Па традыцыі ў аграгарадку Александрыя 9-10 ліпеня 2016 года пройдзе двухдзённы фестываль «Александрыя збірае сяброў — 2016», прысвечаны самаму таямнічаму і казачнаму славянскаму святу — ночы на Івана Купалу. Цэнтральным мерапрыемствам святкавання стане гала-канцэрт «Купальская казка», створаны дырэкцыяй спецыяльных праектаў тэлеканала АНТ пры ўдзеле больш як 200 прадстаўнікоў эстрады і творчых калектываў Беларусі і суседніх краін. І ўвазе тэлегледачоў ён будзе прадстаўлены 10 ліпеня ў вячэрнім эфіры.
Аўдыторыя зможа акунуцца ў містычную атмасферу Купалля, стаць непасрэдным удзельнікам чараўніцтва, што адбываецца ў купальскую ноч. Як абяцае аўтар сцэнарыя «Купальскай казкі» Максім Сокал, нас чакае сапраўднае чараўніцтва. Паводле яго слоў, у спектаклі будзе з чаго пасмяяцца і чым замілавацца, казка для дарослых нікога не пакіне абыякавым. Перыпетыі паміж героямі, любоўная лінія ў казачным антуражы будуць гарманічна спалучацца з яркімі выступленнямі эстрадных выканаўцаў і заслужаных калектываў, сярод якіх Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, ІVAN, Георгій Калдун, заслужаная артыстка Украіны Таісія Павалій і многія іншыя.
Гасцей фестывалю і гледачоў тэлеканала АНТ чакае займальнае музычнае шоу з мноствам «магічных» спецэфектаў, якое стане выдатным працягам добрай купальскай традыцыі мінулых гадоў.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] mailto:drapko@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[7] https://zviazda.by/be/tags/kupalle
[8] https://zviazda.by/be/tags/ant