“Пешеходка.бел” – адзін з самых буйных вулічных праектаў за апошнія гады ў Мінску. Гэтаму мерапрыемству ўжо не першы год. Праўда, такі маштаб яно набыло толькі ў 2016-ым: лета ў Мінску яшчэ ніколі не было настолькі жывым і актыўным.
У гэтыя выходныя праект атрымаўся асабліва цікавым, кантрасным і глабальным. Субота праверыла беларусаў на цягавітасць. У гэты дзень быў пабіты тэмпературны рэкорд за 109 гадоў! Але анамальная спякота не стала перашкодай на шляху да творчасці. Людзі, у тым ліку і турысты, збіраюцца вакол "культурных" пляцовак.
Што, зразумела, становіцца нагодай для з’яўлення ў Старым горадзе не толькі стацыянарных шапікаў з сувенірамі, але і часовых кропак гандлю. На працягу дня тэмпература зніжалася, а колькасць людзей павялічвалася. Таму каля Ратушы на канцэрце групы Intelligency гледачоў было досыць.
Дарэчы, адбывалася адна цікавая рэч, апетая калісьці Вольскім, - горад нібы падзяліўся на Менск і Мінск. У старой яго частцы (Верхнім горадзе) ва ўсю "грукатала" вулічнае мастацтва. А ў новай, каля Палаца Спорту, святкавалі Дзень вышыванкі з шашлыком і “традыцыйнымі забавамі”. “Мы жывем адначасова ў двух гарадах, падваенне асобы зрывае нам дах, дык няўжо нам ніколі ня склеіць, ня сшыць, Менск і Мінск – дзьве паловы сталічнай душы”.
У Дзень незалежнасці "пешеходка" таксама не расчаравала, аднак стала яшчэ адным выпрабаваннем стойкасці беларусаў. Навальніца, вецер і маланка наведалі Мінск. З-за непрыстасаванасці пляцовак да такіх умоў, шэраг выступаў прыйшлося адмяніць. Але нават аранжавы ўзровень небяспекі не перашкаджаў атрымліваць асалоду ад музыкі. Пад вечар надвор’е ўсё ж такі дало гледачам трохі расслабіцца і канцэрт гурта J:морс адбыўся.
На мой погляд, выходныя паказалі, што жыхары і госці Мінска гатовыя прайсці агонь, ваду і медныя трубы на шляху да мастацтва. А “Пешеходка.бел” будзе працаваць на працягу ўсяго лета, па выходных з 12.00 да 22.00.
Яна Мусвідас