Гэтае пытанне хвалюе старшакласнікаў, бадай, не менш, чым школьныя экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне. Як апрануцца, каб выглядаць ярка, стылёва і каб праз пяць гадоў не было сорамна за сваё фота? У падрабязнасцях вячэрняга дрэс-кода разбіраемся з маладымі дызайнерамі брэнда Zіbra Дарынай ВАДАП'ЯНАВАЙ і Аляксандрай ЖУК.
Касцюм — па памеры
Пачнем з хлопцаў. Дарына раіць ім паглядзець, як апранаюцца «зоркі» на выхад, і ўзяць штосьці з гэтага сабе на заметку. Строгі дзелавы касцюм пакіньце для экзаменацыйнай камісіі, а для выпускнога лепш выбраць цікавыя колеравыя спалучэнні. Напрыклад, сіні пінжак з пясочнымі штанамі, касцюм у клетку. Калі каляровы камплект не надта падабаецца, то варыянт «тотал блэк» (цалкам чорны) таксама падыдзе.
Джынсы на такім мерапрыемстве будуць глядзецца недарэчна, гэта ўсё ж такі паўсядзённае адзенне. Ад бліскучых касцюмаў і шырокіх каралавых гальштукаў таксама адмоўцеся.
— Усё павінна гарманіраваць. Памятайце, што да кожнага каўнерыка пасуе пэўны гальштук. Рукавы кашулі мусяць выглядаць з-пад пінжака на два сантыметры. Трэба правільна падабраць памер: часта хлопцы пераацэньваюць свой аб'ём у плячах, думаюць, што яны вялікія і натрэніраваныя, — кажа Дарына.
Што да абутку, то ідэальным варыянтам будуць туфлі ці брогі (чаравікі ў дзірачкі). Ніякіх макасінаў. Красоўкі, якія цяпер модна насіць пад касцюмы, таксама не падыдуць: яны хоць і выглядаюць стыльна, але ніякага дачынення да вячэрняга дрэс-кода не маюць. Пры падборы абутку ўлічвайце колеравую гаму — нельга пад шэрыя штаны надзець карычневыя туфлі.
— Фантазію ўключаць не трэба, — раіць Дарына. — Усё ўжо за вас прыдумана. Лепш проста добра апрануцца, чым праз колькі гадоў з жахам успамінаць і саромецца свайго выгляду.
Забудзьцеся на гарсэты
Калі казаць пра дзяўчат, дызайнеры смяюцца, што тыя звычайна дзеляцца на два лагеры: адны хочуць быць на выпускным разняволенымі і дарослымі, іншыя — стаць прынцэсамі. Апошні варыянт у прынцыпе неблагі. Пышныя спадніцы, сукенкі да падлогі ці з невялікім шлейфам заўсёды да месца на ўрачыстых мерапрыемствах. Уборы жамчужнага тону, з карункамі ці кветкавым прынтам таксама наблізяць вас да вобразу прынцэсы.
А вось ператварацца ў дарослую жанчыну і надзяваць занадта адкрытую сукенку не варта.
— Лепш, наадварот, падкрэсліць сваю свежасць і маладосць. Цяпер у модзе натуральнасць, — заўважае Аляксандра. — А стварыць сексуальнасць можна альтэрнатыўнымі метадамі, за кошт шматслойнасці, карункаў. Калі глыбокі выраз, то на спіне.
Гарсэты і міні-спадніцы — дакладна не. Папулярныя не першы сезон камбінезоны таксама пакіньце для іншага мерапрыемства: такі ўбор выглядае строга і можа прыбавіць узросту. Звярніце ўвагу на матэрыял, з якога пашыты ўбор. У сінтэтыцы ў перапоўненай актавай зале і на танцпляцоўцы будзе горача. Лепш узяць бавоўну, шоўк, сацін.
Калі хочацца выглядаць арыгінальна і вылучацца сярод астатніх выпускніц, можаце паўтарыць вобраз куміра з кіно.
— Я на свой выпускны выбрала стыль Мэрылін Манро, — успамінае Аляксандра. — Было і незвычайна, і элегантна адначасова, бо гэтая жанчына ў свой час з'яўлялася іконай стылю. Пераглядзіце любімы фільм, знайдзіце сукенку, падобную да той, што носіць у кадры гераіня, зрабіце такую ж прычоску і будзеце ведаць, што гэта ўдала, бо ўжо праверана.
Трэнды ж у вячэрняй модзе асабліва не змяняюцца. Прыталены сілуэт заўсёды лічыўся самым прыгожым.
— Мне здаецца, убор на выпускны мусіць быць сціплым і элегантным. Простая лёгкая сукенка з мінімальным дэкорам — найлепшы варыянт, — кажа Дарына. — А пры выбары колеру і фасону не варта прытрымлівацца нейкіх трэндаў: перавагу трэба аддаваць таму, што пасуе канкрэтна табе.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/vypusknyya-vechary-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0