У Навагрудку адбыўся экафестываль «Зялёная эканоміка як беларускі культурны код», арганізаваны раённым выканаўчым камітэтам і прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў нашай краіне.
Галоўнай падзеяй свята стала адкрыццё ў горадзе сартавальнай лініі цвёрдых бытавых адходаў. Яна дазволіць значна знізіць нагрузку на экалогію раёна, а мясцовая камунальная служба зможа не толькі ўтылізаваць смецце на сучасным узроўні, але і атрымліваць ад гэтага эканамічную выгаду.
Аб уводзе такога аб'екта паклапаціліся Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Навагрудскі райвыканкам і праект «Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. За сродкі ЕС (795 935 еўра) сартавальную лінію аснасцілі сучасным абсталяваннем — кантэйнерамі для адходаў, смеццявозамі, прэсам, пагрузчыкам. А беларускі бок выдаткаваў 6,5 мільярда рублёў на праектныя, мантажна-будаўнічыя работы і частку абсталявання.
На цэнтральнай плошчы Навагрудка свае шатры разгарнулі 8 «зялёных» праектаў, якія ажыццяўляюцца ў розных рэгіёнах Беларусі пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Удзельнікі фестывалю гулялі ў энергаэфектыўныя віктарыны, з дапамогай «анлайн-калькулятараў» вучыліся эканоміць на паслугах ЖКГ, знаёміліся з будовай сонечных батарэй і электрабайкаў. Дарэчы, сёлета гэта ўжо другое гарадское свята ў рэспубліцы пад слоганам «Зялёная эканоміка як беларускі культурны код» — першае адбылося ў Полацку. Мяркуецца, што на працягу лета мабільны дэсант «зялёных» праектаў пабывае і ў іншых гарадах краіны.
У тэму
На фестывалі ў Навагрудку праекты Праграмы развіцця ААН «Зялёная эканоміка» і «Энергаэфектыўнасць у школах» прадставілі дзве інтэрактыўныя гульні, якія папулярызуюць ідэі энергаэфектыўнасці, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, адказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя. Гульня «Зялёная эканоміка» (для мабільных тэлефонаў і планшэтаў) знаёміць з «зялёнай» энергетыкай, экатурызмам, правільным абыходжаннем з адходамі, «зялёным» транспартам. А настольная гульня «Энергаполіс» прапануе прыгодніцкую прагулку з прадстаўленнем практычна ўсіх сучасных «зялёных» тэхналогій. Пасля праходжання гульні ўдзельнікі атрымаюць уяўленне, як можа і павінен выглядаць «зялёны» горад будучыні.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Фота прадастаўлена агенцтвам EZERІN,COM.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] mailto:prakopchіk@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekafestyval
[6] https://zviazda.by/be/tags/navagrudak
[7] https://zviazda.by/be/tags/adhody
[8] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne