Прэс-сакратар МЗС пра спрашчэнне візавага рэжыму, рабства і бізнес-форум у Іспаніі.
«Мы хочам аблегчыць візавы рэжым для тых, хто жадае прыехаць у нашу краіну», — пра гэта падчас учарашняга брыфінгу заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый МІРОНЧЫК, адказваючы на пытанні журналістаў.
Засцерагчыся ад нелегальнай міграцыі
— Мы ўзгадняем дакладны, вычарпальны пералік краін, на грамадзян якіх будзе распаўсюджвацца новы льготны рэжым, вызначаем ўмовы спрошчаных паездак, — праінфармаваў прадстаўнік дыпламатычнага ведамства.
Дзмітрый Мірончык звярнуў увагу на тое, што дакумент вельмі старанна адпрацоўваецца.
— Мы не павінны дапусціць таго, каб лібералізацыя візавага рэжыму прывяла да зніжэння ўзроўню стабільнасці і бяспекі ў нашай краіне, — патлумачыў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў. — Акрамя таго, мы не павінны дапусціць нелегальнай міграцыі. Гэта сур'ёзная праблема на нашым кантыненце. Па-мойму, гэта ўжо відавочна.
Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства звярнуў увагу і на тое, што працэс аблягчэння візавага рэжыму з беларускага боку ажыццяўляецца досыць даўно.
— Напрыклад, калі крытыкуюць кошт беларускіх віз, то чамусьці забываюць, што грамадзяне Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы атрымліваюць візы зусім за іншыя грошы, — нагадаў дыпламат. — Там, па-мойму, кошт візы складае 25 еўра. І гэта было аднабаковае рашэнне беларускага боку, прынятае вельмі даўно, ужо звыш дзесяцігоддзя таму, задоўга да таго, як нам пачалі расказваць пра шэнгенскія візы па 35 еўра.
Што да пагаднення з Еўрасаюзам аб візавым рэжыме, то, па словах Дзмітрыя Мірончыка, праца над ім ідзе. Цяпер яна знаходзіцца на этапе «адстойвання інтарэсаў беларускіх грамадзян».
Адкуль у нас 44 тысячы... нявольнікаў?
Аўстралійская арганізацыя Walk Free Foundatіon нядаўна абнародавала даклад пра сітуацыю з нявольніцтвам у краінах свету. Згодна з гэтым дакладам, у нашай краіне налічваецца... 44 тысячы 600 рабоў. Каментуючы гэтую інфармацыю для журналістаў, прадстаўнік МЗС назваў яе пацешнай.
— Першае пытанне, якое паўстае: гэтыя людзі (складальнікі даклада. — Аўт.) у Беларусі былі? А калі былі, то на якім «нявольніцкім рынку» яны лічылі «рабоў» па галовах?
Дзмітрый Мірончык звярнуў увагу на тое, з якой дакладнасцю ўказана колькасць нявольнікаў у кожнай з краін.
— Падобная дакладнасць дапускае наяўнасць ледзь не пайменных спісаў, — сказаў прэс-сакратар МЗС. — Адразу, напэўна, трэба дамагацца вызвалення, калі ведаеш, што іх 400, па галовах. Гэта ж (рабства. — Аўт.) паўсюль злачынства...
Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства звярнуў увагу на той факт, што ацэнкай сітуацыі з рабствам займаецца спецыяльны дакладчык Савета ААН па правах чалавека па сучасных формах рабства.
— Мы з гэтым спецыяльным дакладчыкам вельмі канструктыўна ўзаемадзейнічаем, — заявіў ён. — Беларусь дакладна выконвае свае абавязацельствы па канвенцыях аб барацьбе з рабствам 1926-га, калі не памыляюся, і 1956-га гадоў і ні разу, падкрэслю, ні разу наша краіна не падвяргалася крытыцы за іх невыкананне.
Іспанскія бізнесмены зацікаўлены ў супрацоўніцтве
Падчас брыфінгу прэс-сакратар дыпламатычнага ведамства паведаміў, што гэтымі днямі — 2 і 3 чэрвеня — у Мадрыдзе, сталіцы Іспаніі, праходзіць арганізаваны Пасольствам Беларусі ў Францыі другі беларуска-іспанскі бізнес-форум. Па словах дыпламата, з іспанскага боку ў мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 20 кампаній.
— Сярод іх лідары іспанскага рынку ў такіх сектарах, як аднаўляльная энергетыка, новыя тэхналогіі, лагістыка, вытворчасць абсталявання для аэрапортаў і авіяцыйных трэнажораў, рэалізацыя інфраструктурных праектаў у галіне аховы здароўя, дарожнага будаўніцтва, абыходжання з адходамі, ачысткі глебы і вады, — пералічыў прадстаўнік МЗС. — У рамках бізнес-форуму для іспанскіх дзелавых колаў адбудзецца прэзентацыя магчымасцяў гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Іспанскія бізнесмены будуць праінфармаваны аб інвестыцыйным клімаце і прававых умовах, якія рэгулююць дзейнасць замежных кампаній і інвестараў у нашай краіне.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-mironchyk-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/mzs