Летась эксперты Еўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый правялі трэці агляд выніковасці экалагічнай дзейнасці Беларусі (АВЭД Беларусі), вынікі якога былі зацверджаны на 21-ай сесіі Камітэта па экалагічнай палітыцы ЕЭК ААН у кастрычніку 2015 года ў Жэневе. Гэты дакумент з'яўляецца інструментам прасоўвання нацыянальнай прыродаахоўнай палітыкі, дазваляе не толькі акрэсліць шэраг праблем у гэтай сферы, але заахвоціць для іх вырашэння экспертаў і спонсараў. Эксперты даюць рэкамендацыі, якім чынам развіваць эканоміку без шкоды навакольнаму асяроддзю. Па выніках трэцяга АВЭД Беларусі выявілася, што наша краіна выканала рэкамендацыі другога агляду больш чым на 80%.
— Экалагічная палітыка з'яўляецца складнікам нацыянальнай бяспекі, — пракаментаваў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй КАБЯКОЎ. — Менавіта таму беражлівыя адносіны да рэсурсаў, гарманічнае развіццё эканомікі ў спалучэнні з захаваннем прыроды стала напрамкам развіцця, які Беларусь выбрала для сябе.
Таксама прэм'ер-міністр адзначыў, што Беларусь можа прапаноўваць свае напрацоўкі міжнароднай супольнасці. Так, наша краіна стала першай сярод удзельніц СНД, якая ўкараніла прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў. Сярод іншых дасягненняў — распрацаваная сістэма мер па развіцці «зялёнай» эканомікі, курс на якую падтрымаў Прэзідэнт.
— Цяпер перад намі стаяць наступныя задачы: па-першае, трэба ўкараніць устойлівыя мадэлі вытворчасці і спажывання ва ўсіх галінах эканомікі. Па-другое, неабходна перайсці да «зялёных» закупак — далейшае нерацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў недапушчальнае. Па-трэцяе, мы мусім развіваць і ўкараняць інавацыйныя тэхналогіі, — падсумаваў Андрэй Кабякоў.
Таксама ён падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важная аб'ектыўная ацэнка замежных экспертаў і іх бачанне перспектыў развіцця дзяржавы. АВЭД павышае статус краіны на міжнароднай арэне.
— Агляд дае пазітыўны сігнал аб тым, што Беларусь з'яўляецца адной з краін, якія найбольш адказна ставяцца да выканання рэкамендацый, — рэзюмаваў выканаўчы сакратар ЕЭК ААН Крысціян Фрыіс БАХ. — Гэта сведчыць аб тым, што краіна гатова змяняцца і прыслухоўвацца да меркавання спецыялістаў і такім чынам стварае спрыяльныя ўмовы для прыцягнення фінансавых сродкаў. Спадзяюся, што агляд дапаможа пры распрацоўцы плана сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі для дасягнення мэт устойлівага развіцця.
Фота Кастуся ДРОБАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-radzyuk
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/aved-belarusi