткаў на навучальны прадмет будзе ажыццяўляцца паступова цягам трох гадоў. Такім чынам, змена статусу АБЖ не павялічыць нагрузку на вучняў.
Вывучаць прадмет «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», які летась вярнуўся ў школу, вучні будуць таксама без адзнак і хатніх заданняў. Як адзначыла Святлана Уклейка, на працягу года праводзілася шмат сустрэч і семінараў, спецыялісты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі выязджалі ў рэгіёны, дзе гутарылі з настаўнікамі. «Было прынята рашэнне аб унясенні некаторых змен у праграму, што і было зроблена. Мы вырашылі, што гэта не той прадмет, дзе патрабуюцца адзнакі», — падкрэсліла Святлана Уклейка.
Апошняе новаўвядзенне 2016/2017 навучальнага года — абноўленая праграма па прадмеце «Працоўнае навучанне». Цяпер у 6-м класе прадугледжаны 2 гадзіны на тыдзень на вывучэнне гэтага прадмета. Агульная колькасць гадзін не зменіцца, паколькі будзе зменшана колькасць гадзін у 8-м класе (з дзвюх да адной гадзіны). У змест вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» ўведзены новы раздзел «Рамонтныя работы ў побыце».
Мы на фоне іншых
«Што тычыцца працы над новымі падручнікамі, то гэта працэс паступовы. Стварыць і выпусціць новыя падручнікі па ўсіх прадметах і для ўсіх класаў адначасова немагчыма», — патлумачыла Святлана Уклейка.
Будучыня, безумоўна, за электроннымі сродкамі навучання. Ужо створаны падручнік-навігатар па арганічнай хіміі для 10-га класа. Ён выкладзены ў адкрытым доступе на партале adu.by. Пасля таго як гэта было зроблена, у некаторых установах адукацыі і настаўнікі, і вучні зусім адмовіліся ад папяровай версіі падручніка. Да 1 верасня будзе гатовы і падручнік-навігатар па фізіцы для трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
У наступным навучальным годзе плануецца распрацаваць таксама падручнік-навігатар па хіміі для 11-га класа і падручнік па прадмеце «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» для 5-га класа.
У 2018 годзе Беларусь упершыню возьме ўдзел у міжнародным даследаванні РІSА, якое дасць нам магчымасць убачыць сябе на фоне дасягненняў сістэм адукацыі іншых краін. Адукацыйныя тэсты, якія прапануюцца РІSА, правяраюць не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў (механічнае завучванне фактаў, законаў, формул, гістарычных падзей і г.д.), колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй, прымяняючы свае веды з самых розных галін на практыцы, і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі. Іншымі словамі, гатоўнасць да жыцця па-за школай. Святлана Уклейка расказала, што заданні з кампетэнтнасным падыходам ужо прапануюцца вучням падчас правядзення рэспубліканскага маніторынгу якасці адукацыі, каб падрыхтаваць школьнікаў да будучых выпрабаванняў. Кампетэнтны падыход укараняецца і ў вучэбныя планы. У бягучым навучальным годзе на новы змест адукацыі перайшлі першыя і пятыя класы. У наступным годзе гэта будуць другія і шостыя класы і гэтак далей...
Дарэчы, падчас апошняга маніторынгу правяраліся ў тым ліку фінансавая дасведчанасць і разуменне пісьмовых тэкстаў беларускіх школьнікаў. Яго вынікі абяцаюць агучыць у сярэдзіне лета.
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/navuchalny-god