Дэнамінацыя прынясе нам не толькі новыя грошы. На думку экспертаў, у першыя часы пасля ўводу ў абарачэнне новых банкнот могуць узнікнуць некаторыя нязручнасці, чым лёгка скарыстацца махлярам і ашуканцам. Але што рабіць, каб гэтага не здарылася? Якіх банкнот трэба засцерагацца пры грашовых аперацыях? На гэтыя і другія пытанні ў размове з карэспандэнтам «Звязды» адказала Вольга Загароўская, старшая оперупаўнаважаная па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў.
— Як часта падрабляюць беларускія грошы?
— У адрозненне ад нашых суседзяў, дзе пераважаюць падробкі нацыянальнай валюты, беларускія рублі падрабляюць не так часта. Мы найчасцей выяўляем фальшывыя амерыканскія долары, расійскія рублі і еўра. Фальшыўкі ў Беларусі амаль не вырабляюць. Іх пераважна прывозяць з-за мяжы. Нашы «ўмельцы» вырабляюць псеўдагрошы простым чынам — з дапамогай прынтара і камп'ютара. Могуць, напрыклад, да купюры прыляпіць яшчэ адзін нуль і павялічыць намінал банкноты. Часцяком гэтым займаецца моладзь, людзі, схільныя да ўжывання спіртнога і наркотыкаў. Фальшывыя беларускія рублі выглядаюць дрэнна, не маюць знакаў абароны. Пры добрым аглядзе вы зразумееце, што трымаеце ў руках падробку. Калі ў вас узнікаюць сумненні, вы можаце параўнаць банкноту з іншай. Але ні ў якім разе не абменьвайце фальшыўкі і не разлічвайцеся імі. Вашы дзеянні будуць расцэньваць як збыт падробных банкнот. Пакаранне строгае — да 15 гадоў пазбаўлення волі. Летась за падобнае злачынства асуджана 11 чалавек.
— А ці былі сярод іх тыя, хто не ведаў, што мае справу з фальшыўкамі?
— Не. У кожнага з іх быў намер. І кожны ведаў, што робіць забароненае. Аднак калі чалавек сумняваецца, лепш грошы прынесці адразу ў міліцыю і паведаміць, дзе іх атрымаў. Такім чынам праваахоўнікі здолеюць хутчэй знайсці крыніцу. У нас быў выпадак, калі мужчына за рускія рублі прадаваў аўтамабіль. Пасля вырашыў пакласці грошы на дэпазіт у банк, але яму паведамілі, што ўсе 385 тысяч расійскіх рублёў фальшывыя...
— Ці чакаеце, што пасля дэнамінацыі будзе ўсплёск грашовых падробак?
— Мы чакаем не ўсплёску, а невялічкага пагаршэння сітуацыі. Мяркую, беларускія падробкі таксама з'явяцца. Праўда, да гэтага мы гатовыя. Пасля мінулай дэнамінацыі, якая адбылася ў 2000 годзе, адчуваўся рост падобных злачынстваў. Працэнт фальшывых беларускіх рублёў быў вялікім. Зламыснікі звычайна старыя грошы выдавалі за новыя, а нехта збываў прыдуманыя купюры наміналам 500 рублёў, разлічваўся імі ў прыдарожных кавярнях, крамах. Што цікава, касіры верылі, прымалі іх за сапраўдныя. Новыя беларускія грошы дастаткова абароненыя. Падрабіць іх складана. Але я дапускаю, што за шэсць месяцаў, пакуль у абарачэнні адначасова будуць і старыя, і новыя грошы, злачынцы змогуць надрукаваць падробкі старых. І тая блытаніна, якая, магчыма, будзе першыя часы, можа ім пасадзейнічаць.
— Чаму ў крамах можа ўзнікнуць неразбярыха?
— Таму што прадаўцам прасцей працаваць з грашыма аднаго ўзору, пластыкавымі карткамі. Пакуль яны будуць пералічваць грошы, можа, забудуцца праверыць іх на сапраўднасць. Пры гэтым мы актыўна супрацоўнічаем з работнікамі гандлю, праводзім з імі растлумачальныя размовы наконт дэнамінацыі. А ў інструкцыях Нацбанка нават запісана, што прадаўцы купюры павінны правяраць. Калі яны гэтага не робяць, прапускаюць фальшыўкі, за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
— Ці згодныя з тым, што першыя беларускія падробкі будуць дрэннай якасці?
— А яны, паўтаруся, усе дрэннай якасці. Надрукаваны кропельна-струйным прынтарам на звычайнай паперы. Фарба пад уздзеяннем вады размываецца, пры пераломе купюры абсыпаецца, вадзяных знакаў няма. Тым не менш такія купюры прапускаюць у крамах. Пасля дэнамінацыі людзям трэба будзе быць вельмі пільнымі. Галоўнае — ведаць новыя грошы, з якімі можна пазнаёміцца на спецыяльных плакатах, а таксама не пускаць да сябе ашуканцаў, якія могуць прапанаваць іх абмяняць. Так здарылася ў Лунінцы, дзе дзяўчына вымантачыла ў пенсіянера 16 мільёнаў рублёў. Раскажыце пра гэта і сваім старым. Мяняць грошы афіцыйна можна будзе толькі з 1 ліпеня.
taras@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:taras@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/falshyvyya-groshy
[5] https://zviazda.by/be/tags/denaminacyya