Для многіх летнія месяцы — час адпачынку. Але для цяперашніх выпускнікоў — гэта гарачы час паступлення ў вышэйшыя ці сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, момант выбару жыццёвага шляху.
— Вельмі хвалявалася, калі год таму паступала ва ўніверсітэт, — успамінае мая знаёмая, студэнтка першага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. — Думала, што будзе вельмі складана, асабліва першы час. Усё ж такі новыя людзі, выкладчыкі. Але аказалася ўсё зусім не так, як я сабе ўяўляла. Новая абстаноўка пайшла мне толькі на карысць, я знайшла шмат новых сяброў. У сталіцы стала лепш арыентавацца. Але не варта надта расслабляцца. Ва ўніверсітэце ўсё нашмат больш сур'ёзна, чым у школе. Вучыцца досыць няпроста, але вельмі цікава. Хачу дадаць, што важна выбраць навучальную ўстанову і спецыяльнасць, якія вам даспадобы. Бо ад вашай вышэйшай адукацыі будзе залежаць будучая прафесія, якая павінна прыносіць не толькі добры заробак, але і станоўчыя эмоцыі, маральнае задавальненне.
...Я таксама сёлета выпусцілася са сцен сваёй Мар'інагорскай гімназіі. З выбарам будучай прафесіі вызначылася досыць даўно, хоць і ішла да яго маленькімі крокамі, узважваючы кожны бок сваёй будучай спецыяльнасці. Жадаю кожнаму выпускніку 2016 года паспяхова паступіць у выбраную ўстанову, выйсці з яе сцен кваліфікаваным спецыялістам, а самае галоўнае — знайсці сваё месца ў жыцці.
Кацярына Груша, выпускніца Мар'інагорскай гімназіі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/marinagorskaya-gimnaziya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0