Комплекс абсталявання для абясшкоджвання фармацэўтычных адходаў і цытастатычных фармацэўтычных прэпаратаў распрацаваны ў БДУ. Работа выканана навукоўцамі Інстытута ядзерных праблем БДУ пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі радыёфізічных даследаванняў Віктара Карповіча.
Гэты комплекс дазволіць абясшкоджваць прэпараты, якія валодаюць высокатаксічным і актыўным дзеяннем і адносяцца да небяспечных адходаў. Іх утылізацыя патрабуе альбо спальвання пры высокай тэмпературы, альбо захавання ў герметычнай металічнай капсуле на спецыялізаваных палігонах. Дзеянне новага комплексу дасць магчымасць вырашыць гэтую праблему шляхам абясшкоджвання медыцынскіх адходаў і пераводу іх у групу бытавых. Пасля гэтага адпрацаваны фармацэўтычны матэрыял можна будзе ўтылізаваць без шкоды і пагрозы для навакольнага асяроддзя.
Абсталяванне заснавана на тэхналогіі мікрахвалевага ўздзеяння. Рабочая ёмістасць аб'ёмам 100 літраў з адходамі змяшчаецца ў спецыяльную камеру і награваецца да 650 градусаў. У выніку ўтвараюцца пірагаз і попел. Пасля гэтага адбываецца фільтраванне пірагазу і яго разлажэнне на бяспечныя складнікі пры тэмпературы 1100 °С. Яны выкідваюцца ў атмасферу, не наносячы ёй шкоды. Попел жа падлягае захаванню на звычайным палігоне.
Варта адзначыць таксама і эканамічную выгаду новага комплексу. Акрамя электрычнасці яна не патрабуе дадатковых выдаткаў. Кошт абясшкоджвання 1 кілаграма медыцынскіх адходаў складзе не больш за 3,5 долара.
— У Беларусі штогод утвараецца каля 30 тысяч тон медыцынскіх адходаў. Сёння для цэнтралізаванага і своечасовага абясшкоджвання фармацэўтычных прэпаратаў патрабуецца 25 комплексаў для краіны, — тлумачыць Віктар Карповіч. — Падчас правядзення доследна-тэхналагічных работ супрацоўнікі Інстытута ядзерных праблем БДУ паспяхова абясшкодзілі больш за 10 тон адходаў з анкалагічных цэнтраў.
Комплекс вучоных БДУ распрацаваны ў адпаведнасці з беларускімі, расійскімі і еўрапейскімі нарматывамі па абясшкоджванню фармацэўтычных прэпаратаў. Ужо атрымана ліцэнзія Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на работу гэтага абсталявання, ёсць заключэнне Навукова-практычнага цэнтра гігіены аб экалагічнай бяспецы і еўразійскі патэнт.
На Міжнароднай выставе-кангрэсе "Высокія тэхналогіі. Інавацыі. Інвестыцыі" ў Санкт-Пецярбургу комплекс Інстытута ядзерных праблем БДУ заваяваў сёлета залаты медаль і заняў трэцяе месца ў намінацыі "Энергазберагальныя экалагічныя тэхналогіі" на Беларускім прамысловым форуме. Распрацоўкай навукоўцаў Белдзяржуніверсітэта зацікавіліся ў Расіі і Ізраілі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu