Частку віцебскай вуліцы газеты «Праўда» перайменавалі ў гонар славутага мастака яшчэ ў сакавіку. А вось беларускамоўныя шыльдачкі на дамах з'явіліся на днях, што цікава — асобныя з іх аформлены ў супрэматычным стылі. Кажуць, што і сама Шагалаўская неўзабаве будзе нагадваць сапраўдную мастацкую галерэю. А пачалося ўсё з таго, што некалькі гадоў таму на адным з дамоў з'явілася карціна Казіміра Малевіча «Смерць шпалерам». Цяпер жа вырашылі размаляваць сцены яшчэ пяці будынкаў. На адным ужо з'явіўся новы эскіз работы заснавальніка супрэматызму. Дарэчы, для размалёўкі фасадаў запрашаюць валанцёраў, а таму ў якасці вулічнага мастака сябе можа паспрабаваць нават аматар-пачатковец. Сам жа Малевіч, а дакладней яго партрэт, «прапісаўся» непадалёку — на сцяне гаражнага комплексу, што за домам №5.
Мара пра калекцыі з лепшых музеяў
Пакуль што па вуліцы Марка Шагала ні прайсці, ні праехаць. Паўсюль будаўнічая тэхніка, пыльна. Тут поўным ходам ідзе рамонт: абнаўляюць дахі, фасады дамоў. Найбольшая колькасць будаўнікоў шчыруе каля дома №5. У ім пасля таго, як завершыцца рэканструкцыя, будзе музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Таго самага, якое заснаваў Марк Шагал, і дзе жылі і працавалі Казімір Малевіч, Юдаль Пэн, Эль Лісіцкі, Мікалай Суэцін і іншыя сябры авангарднага мастацкага аб'яднання УНОВІС.
Мне адной з першых пашчасціла зазірнуць унутр будучага музея задоўга да яго афіцыйнага адкрыцця. Міні-экскурсію па будынку, знакаваму не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго мастацкага свету, правёў дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй ДУХОЎНІКАЎ.
— Гэты будынак яшчэ да нядаўняга часу быў у зямлі да самых вокнаў. Пакуль мне на вочы не трапіўся стары малюнак. На ім было Віцебскае народнае мастацкае вучылішча з мураванай кладкай. Сталі рабіць спробы раскапаць і, о цуд, аказалася, што падмурак сапраўды ёсць. Ды які прыгожы! Цяпер ён рэстаўрыруецца, — спыняецца на ўваходзе Андрэй Духоўнікаў і запрашае ўнутр будынка.
На першым паверсе, паводле слоў майго гіда, будзе некалькі музейных залаў, дзе наведвальнікі даведаюцца пра Віцебскую мастацкую школу пачатку ХХ стагоддзя. Тут жа размесціцца і вялізная выставачная зала. Яна будзе абсталявана па апошнім слове тэхнікі, каб можна было выстаўляць творы любога ўзроўню.
— Я мару, што сюды прывязуць калекцыі з лепшых музеяў свету — з Луўра, Траццякоўкі, — кажа Андрэй Духоўнікаў. — Для нас самае важнае паказаць беларусам Лісіцкага, Малевіча, а дасць Бог, і Шагала. Я быў нядаўна ў Траццякоўцы. У іх ёсць вялікі праект па рускім авангардзе пачатку ХХ стагоддзя ў правінцыяльных музеях. А ў Віцебску якраз неўзабаве будзе адзначацца 100-годдзе мастацкага вучылішча, затым споўніцца сто гадоў УНОВІСу. Цудоўная нагода! Я хацеў бы, каб да гэтага часу мая мара спраўдзілася. Супрацоўнікі Траццякоўкі, што радуе, гатовыя супрацоўнічаць з будучым музеем Віцебскага мастацкага вучылішча — адзіным у свеце музеем, які цалкам будзе працаваць па тэме рускага авангарду. Яму не будзе аналагаў. Разам з тым, як ні парадаксальна, гэта адзіны музей, у якім няма ніводнай уласнай карціны рускага авангарду. Усё ў савецкія часы было вывезена, скрадзена, выкуплена, выкінута... Работніца краязнаўчага музея расказвала, як, калі яна прыйшла працаваць у пачатку 70-х, яны чысцілі фонды і выкінулі шмат «напалову дзіцячых малюнкаў, квадрацікаў усялякіх». Магчыма, гэта былі знішчаны рэшткі архіваў...
«Восем чырвоных прамавугольнікаў»... на столі
Падымаемся на другі паверх па лесвіцы з металічнымі парэнчамі. Андрэй Духоўнікаў кажа, што яна аўтэнтычная, захавалася з тых самых, шагалаўскіх, часоў. На сцяне заўважаю надпіс, зроблены вугалем: «Азгур».
— Хутчэй за ўсё, ён належыць скульптару Заіру Азгуру, які тут вучыўся, — перахоплівае мой погляд Андрэй Духоўнікаў. — Я дасылаў фотаздымак у музей Азгура. Яны пацвердзілі характэрнае для скульптара «р». Заіру было гадоў 15-16, калі ён пакінуў гэты аўтограф.
А вось тут, на ўваходзе, неўзабаве з'явіцца вялікая шкляная сцяна, на ёй будзе мультымедыйная інсталяцыя. Хочацца, каб у наведвальнікаў з'явілася адчуванне, што яны перанесліся на машыне часу ў гісторыю гэтага будынка і Віцебска — таго, якім ён быў стагоддзе таму.
Інтэр'ер спрабуем рэканструяваць па старых фотаздымках, архіўных дакументах, успамінах. Адзін з вучняў УНОВІСа казаў: «Калі ты падымаешся па лесвіцы, з левага боку — кабінет дырэктара, прама — трое дзвярэй, якія вядуць у пакойчыкі Малевіча, Ермалаева і Лісіцкага». Калі быць дакладным, то тут, за аднымі з трох дзвярэй, насамрэч была ванна Малевіча. А яго майстэрня знаходзілася побач, якраз праз сцяну ад кабінета Марка Шагала. У дырэктара вучылішча было два сумежныя пакойчыкі. Але калі прыехаў Казімір Малевіч, Марк Шагал аддаў калегу адзін з іх. Вось у ім і будзе музейная зала Казіміра Малевіча. Яна будзе асацыятыўнай, бо ніякіх арыгінальных прадметаў, на жаль, не захавалася. Тут паставім толькі стол і крэсла. Фішкай жа будзе вось гэтая арыгінальная свяцільня (паказвае на столь). Дызайнеры ўвасобілі тут карціну Казіміра Малевіча «8 чырвоных прамавугольнікаў». Гэта адна з вядомых яго работ. Прыходзьце сюды, калі музей адчыніцца, яна вельмі эфектна будзе глядзецца.
Галоўны экспанат — сам дом
— Мы не будзем нікога падманваць, не будзем казаць, што «вось гэта крэсла, на якім сядзеў сам Малевіч», — працягвае Андрэй Духоўнікаў. — Адкрыта кажам, што галоўны экспанат гэтага музея — сам дом. Цуд, што ён наогул захаваўся. Падчас вайны гэта вуліца была цалкам разбурана. Усе дамы былі знішчаны. У гэтага ж будынка нейкім дзівам нават ляпніна захавалася. А таксама некаторыя элементы, у прыватнасці балкончык. Пад паркетам савецкай эпохі будаўнікі знайшлі яшчэ адзін слой паркету. Магчыма, па ім хадзілі яшчэ Шагал і Малевіч. Унізе, бачыце, уся падлога засыпана пілавіннем і пакрыта ДВП, пад імі ляжыць аўтэнтычная мазаіка з паліраванага граніту. Фантастычна прыгожая. Дзякуючы ўсім гэтым нешматлікім знаходкам, будзе нават такі раздзел у музеі — гісторыя дома.
— Я чула, што музей адчыніць дзверы для наведвальнікаў да «Славянскага базару». Але ж, як я бачу, тут яшчэ даволі шмат працы...
— 24 чэрвеня, на Дзень горада, будзе афіцыйнае адкрыццё новай вуліцы. Урачыста адкрыюць памятную дошку ў гонар Марка Шагала. Рыхтуецца вялізны перформанс. У прыватнасці, Віцебскі маладзёжны тэатр «Кола» пакажа спектакль у аконных рамах будучага музея мастацкага вучылішча. Публіка будзе назіраць з вуліцы за тым, як па чарзе будуць загарацца загадзя дэкарыраваныя вокны: у іх разыгрываюцца кароткія сцэны. Вядома, будзе шмат гасцей. Прыедуць мэры гарадоў-пабрацімаў. Мы зладзім для іх экскурсію па гэтым будынку ў тым стане, у якім ён будзе. У нашага мэра такая пазіцыя — ніякай паказухі. Бо спешка тут недапушчальная, яна да дабра не давядзе. Цалкам завяршыць рэканструкцыю дома №5 мы зможам не раней чым праз паўгода, гэта пры ідэальных абставінах, бо толькі на мантаж і тэставанне абсталявання патрэбна 2 месяцы.
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury
[4] https://zviazda.by/be/tags/mark-shagal
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastak
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya