Балота Обаль у Шумілінскім раёне Віцебшчыны — адно з самых прыгожых і вялікіх у Еўропе. Днямі карэспандэнту «Звязды» пашчасціла прайсці па ім кіламетраў 18! Толькі на балоце можна зайсці нагамі на востраў, як ні дзіўна гэта гучыць, а не даплыць на лодцы... Вандроўка па дрыгве аказалася яшчэ і добрай магчымасцю пахудзець. А таксама выпрабаваннем на трываласць і веру ва ўласныя сілы. Трэба прызнацца, што натхнялі прыгожыя жанчыны. У іх можна было павучыцца вытрымцы. Званкі на мабільны з «Вялікай зямлі» на хвіліны вербальна вярталі ў цывілізацыю. А потым зноў — у «ледавіковы перыяд».
Дый ботаў няма
Прапанова выкладчыцы вясковай гімназіі два працоўныя дні патраціць на вывучэнне балота, хай і вядомага ва ўсёй Еўропе, спачатку не натхніла. «Ды і гумавых ботаў у мяне няма, як і накідкі. А калі дождж пойдзе, з парасонам жа нязручна будзе хадзіць», — як дзяўчына на выданні, «манежыўся» я. Чамусьці ўспомніў рэкламу страхавой кампаніі і тое, што сам не застрахаваны. Знаёмыя палохалі змеямі... Ды і ці мала яшчэ чаго ў балоце водзіцца?
Боты, дарэчы, прыйшлося купіць. Як знарок — у падарунак песімісту — ноччу і раніцай у дзень паездкі ліў дождж. Няўжо давядзецца хадзіць па балоце мокрым?
Да ўсяго мой таварыш фатограф Віктар Нікалаеў да апошняга не мог вызначыцца, ці паедзе. Ён не з баязлівага дзясятка. У адрозненне ад мяне, у добрай фізічнай форме. Не курыць, ужывае алкаголь вельмі рэдка і ў сімвалічных дозах. Але яму маглі перашкодзіць, скажам так, сямейныя абставіны. Зрэшты, ён выкраіў палову дня (у выніку падарожнічаў па балоце да вечара).
Інакш кажучы, настрой быў ніякі.
Хто такія захавальнікі?
Перажыванні скончыліся тым, што надвор'е стала сонечным, фатограф прыехаў да маёй хрушчоўкі. Дарэчы, апошнюю я вельмі палюбіў падчас блуканняў на балоце, але пра гэта ніжэй.
У гімназіі-інтэрнаце ў вёсцы Лескавічы Шумілінскага раёна «Звяздзе» былі рады. Потым ужо на балоце паабяцалі выпісаць экзэмпляр. А нас парадавала, што канкурэнтаў (са СМІ) было двое. Мой цёзка з раённай газеты і тэлевядучы Максім Нямчынаў, які прыехаў без здымачнай групы.
Патэнцыйныя «балотныя людзі» сядзелі ў камп'ютарным класе ля манітораў. І ў мяне нарадзілася слабая надзея, што мо і прасядзім тут да вечара? Але...
— Тут сабраліся захавальнікі тэрыторыі, важнай для птушак. Калі коратка, тутэйшыя будуць назіраць за птушкамі, якія жывуць на балоце, у рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Казьянскі», — сказала Ірына Кулікова, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб'яднання па інтарэсах «Зялёная школа» (аказалася, што яе прозвішча ў дзявоцтве — Ястрабава).
Яна адна з тых, хто рэалізуе праект «Прырода важная для ўсіх. Узмацненне прыроды праз развіццё лідарства і ўдзел мясцовага насельніцтва ў працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні». Праект рэалізуецца ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
На сайце www.іba.ptushkі.org можна зарэгістравацца ў якасці захавальніка. Рэсурс дапамагае спецыялістам вывучаць і захоўваць тэрыторыі, важныя для птушак. У цэнтры ўвагі і ласасёвыя, якія мігруюць праз Беларусь. Такім чынам кожны можа стаць актыўным аматарам прыроды.
Крок улева...
На школьным аўтобусе мы ехалі да балота Обаль-2 хвілін 50. Ёсць і Обаль-1, дзе здабываюць торф. А «наша» на сёння прыкладна такое, якім было ў ледавіковы перыяд.
— Балота цягнецца на 10-15 кіламетраў у розныя бакі. Калі плошча заказніка больш за 26 тысяч га, балота — каля 8 тысяч. Яно ўнікальнае па некалькіх паказчыках. Напрыклад, унутры яго знаходзяцца сотні азёраў. Тут шмат рэдкіх прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету. Калі наўскідку, каля 90% — з Чырвонай кнігі. Ёсць таксама мядзведзі, рысі і барсукі, — расказаў дырэктар заказніка «Казьянскі» Васіль Вінакураў.
Наш маршрут быў накіраваны на востраў. Дырэктар растлумачыў, што з часам балота «бярэ верх» над азёрамі, былыя вадаёмы становяцца астравамі, але балотнымі.
Ісці да вострава з непрывычкі было вельмі цяжка. Крок улева, управа — верагоднасць праваліцца ў багну. У галаве круцілася песня з фільма «Аперацыя «Ы»: «Мяне засмактала небяспечная багна». Заядлы курыльшчык, я хвілін праз 20 пачаў задыхацца. Пад нагамі калючыя расліны, галінкі і дрэўцы. Хадзіць непрыемна і складана.
«Залатое вока»
Гарадскім і вясковым птушкам робяць шпакоўні. Балотным і лясным — штучныя гняздзішчы.
— Гогаль звычайны — адзін з 15 відаў качак, што гняздуюцца ў Беларусі. Паляванне на яго забаронена. Англічане звярнулі ўвагу на жоўтыя вочы птушкі і назвалі яе goldeneye (у перакладзе — «залатое вока»). Сёлета ён птушка года. Гэта і нагода, каб больш актыўна дапамагаць гогалю «спраўляць наваселле», — тлумачыць Максім Нямчынаў, вядучы папулярнай праграмы Terra іncognіta канала «Беларусь 1» «Беларусь невядомая». Ён працуе ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» каардынатарам захавальнікаў тэрыторый, важных для птушак.
Падчас балотнага падарожжа быў экспертам, бо ён яшчэ і арнітолаг.
У прыродзе гогаль гняздуецца ў дуплах каля вадаёма. Для жылля неабходны спарахнелыя і гнілыя, «дзіравыя» дрэвы, якіх застаецца ўсё меней. А пабудаваць гняздо і вывесці птушанят на зямлі, як іншыя качкі, гогаль не можа. Таму ім патрэбны «домікі», як для шпакоў і сініц. Вось і робяць арнітолагі і іх памагатыя гнездзішчы і развешваюць каля вадаёмаў. Каб дапамагчы гогалю вывесці птушанят.
— Штучныя гнездзішчы даўно шырока практыкуюцца арнітолагамі. Але масавасці гэта не насіла. Будавалі трохі «домікаў» для соў і іншых птушак. Але не хапае людзей, якія ведаюць як і што рабіць, — працягвае Максім.
Знаўца ў такім будаўніцтве дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Уладзімір Іваноўскі. Ён арнітолаг з сусветнай вядомасцю. На нашых вачах вельмі лёгка залез на сасну вышынёй з чатырохпавярховы дом. Унізе ўдзельнікі экспедыцыі збіралі галінкі, іншыя будаўнічыя матэрыялы. Іх шаноўны Уладзімір Валянцінавіч падымаў на вяроўцы. Пакуль старанна працаваў, мы спрачаліся, колькі ж яму гадоў. Трохі стомлены, ён потым сказаў, што зімой споўніцца 70!
— Як правільна выбраць месца для будаўніцтва і «форму» гнездзішча? Трэба адчуць сябе, як я сёння, гогалем. І так для кожнай птушкі! — дзеліцца вопытам ён. Усяго Іваноўскі зрабіў каля 700 гняздоўяў!
Назад да цывілізацыі ён вяртаўся так спрытна і хутка, як быццам, і не працаваў на вышыні.
Хутчэй бы асфальт
Дарога назад здавалася асабіста мне пеклам. Але, што дзіўна, даволі хутка сілы аднавіліся. Наогул па сваіх адчуваннях заўважыў, што ў балоце лепш меней адпачываць. Чым больш прывалаў, тым цяжэй ісці. Затое ноччу ўпершыню за апошнія гады заснуў і не ўспомніў пра бессань.
Наступны дзень незвычайнай камандзіроўкі для мяне цягнуўся вечнасць. Цяпер мы ехалі на другі бок балота. І вось яно зноў перад вачыма. Ідзём — і раптам нехта закрычаў. Праваліўся ў багну малады мужчына. Мне пашанцавала.
А нястомны спадар Іваноўскі з дзіравым вядром у руцэ для гнездзішча сокала-драмлюка (дзербніка) усіх супакойваў. Распавядаў пра птушак і расліны.
Мае сілы былі на зыходзе. І тут раптам стала даступнай мабільная сувязь. Тэлефанавала сястра, каб у госці запрасіць. З Камітэта дзяржкантролю, каб прыйшоў на калегію. А начальніца цікавілася, калі ў водпуск збіраюся. Я адразу б пагадзіўся на ўсё прапанаванае. Уявіў асфальт, горад, будынак Камітэта дзяржкантролю. Падалося раем на зямлі — прайсціся да яго па цвёрдай дарозе. Нечым зусім фантастычным — хлебасольны стол сястры і водпуск...
І пахудзееш, і асэнсуеш
Перыядычна, хай мяне зразумеюць спадарожнікі правільна, бачыў на балоце «прывідаў». І сабаку Баскервіляў, і нейкую... кавярню. На некаторы час зноў стаў вернікам і гутарыў з нябёсамі.
Праблемай было знайсці месца прысесці. Спадар Іваноўскі раіў шукаць зязюлін лён, бо пад ім параўнальна суха. Як ні шукаў, усё не атрымлівалася. І хутка адчуваў вільгаць месцам, на якім сядзяць.
Тутэйшыя, праўда, «натхнілі» тым, што іншаземцы плацяць вялікія грошы, каб быць на маім месцы. Разам падлічылі. Па маіх падліках, за пару дзён я, калі б эміграваў, патраціў мінімум еўра 100. І гэта без візы і дарогі. А, як кажуць у Адэсе, што не патраціў або сэканоміў, — зарабіў!
У заказніку, дарэчы, рыхтуюць пакет неабходных дакументаў, каб прымаць турыстаў. Трэба стварыць інфраструктуру, каб можна было іх пасяліць, накарміць, забяспечыць бяспеку. На Захадзе вельмі модна назіраць за птушкамі, фатаграфаваць іх. Такім чынам, выдаткі могуць параўнальна хутка акупіцца.
Прыемным сюрпрызам для кіраўніка заказніка стала «адкрыццё» марошкі. Ён ведаў, што яна расце, але не ведаў, дзе менавіта. Па дарозе да лесу мы ледзь не заблукалі. Было весела, хоць зноў сілы амаль што пакінулі. У лесе, як і на балоце, было рухацца яшчэ цяжэй... І вось — о «цуд»! — аўтобус.
Паважаны спадар Іваноўскі ўсім паведаміў, што за маршрут, які мы пераадолелі, ён нам дае тытул «Тыграня балот». А «тыграў» дагэтуль пакуль што было ўсяго два (адзін з іх сам Іваноўскі), бо іх падарожжа ў разы даўжэйшае і складанейшае.
Супрацоўніца заказніка пахвалілася, што пахудзела. І сціпла прадэманстравала вынік, прасунуўшы палец у джынсы. Я падумаў пра тое, што хочуць нашы людзі ехаць за мяжу, па ўражанні ад заморскіх краін, а ў беларускіх балотах былі нямногія. А ўражанняў тут хопіць на ўсё жыццё. І балотнае паветра лечыць, і можна ўбачыць рэдкія расліны, птушак, жывёл. Але самае галоўнае — тут кожны абавязкова перагледзіць, пераасэнсуе многае са свайго жыцця. Я, напрыклад, ніколі такім стомленым і шчаслівым адначасова не вяртаўся ў сваю кватэру ў хрушчоўцы. Хай не вельмі ўтульна і цесна, але пад нагамі цвёрда.
Усе, часта надуманыя, непрыемнасці, за вушы прыцягнутыя праблемы засталіся ў балоце. Чаго і вам жадаю, як і стаць хаця б на дзень «балотнымі людзьмі».
5 фактаў пра гогаля звычайнага
* Вясной гогалі аднымі з першых спяшаюцца ў Беларусь з зімовак у Еўропе. Некаторыя застаюцца на зіму і ў нашай краіне: пагуляйце ўздоўж не замёрзлых вадаёмаў.
* З лютага самцы пачынаюць такаваць — выконваць адмысловы «танец», які прываблівае самак. Качар распускае хвост, закідвае галаву, «бразгоча» голасам і ўздымае вакол сябе фантан пырскаў.
* Качаняты выскокваюць з дупла на покліч маці. Першы выхад у вялікі свет можа пачацца з 15-метровага скоку! Птушаняты не ўмеюць лётаць і папросту планіруюць, растапырыўшы крылы і перапонкі на лапах.
* Гогаль харчуецца воднымі насякомымі, ракападобнымі і малюскамі. Ежу здабывае з дна на глыбіні да 10 метраў.
* У палёце можна пазнаць нават з заплюшчанымі вачыма: у іх па-асабліваму «свішчуць» крылы.
Шумілінскі раён
Фота Віктара Нікалаева
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pukshanskі@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/balota
[5] https://zviazda.by/be/tags/abarona-zhyvyol
[6] https://zviazda.by/be/tags/ptushki
[7] https://zviazda.by/be/tags/balota-obal
[8] https://zviazda.by/be/tags/rasliny