«Малады настаўнік павінен быць не з баязлівага дзясятка. Звярнуць на сябе ўвагу дзяцей — новая суперздольнасць. Прыйшоў час геройстваваць!»
«Нарэшце, настаў той дзень, калі мне пашчасціла адчуць сябе настаўнікам. Гэты момант быў непазбежны. Ура! Канешне, я была ўсхваляваная гэтай падзеяй. Я чакала многае, але дзеці — гэта заўсёды энергія юнацтва. Дзе мае 12 гадоў?»
«Як жа прыемна быць настаўнікам. Мы можам навучыць дзяцей чаму-небудзь добраму».
«Сёння замяняў «Чалавек і свет» у 2 «Г» класе. Вельмі адкрытыя, працалюбівыя і вясёлыя дзеці. Урок прайшоў цудоўна. Жадаю ім удачы ў вучобе!»
«Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца — вось галоўны наказ, мой юны вучань!»
«Цяжка ў вучобе? Давайце дапаможам 7 класу, які стаў нам як родны».
Аўтары гэтых радкоў яшчэ не маладыя педагогі, але вельмі спадзяюцца імі стаць. Сваімі думкамі і ўражаннямі ад першых прафесійных спробаў дзеляцца ў сваіх блогах вучні профільных педагагічных класаў 20-й сталічнай гімназіі. Менавіта гэта навучальная ўстанова стала піянерам у адраджэнні педагагічных класаў: тут у 2014 годзе былі адкрыты чатыры профільныя 10-я класы, якія ўзяў пад сваю апеку Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Фактычна яны пачалі функцыянаваць, калі ў краіне яшчэ не была створана для іх нарматыўна-прававая база.
Між іншым, у 1990-я гады ў 176-й мінскай школе (якая пазней была пераўтворана ў 20-ю гімназію) ужо дзейнічалі фізіка-матэматычныя і філалагічныя педагагічныя класы. І сёння іх выпускнікі працуюць у роднай школе, але ўжо ў якасці педагогаў. Чым не выдатная наглядная агітацыя за прафесію настаўніка?
Ідэя, актуальная для ўсіх
Мінулы навучальны год вызначыўся адкрыццём педагагічных класаў ужо па ўсёй краіне. Днямі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшла рэспубліканская канферэнцыя, якая сабрала прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці, вучоных і вядучых спецыялістаў-практыкаў у галіне профільнай і прафесійнай педагагічнай адукацыі. У цэнтры іх увагі аказаліся вопыт, праблемы і перспектывы педагагічных класаў.
Рэктар БДПУ, прафесар Аляксандр ЖУК канстатуе, што ў грамадстве і СМІ ўсё часцей падымаецца тэма адраджэння прэстыжу настаўніцкай працы. У нашай краіне ўсё больш адчувальная дзяржаўная падтрымка педагога, што робіць настаўніцкую прафесію канкурэнтаздольнай і прывабнай.
Дарэчы, ідэя падрыхтоўкі вучняў да свядомага выбару педагагічнай прафесіі становіцца ўсё больш папулярнай не толькі ў нас. У Еўропе лідзіруючую пазіцыю ва ўкараненні ідэй профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў школе займае Чэхія, у якой у 2011 годзе стартаваў праект па арганізацыі працы педагагічных ліцэяў і школ.
Ва ўмовах 13-годкі там рэалізуюцца тры мадэлі профільнага навучання: чатырохгадовая праграма інтэграванай педагагічнай і агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі, пачынаючы з 10-га класа, шасцігадовая праграма — з 8-га класа і васьмігадовая — з 6-га класа. Выпускнікам педагагічных школ і ліцэяў прысвойваецца кваліфікацыя выхавацеля дзіцячага садка, кіраўніка дзіцячага гуртка, памочніка выхавальніка ў інтэрнаце, а таксама прадастаўляецца права прывілеяванага паступлення ва ўніверсітэты, якія ажыццяўляюць прафесійную падрыхтоўку настаўнікаў.
Партфоліа для будучага настаўніка
У 2015/2016 навучальным годзе ва ўсіх рэгіёнах і ў сталіцы было створана больш як 100 педагагічных класаў і груп, якія ахопліваюць больш як 1440 навучэнцаў. Сутнасць профільнай падрыхтоўкі заключаецца ў вывучэнні пэўных вучэбных прадметаў (матэматыкі, фізікі, гісторыі і іншых) на павышаным узроўні, а таксама факультатыўных занятках «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Гэта першая мадэль. Другая мадэль — стварэнне груп навучэнцаў з розных класаў у паралелі школы, якія вывучаюць вышэйзгаданы факультатыўны курс. Прапануецца і трэцяя мадэль — стварэнне ў сельскай мясцовасці міжшкольнага факультатыву.
Факультатыўны курс разлічаны на 140 гадзін і падзелены на чатыры змястоўныя модулі: «У свеце педагагічнай прафесіі» (10 клас), «Чалавек, які пазнае: практычная псіхалогія пазнання» (10 клас), «Я ў педагагічнай прафесіі» (11 клас) і «Пазнай самога сябе» (11 клас).
Змест праграмы факультатыўных заняткаў прымушае старшакласнікаў шукаць адказы на шэраг пытанняў. Што такое педагагічная прафесія? Якое месца педагогікі ў свеце іншых прафесій? У чым яе спецыфіка? Якія патрабаванні прад'яўляюцца да настаўніка? Што ён павінен умець? Якімі якасцямі павінен валодаць? Ці магу я быць настаўнікам? Ці ёсць у мяне прафесійна важныя якасці? І гэтак далей.
На працягу двух гадоў навучання школьнік стварае партфоліа «Я — педагог». У ім фіксуюцца вынікі яго вучэбнай і педагагічнай дзейнасці па засваенні ўсіх чатырох модуляў вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў: эсэ, творчыя заданні, даныя самадыягностыкі, прэзентацыі, праекты, праца важатымі, памочнікамі класных кіраўнікоў у малодшых класах, валанцёрамі ў аздараўленчых лагерах, удзел у арганізацыі розных школьных мерапрыемстваў і гэтак далей. Там жа збіраюцца ацэначныя каментарыі педагогаў, аднакласнікаў і вынікі рэфлексіі самога навучэнца.
У 20-й сталічнай гімназіі вучні вядуць свае педагагічныя блогі ў сацыяльных сетках: «Інстаграм», «Фэйсбук», «ВКонтакте» ці «Твітары». Там жа яны дзеляцца і фатаграфіямі сваіх педагагічных спроб. Натуральна, што крэатыўнасць толькі вітаецца!
Напрыканцы навучання на падставе партфоліа адзінаццацікласнікі атрымаюць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю педагагічнага савета для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, якая будзе заверана ў раённым упраўленні адукацыі.
Дарэчы, мяркуецца, што выпускнікі педагагічных класаў будуць карыстацца правам паступлення на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў. У прыватнасці, тыя, хто атрымаюць рэкамендацыю педагагічнага савета і будуць мець у атэстаце адзнакі «7» балаў і вышэй па ўсіх прадметах вучэбнага плана, а па прадметах профільных іспытаў у ВНУ — не ніжэй як «8» балаў. Зразумела, не ўсіх школьных выдатнікаў ці «харашыстаў» можна дапускаць у школу ў якасці педагогаў. Менавіта таму і ўзнікла ідэя з партфоліа...
Праца над іміджам
У сярэдзіне навучальнага года педуніверсітэт правёў рэспубліканскае апытанне навучэнцаў педагагічных класаў, а таксама настаўнікаў, якія вядуць факультатыўныя заняткі «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Высветлілася, што прычыны выбару старшакласнікамі навучання ў педагагічных класах самыя разнастайныя. Сярод іх дамінуе матыў, звязаны з жаданнем вывучаць пэўныя прадметы на павышаным узроўні (36%). На другім месцы — матыў, звязаны з гатоўнасцю звязаць сваё жыццё з педагагічнай прафесіяй (24%). Далей ідуць магчымасць паступіць на педагагічную спецыяльнасць без экзаменаў (20%) і рэкамендацыя бацькоў (18%).
Увагі заслугоўваюць і матывы, па якіх педагогі вырашылі выкладаць факультатыўны курс «Уводзіны ў педагагічную прафесію»: гэта магчымасць папулярызаваць педагагічную прафесію, дзяліцца са старшакласнікамі сваім педагагічным вопытам і ўплываць на іх рашэнне звязаць сваё жыццё з педагагічнай прафесіяй.
Даныя апытання сведчаць аб тым, што факультатыўныя заняткі дапамагаюць навучэнцам зразумець сутнасць і асаблівасці педагагічнай прафесіі: так сцвярджаюць 73% навучэнцаў і 54% настаўнікаў.
— Паказальная розніца ў адказах вучняў і настаўнікаў па гэтым пытанні. Відавочна, што педагогі больш песімістычныя ў сваіх прагнозах, чым навучэнцы, — адзначыў Аляксандр Жук. — Для нас гэта сігнал аб тым, каб мы больш давяралі вучням, іх здольнасцям да самавызначэння і рэфлексіі. Разумеючы агульнаразвіццёвую функцыю факультатыўных заняткаў, мы высвятлялі, наколькі выразна гэта праглядаецца ў змесце факультатыву і ацэньваецца навучэнцамі і настаўнікамі. Вынік адназначна станоўчы: пераважная большасць і настаўнікаў (85%), і вучняў (82%) аднадушныя ў меркаванні, што такія заняткі карысныя для асобаснага развіцця, незалежна ад таго, вучацца старшакласнікі ў педагагічным класе ці не.
І навучэнцам, і педагогам былі найбольш цікавыя тэмы «Будучыня педагагічнай прафесіі», «Імідж сучаснага педагога», блок заняткаў, скіраваных на самапазнанне сваіх здольнасцяў. Іх выбіралі ў сваіх адказах часцей за іншыя. У ліку найбольш цікавых тэм аказаліся і сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы.
«Трэба ацаніць і выкарыстоўваць патэнцыял такой формы работы з вучнямі па папулярызацыі прафесіі, як, зрэшты, і заняткі, прысвечаныя іміджу сучаснага педагога», — упэўнены Аляксандр Жук.
Саюз з бацькамі
Аптымістычнымі аказаліся і адказы на пытанне аб прафесійных намерах старшакласнікаў: траціна апытаных сцвярджаюць, што ўжо вызначыліся з выбарам педагагічнай прафесіі (34%). Але большая частка пакуль не вызначылася (56%). «Гэтыя навучэнцы з'яўляюцца нашым рэзервам, той мэтавай групай, на якую трэба будзе ў першую чаргу звярнуць увагу ў 11-м класе,» — дадаў Аляксандр Жук.
Як сведчыць атрыманы вопыт, эфектыўнасць педагагічных класаў залежыць у канчатковым выніку ад педагога, які займаецца з вучнямі. Для таго, каб сфарміраваць у старшакласнікаў матывацыю і ўмацаваць іх рашэнне выбраць педагагічную спецыяльнасць, вельмі важна, каб гэты факультатыў вялі ўлюбёныя ў сваю прафесію настаўнікі, якія дасягнулі ў ёй пэўных вышынь, прафесіяналы, якія на ўласным прыкладзе дэманструюць, што ў педагогіцы ёсць месца паспяховым і ўпэўненым у сабе людзям.
Яшчэ адзін важны кірунак — праца з бацькамі навучэнцаў педагагічных класаў, якія могуць або падтрымаць выбар дзіцяці, або, наадварот, навязаць ім сваю думку і свой выбар. Для школы яны галоўныя саюзнікі...
А ў далейшых планах БДПУ — узмацненне дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі на другой ступені школы. Рэктар паведаміў, што ў краіне ёсць установы адукацыі, гатовыя стварыць на сваёй базе педагагічную гімназію, якая прадугледжвае арыентацыю школьнікаў на педагагічную прафесію, пачынаючы з 5-га класа. У перспектыве ў кожным рэгіёне краіны хацелася б адкрыць хоць бы па адной педагагічнай гімназіі. А пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце мараць адкрыць яшчэ і педагагічны ліцэй.
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/prafesiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/pedagog
[7] https://zviazda.by/be/tags/vuchni
[8] https://zviazda.by/be/tags/pedagagichnyya-klasy