Беларускія парламентарыі на чале з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктарам Гумінскім прымаюць удзел у 25-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацый па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ). Мерапрыемства праходзіць з 1 па 5 ліпеня ў Грузіі.
У складзе беларускай дэлегацыі ў Тбілісі таксама працуюць старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Уладзімір Сянько і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валянціна Лявоненка. Асноўная тэма, якая абмяркоўваецца на сесіі — умацаванне даверу праз дыялог за 25 гадоў парламенцкага супрацоўніцтва. Арганізатары мерапрыемства заклікаюць да пацвярджэння абавязацельстваў дзяржаў-удзельніц па асноўных прынцыпах ПА АБСЕ і накіравання сумесных намаганняў на захаванне міру і бяспекі.
На абмеркаванне парламентарыяў выносяцца тры рэзалюцыі агульных камітэтаў ПА АБСЕ і 19 дадатковых рэзалюцый, якія датычацца самых розных пытанняў, у тым ліку трыццатай гадавіны чарнобыльскай катастрофы, распрацоўкі эфектыўных мер рэагавання на крызісы і канфлікты, міграцыі і правоў бежанцаў, барацьбы з гвалтам і дыскрымінацыяй, процідзеяння карупцыі, рацыянальнага прыродакарыстання.
Хоць падводзіць вынікі Парламенцкай асамблеі яшчэ рана, для нашай краіны ўжо ёсць пазітыўная навіна. Удзельнікі пасяджэння Пастаяннага камітэта ПА АБСЕ аднагалосна прынялі рашэнне аб правядзенні 26-й штогадовай сесіі ў Мінску. Плануецца што яна пройдзе налета з 2 па 9 ліпеня. Віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі выказаў падзяку ўсім членам Пастаяннага камітэта за высокі давер, які яны аказалі беларускаму боку, і запэўніў калег, што наша краіна зробіць усё, каб забяспечыць належныя ўмовы ў адпаведнасці з патрабаваннямі асамблеі.
Віктар Гумінскі таксама перадаў старшыні ПА АБСЕ Ілке Канерве ліст старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі з запрашэннем для Парламенцкай асамблеі АБСЕ прыняць удзел у міжнародным назіранні за выбарамі ў парламент Беларусі. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў заявіў, што беларускі бок разлічвае на непрадузяты падыход і аб'ектыўную ацэнку выбарчай кампаніі з боку міжнародных назіральнікаў, а таксама на працяг канструктыўнага дыялогу і ўзаемадзеяння пасля іх правядзення.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:krуzhеvісh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/abse
[5] https://zviazda.by/be/tags/sesiya-pa-abse
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktar-guminski
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-syanko
[8] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-lyavonenka
[9] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka