У сталіцы пройдуць прэстыжныя гонкі Еўратура.
Каля 150 спартсменаў з 14 краін прымуць удзел у "Кубку Мінска" (8 ліпеня) і "Гран-пры Мінска" (9 ліпеня).
Гэтыя міжнародныя шашэйныя велагонкі ўнесены ў каляндар Еўратура Міжнароднага саюза веласіпедыстаў, што дазваляе спартсменам змагацца не толькі за медалі і каштоўныя прызы, але і за рэйтынгавыя ачкі, якія спатрэбяцца спартсменам на чэмпіянатах свету, Еўропы і Алімпійскіх гульнях. Таму турніры ў Мінску стануць досыць прадстаўнічымі, на старт выйдуць спартсмены з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Казахстана, Азербайджана, Італіі, Польшчы, Кітая, ЗША, Ізраіля, Чэхіі і Малдовы.
Наша краіна будзе прадстаўлена практычна ўсімі наймацнейшымі велагоншчыкамі. Ад Беларусі ўдзел у спаборніцтвах возьмуць пяць каманд: кантынентальная каманда "Мінск", зборная Беларусі, каманды Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі і Мінскага гарадскога цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, а таксама зборная Мінскай вобласці.
Сёння праграму спаборніцтваў адкрые "Кубак Мінска", гонка працягласцю 176 км стартуе ў 11.00 ад Палаца спорту па праспекце Пераможцаў, велагоншчыкі выедуць за горад, дзе іх чакаюць 5 колаў даўжынёй 31,5 км вакол Мінскага мора. Пасля чаго гонка вернецца ў горад і арыентавана ў 15.00 фінішуе каля Палаца спорту.
Заўтра, 9 ліпеня, пройдзе "Гран-пры Мінска" - маршрут гонкі будзе пралягаць па гарадскіх вуліцах, старт запланаваны на 14.00. Веласіпедысты праедуць 10 колаў па 12 км. На кожным з іх спартсменаў чакаюць прамежкавыя фінішы, за перамогі на якіх будуць налічвацца ачкі. Уладальнік найбольшай колькасці балаў пасля заканчэння гонкі будзе ўдастоены майкі "Самага актыўнага гоншчыка" і спецыяльнага прыза.
Арганізатары абяцаюць стварыць цікавае мерапрыемства не толькі для прафесійных спартсменаў, але і для простых велааматараў. Пакуль гоншчыкі будуць вызначаць наймацнейшага на дыстанцыі, на пляцоўцы каля Палаца спорту будзе функцыянаваць зона з масай конкурсаў і забаў на веласіпедную тэматыку.
Дар'я Лабажэвіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/euratur
[4] https://zviazda.by/be/tags/velagonki
[5] https://zviazda.by/be/tags/velasipedny-sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/velasiped
[7] https://zviazda.by/be/tags/velasipedyst