Ісландыя апошнім часам зноў на слыху. Перш за ўсё дзякуючы ўдаламу выступленню нацыянальнай зборнай гэтай краіны на чэмпіянаце Еўропы па футболе. Ісландцы годна, у стылі нашчадкаў вікінгаў, асадзілі зорных імпульсіўных партугальцаў. Гэтая нічыя стала насамрэч адной з сенсацый Еўра-2016. І для кагосьці сапраўдным «адкрыццём Ісландыі» — невялічкай (колькасць жыхароў астраўной дзяржавы складае каля 330 тысяч чалавек — параўнальна з насельніцтвам нашага Брэста), аднак вельмі каларытнай краіны. Яе сёлета, між іншым, як чакаецца, наведаюць каля 1,6 мільёна замежных турыстаў. Чым жа так адметная гэтая паўночная краіна?
Марскі, вільготны, пераменлівы
Літаральны пераклад сцвярджае, што Ісландыя — «краіна льдоў». Хоць насамрэч гэта не зусім так. Спецыялісты кампетэнтна заяўляюць: клімат тут марскі, вільготны і пераменлівы. Надвор'е рэзка змяняецца нават цягам сутак, што залежыць ад праходжання цыклонаў ва ўсходнім напрамку праз Атлантычны акіян. Ісландская прымаўка сцвярджае: «Калі вам не падабаецца надвор'е, пачакайце пяць хвілін і стане яшчэ горш».
Увогуле на клімат Ісландыі ўплываюць два акіянскія цячэнні: цёплае — працяг Гальфстрыма — Паўночна-Атлантычнае і халоднае — Усходне-Грэнландскае, а таксама дрэйфуючы паўночны лёд, які збіраецца на паўночным і ўсходнім узбярэжжы. У самыя цёплыя месяцы (ліпень, жнівень) тэмпература паветра складае каля +20 градусаў, у студзені — каля -1 градуса.
Засяленне Ісландыі адбылося ў ІX стагоддзі ў выніку аб'яднання Нарвегіі пад уладай караля Харальда І. Многія сем'і, якія ўступілі ў канфлікт з Харальдам, былі вымушаны збегчы ў пошуках новага месца для жыцця. Па меры засялення ў Ісландыі сфарміравалася дзяржаўная сістэма. У кожнай вобласці быў цінг (сход, аналаг веча), на якім вяршыўся суд і вырашаліся спрэчкі. Для вырашэння найбольш важных пытанняў прадстаўнікі абласцей збіраліся ў пачатку лета на альтынг пад кіраўніцтвам асаблівай асобы — законагаварыцеля.
Упершыню альтынг быў скліканы ў 930 годзе, і менавіта з гэтай даты адлічваецца эпоха народаўладдзя. У 1262-м Ісландыя была вымушана падпісаць так званы «Стары дагавор» з Нарвегіяй, па якім яна прызнавала вярхоўную ўладу нарвежскіх каралёў, а тыя, у сваю чаргу, абавязваліся накіроўваць ісландцам штогод па некалькі караблёў з лесам, збожжам і іншымі таварамі.
Дынастычная міграцыя ўлады ў скандынаўскіх краінах адпаведна змяняла і падпарадкаванне Ісландыі. 23 лютага 1551 года ў Ісландыі ўспыхнула паўстанне супраць дацкага панавання. Штуршком да яго паслужыла пакаранне апошняга ісландскага каталіцкага біскупа Ёна Арансана і яго сыноў. Паўстаўшыя ісландцы перабілі ўсіх датчан, якія знаходзіліся на востраве. Аднак карнай экспедыцыі дацкага караля Крысціяна ІІІ няцяжка было навесці «парадак» у маленькай краіне...
У 1567 годзе ў ісландскіх сялян аднялі зброю, і ім давялося надоўга змірыцца з чужаземным панаваннем.
Пасля скасавання дацка-нарвежскай уніі ў 1814-м астраўныя ўладанні Нарвегіі, уключаючы Ісландыю, пакінулі ў складзе Даніі. У 1845-м быў адноўлены парламент, які захаваў старажытнаісландскую назву «альтынг».
1 снежня 1918 года Ісландыя была абвешчаная незалежным каралеўствам, праўда, у асабістай уніі з Даніяй. У маі 1940 года Вялікабрытанія захоплівае «краіну льдоў» і ў 1941-м перадае права акупацыі вострава ЗША. З 17 чэрвеня 1944 года Ісландыя здабывае поўную незалежнасць, становіцца рэспублікай. Гэты дзень адзначаецца тут як дзяржаўнае свята.
На мяжы банкруцтва
Ісландыя мае вельмі мала прыродных рэсурсаў. Тут няма нафты, газу, вугалю і нават лесу, а сельскагаспадарчы патэнцыял краіны, 11 працэнтаў тэрыторыі якой займаюць ледавікі, вельмі абмежаваны. Рыба і прадукты з яе — галоўная галіна экспарту Ісландыі (у перыяд з 1881 па 1976 год — каля 90 працэнтаў ад агульнага аб'ёму паставак за мяжу). Па сутнасці, пытанне захавання рыбных запасаў — гэта пытанне выжывання краіны.
Пасля атрымання незалежнасці эканоміка Ісландыі значна ўмацавалася, павысіўся жыццёвы ўзровень насельніцтва. У гэтых адносінах яна апярэдзіла іншыя скандынаўскія краіны і ўвайшла ў лік самых багатых краін свету. Эканамічны рост у 1996—2001 гадах складаў 3-5 працэнтаў у год. Ужо ў 2002-м больш за 220 тысяч ісландцаў карысталіся інтэрнэтам. Дарэчы, у 2007-м ААН прызнала Ісландыю лепшай краінай для жыцця ў свеце.
Праўда, былі тут і свае «шкілеты ў шафе». Да 2008 года ісландская эканоміка ўяўляла сабой велізарную фінансавую «бурбалку», у якой доля банкаўскага сектара ў 10 разоў перавышала ВУП. У астраўныя банкі пад высокія працэнты сцякаліся грошы з усяго свету. Краіна жыла ў крэдыт, па сутнасці ператварыўшыся ў велізарны хедж-фонд і не зазіраючы ў будучыню. Простыя ісландцы, атрымліваючы свой кавалак фінансавага пірага, заплюшчвалі вочы на велізарны ўзровень карупцыі і на дзівацтвы новых гаспадароў жыцця — банкіраў-нуварышоў, разбагацелых на фінансавых спекуляцыях, якія скуплялі самалёты і яхты і кідаліся грашыма направа і налева.
І вось «бурбалка» лопнула. Тры найбуйнейшыя ісландскія банкі абанкруціліся і былі нацыяналізаваны. Адны банкіры беглі за мяжу, іншыя атрымалі турэмныя тэрміны. Курс ісландскай кроны ўпаў на 60 працэнтаў, вельмі моцна згарнуўся і фондавы рынак. У банкаўскай сістэме краіны пачаліся сур'ёзныя праблемы. Ісландыя фактычна апынулася на мяжы банкруцтва. За 2009 год рэальны паказчык ВУП краіны скараціўся на 6,8 працэнта, што было абумоўлена падзеннем практычна напалову агульнай колькасці інвестыцый у такія сектары эканомікі, як будаўніцтва і сфера паслуг. Крызіс сур'ёзна паўплываў і на сітуацыю на рынку працы — узровень беспрацоўя дасягнуў рэкордных 9,4 працэнта.
З тыпова ісландскім аптымізмам жыхары вострава ўгледзелі ў фінансавым крызісе новыя магчымасці.
«Зараз можна пачаць з чыстага ліста. Хто ведае, можа быць, гэта наш шанц пабудаваць яшчэ больш справядлівае і адкрытае грамадcтва, у якім улада будзе размеркавана больш раўнамерна, а ранейшыя шкурныя інтарэсы і эканамічныя блокі сыдуць у мінулае», — пісаў адзін з тутэйшых журналістаў.
І выйсце з багны было знойдзена. Раней Ісландыя была практычна краінай монакультурнай гаспадаркі — асноўнай крыніцай даходаў былі рыбалоўства і апрацоўка рыбы (32 працэнты агульнага аб'ёму прамысловасці ў 2001-м). Аднак у апошнія гады адбываецца інтэнсіўная дыверсіфікацыя прамысловасці на аснове таннай аднаўляльнай энергіі (у асноўным — геатэрмальныя крыніцы і гідраэнергетыка).
Урад Ісландыі абвясціў аб маштабнай праграме па будаўніцтве алюмініевых заводаў. Таксама актыўна развіваюцца біятэхналогіі, турызм, банкаўскі бізнес, інфармацыйныя тэхналогіі. Па структуры занятасці Ісландыя выглядае як прамыслова развітая краіна: у сельскай гаспадарцы занята 7,8 працэнта, у прамысловасці — 22,6; а ў сферы паслуг — 69,6 працэнта працаздольнага насельніцтва.
На радзіму «Гульні прастолаў»
Цікавы расклад атрымаўся і з уступленнем Ісландыі ў Еўрасаюз. Справа ў тым, што краіна адклікала сваю заяўку ў сакавіку 2015 года. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла пытанне пра будучыню рыбалоўства, па-ранейшаму стратэгічнай галіны эканомікі Ісландыі. Уступленне ў Еўрасаюз азначала б для Рэйк'явіка далучэнне да сістэмы квот на вылаў рыбы. Аднак, будучы членам Еўрапейскай эканамічнай прасторы (мадэль эканамічнай інтэграцыі Еўрапейскага саюза і Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю), Ісландыя і без сяброўства ў ЕС можа бяспошлінна экспартаваць сваю рыбную прадукцыю ў Еўрасаюз, ні з кім не дзелячыся рыбнымі багаццямі. Пры ўзроўні валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва 46,6 тысячы долараў і тэмпах росту эканомікі ў 2015 годзе больш за 4 працэнты ісландцы не збіраюцца дзяліць рызыкі, якія стварае палітыка Бруселя. Настроі жыхароў Ісландыі падсумаваў міністр замежных спраў Гунар Свенсан: «Інтарэсам дзяржавы больш адпавядае знаходжанне па-за Еўрасаюзам».
Перспектыўны кірунак — развіццё турызму. Дзівосная прырода краіны з яе ледавікамі, фіёрдамі, гарачымі крыніцамі, белымі начамі, непаўторнымі маршрутамі штогод прыцягваюць у Ісландыю больш за 1 млн турыстаў з усяго свету. Летась прыехала больш за 1,2 млн чалавек, а ў бягучым годзе чакаецца 29-працэнтны рост колькасці наведвальнікаў — прыблізна 1,6 млн турыстаў паспрабуюць убачыць усе тыя прыгажосці, якімі славіцца Ісландыя. Гэта прыкладна 30 тыс. чалавек у дзень. Дарэчы, Ісландыя ўвайшла ў дзясятку самых турыстычных краін свету — тут больш за ўсё падарожнікаў у разліку на душу насельніцтва. Цікава, што істотную долю турыстаў складаюць прыхільнікі тэлесерыяла «Гульня прастолаў», якія імкнуцца наведаць месца здымак фэнтэзі.
Улады знайшлі спосаб абараніць унікальную прыроду і традыцыйную культуру краіны, бо тыя надзвычай пакутуюць ад турыстаў, якія штогод наведваюць гэтую краіну.
Так, будуць уведзены абмежаванні для ўладальнікаў жылля, якія здаюць яго праз сэрвіс Aіrbnb. Менавіта ім карыстаецца большасць гасцей самай міралюбівай краіны, бо гатэляў не хапае на ўсіх. За апошні год колькасць пакояў і кватэр, якія здаюцца адпачывальнікам праз Aіrbnb, павялічылася ў Ісландыі на 124%. Прычым рынак кароткатэрміновай арэнды пашырыўся настолькі, што пацярпеў сектар доўгатэрміновай арэнды: уладальнікі жылля аддаюць перавагу рабоце з турыстамі, а не з пастаяннымі наймальнікамі. У найбліжэйшай будучыні такім уласнікам нерухомасці прыйдзецца плаціць падатак на прыбытак як прадпрымальнікам. «Мы не хочам, каб у цэнтры Рэйк'явіка былі адны турысты і ні аднаго мясцовага жыхара», — заявіла дырэктар нацыянальнага турыстычнага офіса Vіsіt Reykjavіk Аусільдр Брагадоцір.
І яшчэ. Перад пачаткам Еўра-2016 вызначылі прыгажуню турніру. Пераможцай прызналі 21-гадовую ісландку Арнан Ёнсдоцір, якая атрымала акрамя кароны прэмію ў 3000 еўра. Другое месца заняла немка Лена Брудзер, трэцяе — партугалка Ганна Клаўдыя Бомфін. Так што Ісландыя на Еўра-2016 ужо ўсіх перамагла. І гэта самая прыгожая перамога. Ці не так?
burak@zvіazda.by [4]
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] mailto:burak@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/islandyya