Здалёк: на дзень народзінаў вагу падарылі, у калідоры стаіць — на «раздарожжы». А таму, дзе быўшы, станеш і ўзважышся...
Ці паверыце: перад ад'ездам на фестываль народнага гумару важыла 63 кілаграмы, пасля прыезду — 61 (з хвосцікам). За два дні амаль два кілаграмы! Без фізічных нагрузак, без ніякіх дыет... Ды гэта ж мара! А то і фантастыка, якую спраўдзіў, трэба разумець, звычайны смех?!
Пачаўся ён, як заўжды, па дарозе ў Калінкавічы, бо з сабой, па-першае, была кніга пісьменніка Уладзіміра Ліпскага і мастака Алега Карповіча «Тармазні над Аўцюкамі», а па-другое, ся́бры фестывальнага журы на хаду развучвалі новую песню Міколы Шабовіча з прыпевам:
Аўцюкоўцы, аўцюкоўцы,
Шчырыя мае вяскоўцы,
Каласкі мае, калінкі,
З вамі дні, як мёд!
А таму, шаноўны Ліпскі,
Ты пакінь свой клопат мінскі
І ўздымай хутчэй у неба
Гулкі верталёт.
Прычым тут верталёт? Ды на адным з папярэдніх фестываляў у Аўцюках і сапраўды адкрыўся аэрапорт, а напярэдадні вось гэтага, восьмага па ліку, і... суднаходны рух. Ва ўсякім разе, першы карабель (амфібія, бо ён яшчэ і на колах) ужо «тармазнуў» ля музея народнага гумару.
Удалае месца, бо пабудаваны музей каля бойкай шашы М-10 Гомель—Брэст па адмысловым праекце, з прыгожага дрэва, з любоўю. (Дарэчы, падчас адкрыцця з-за спіны гучала: «Вось бачыш — музей, а ты ўсё — царква ды царква...».) Храм... народнага гумару!
І пры ім — карчма «Ганарысты парсюк». Дарэчы, ён, запрэжаны ў павозку, нібыта імчыць там, над сталамі, у памяшканні. Знадворку ж...
Як тады, як некалі, як у найлепшых дамах беларусаў на сонейку сушыцца... кумпяк, прычым не абы-які, а проста неабдымны, ад якога так і адкроіў бы скрылік — колькі б ні каштаваў...
Аднак пры блізкім разглядзе разумееш: траціцца, на жаль, не давядзецца, бо кумпяк той... з дрэва.
— У астатнім жа нідзе і ніякага падману, — смяецца Аляксандр Драгун, украінскі бізнесмен і ганаровы аўцюк, які пабудаваў гэты цуд пры дарозе. — У адрозненне ад іншых рэстаранаў у нас можа не быць нейкіх экзатычных ці дужа далікатных страў, але беларускія нацыянальныя ёсць заўсёды. Перад кухарамі, афіцыянткамі з першых дзён пастаўлена задача карміць людзей, як дома, — смачна, сытна, — і дзяўчаты вельмі стараюцца.
Можна, значыць, пад'есці, можна адпачыць.
Варта сказаць, што пляцоўка пры музеі народнага гумару павялічылася ў разы. У прыватнасці, з'явіўся яшчэ адзін цікавы турыстычны «аб'ект» — так званая лава прымірэння, уладкаваная так, што, толькі прысеўшы на яе, канфліктуючыя бакі хоць-нехаць «ідуць» на збліжэнне, пачынаюць хінуцца адзін да аднаго, пакуль урэшце не абнімуцца, не пацалуюцца і не памірацца! «Патрэбная рэч!» — прызналі аўцюкоўцы. І адкрывалі яе, як заўсёды, з помпаю (літаральна: гэта значыць, што быў у час адкрыцця і аглушальны «салют», і феерверк, і... вада з пажарных машын).
Уладзімір Ліпскі, пісьменнік, старшыня журы: «У мяне яшчэ з першых фестываляў ёсць мара — расшукаць у Беларусі ўсіх гумарыстаў. Ну ёсць жа, ёсць такія людзі! Мне вось шафер неяк кажа: «От, каб міліцыянер не падышоў, каб дзверцу ў машыне не адчыніў і каб я не вываліўся, то чорт бы ён здагадаўся, што я п'яны». Спачатку слухаеш — усё як быццам сур'ёзна, а потым... Мы смяемся, ён смяецца... І ўсім добра! Смех узвышае душу, ён, калі можна гэтак сказаць, раўняе спіны, прымушае паважаць чалавека ў чалавеку... І нас як нацыю.
Яшчэ адна мара: хачу, каб была створана пастаянная дырэкцыя і каб яна працавала паміж фестывалямі, каб у краіне адкрылася кавярня з назвай, напрыклад, «Каласок і калінка». А што? Хай людзі прыходзяць, хай расказваюць тут анекдоты, хай слухаюць прыпеўкі, танцуюць пад гармонік... А ты, як той казаў, слухай не слухай, а брахаць не перашкаджай».
Але ж гэта потым. Спачатку прагучалі прывітальныя словы намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Прывалава, намесніка міністра культуры Васіля Чэрніка, старшыні Калінкавіцкага райвыканкама Івана Піліпца; на матацыклах, з эскортам, з розных бакоў пад'ехалі старшыні «варагуючых» Вялікааўцюкоўскага і Малааўцюкоўскага сельскіх Саветаў. На трактары, уся ў чырвоным, падкаціла рэферы — старшыня Сыродскага сельскага Савета... І быў нават бой, які скончыўся на той лаве...
Назаўтра свята перамясцілася «на асфальт» — на галоўную плошчу райцэнтра. Вяскоўцы, з якімі пашчасціла паразмаўляць, казалі, што гэта дужа дрэнна, што туды не даедзеш...
А да іх прыкладна тое ж казалі... гараджане.
Карацей, дагадзіць усім не атрымалася нават у Бога, што ўжо казаць пра людзей!
Факт, што ў абедзвюх фестывальных пляцовак ёсць багата як плюсоў, так і мінусаў. Але ж па сённяшнім часе лічаць не толькі іх, але і... грошы — на падвоз людзей, на арганізацыю гандлю, на бяспеку... У горадзе ўсе гэтыя пытанні вырашаюцца прасцей — тым больш, калі ведаць, колькі з'язджаецца народу. Ды адных гумарыстаў сем камандаў (з кожнай вобласці і горада Мінска!
Столькі ж сёлета было і намінацый, гэта значыць, што паміж сабой спаборнічалі тэатры мініяцюр, выканаўцы жартоўных песень і танцаў, анекдотчыкі, прыпевачнікі...
Апроч таго, у абавязковай праграме фестывалю былі інсцэніроўкі па творах адкрывальніка Аўцюкоў Уладзіміра Ліпскага і нават конкурс прыгажосці «Міс Аўцюкі-2016».
Забягаючы наперад, скажам, што здзіўлялі і радавалі многія гумарысты. Само сабой — гаспадары: народны тэатр народнага гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы», само сабой — народныя жартоўныя калектывы «Дубінскія фанабэры» і «Тары-бары» з Міншчыны.
Цёпла прымалі гледачы (а іх — цэлая плошча!) выступленні тэатра «Люстэрка» з Гомельскага ўніверсітэта, драматычнага калектыву «Вандроўнікі» з Віцебска, ансамбля народнай песні «Шчадрэц» з Краснаполля, «Драгічынскага смехаўя»...
Мікалай Змушка, былы старшыня Малааўцюкоўскага сельскага Савета: «Некалі ў нас быў адзін дзень, калі ў вёску з'язджаліся ўсе, хто выехаў. Гэта, вядома ж, Радаўніца. Цяпер людзі прыязджаюць на фестывалі народнага гумару, чакаюць іх, загадзя рыхтуюцца, прыбіраюць хаты, падворкі... Бо нельга ж жыць толькі сям'ёй ды працай. Людзям патрэбна свята».
Але ж «фішкай» фестывалю стаў конкурс «Міс Аўцюкі».
На гэтае званне прэтэндавалі сем прыгажунь, прычым абсалютна розных — па росце, узросце, па сваіх, так бы мовіць, параметрах... Ад удзельніц ніхто не патрабаваў набіўшых аскому 90х60х90 — сантыметраў па грудзях, таліі і сцёгнах. Напэўна, таму яны і змаглі раскрыцца, паказаць сябе ў іншым і ва ўсёй красе.
Было, карацей, на што паглядзець і каго паслухаць! Журы, падводзячы вынікі, не на жарт паспрачалася, бо кароны — сапраўднай, залатой (адмыслова, па-майстэрску зробленай з такой жа залатой саломы) заслугоўвалі і Таццяна Трыбуналава з Мінска, і Вікторыя Чараповіч з Маладзечна, і Алена Мікуліч з Глуска, і, вядома ж, Алена Стальмашук з Драгічына! Як і Раіса Грыбовіч з Віцебска ды Вікторыя Хамчукова з Ваўкавыска...
І ўсё ж — шляхам абмеркавання ды галасавання — перамога была прысуджана хутчэй місіс, чым міс — маці траіх дзяцей Нэлі Засінец з Ельска...
Гэта былі дзеі з адной пляцоўкі, а ўсіх без малога... 20. І ўсе яны вабілі не менш — музыкай, прыпеўкамі, хараством, яркімі фарбамі і такімі ж пахамі. Прычым шчыравалі над іх «вытворчасцю» не толькі прадстаўнікі фірмаў грамадскага харчавання. Паказаць сябе была магчымасць ва ўсіх прадпрыемстваў. Вось яны і стараліся: афармлялі свае рэкламныя стэнды (цуд якая прадукцыя ў мясцовага хлебазавода, у зверагаспадаркі, у мэблевага камбіната... Не кажучы ўжо пра мясакамбінат...)
Загадзя «абжывалі» свае «пляцоўкі» і сельсаветы, каб тым самым паказаць гасцям усе мясцовыя таленты: ад бабуліных тканых посцілак, вышываных дываноў, сурвэтак — да музыкі, прыпевак, анекдотаў, да сталоў, якія літаральна прагіналіся пад талеркамі з рознай смакатой.
Што важна — грошай за яе тут, можна сказаць, не прасілі (хіба што жартам): частавалі задарма, а месцамі (па сакрэце) нават налівалі — на гарызантальны пальчык... І — па аўцюкоўскай традыцыі — спачатку сабе (бо раптам не хопіць).
А яшчэ там дэманстраваліся аўцюкоўскія вынаходкі ў выглядзе кішэннага млына, шапкі-невідзімкі, тачыла для нажоў, славутага бульбулятара (боты-скараходы нехта скраў). І шмат што прадавалі. Адна кабета — дык нават мужа, за 5 мільёнаў (у старых грашах). Казала, што ён дужа добры і дырэктарам працуе, але ж нейкім няправільным, бо іншыя начальнікі ўсё цягнуць у дом, а ён, наадварот, — з дому...
Трэба сказаць, што мужчына быў і сапраўды вельмі сімпатычны! І цікавы ж, але не купляў чамусьці ніхто: можа, баяліся жанкі, а можа, грошай пры сабе не мелі...
Тадэвуш Стружэцкі, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры: «Гумар нездарма называюць упрыгажэннем нацыі. І калі б фестывалю ўдалося захаваць традыцыю швэндання па вясковых падворках, а калектывам — узняць свой творчы ўзровень, нашы Аўцюкі не саступілі б ні балгарскаму Габраву, ні ўкраінскай Адэсе».
Што, дарэчы, і не дзіва, бо многія прыходзілі сюды пасля наведвання выстаўкі рамеснікаў і горада майстроў, дзе чаго толькі не было: прыгажэнныя плеценыя з лазы і кашолкі, саламяныя капелюшы, сувенірныя дамавічкі ды падкоўкі, вытканыя спецыяльна да свята ручнікі, сурвэткі...
— Жывыя нашы традыцыі, — расказвала кіраўніца Акцябрскага раённага Дома рамёстваў Таццяна Халадок. — Мы ведаем нашых майстрых, стараемся падтрымаць іх, зацікавіць дзяцей ткацтвам, вышыўкай... Дзякаваць Богу, у апошні час гэта стала знаходзіць попыт. Наша Марыя Іванаўна Сарнаўская, напрыклад, на заказ тчэ імянныя вясельныя ручнікі, паясы. Карпатлівая гэта праца. Сядзіць, бывае, крукам — цэлы дзянёк... І так жа рада, калі гэта некаму трэба, калі падабаецца!
Наш чалавек, згадзіцеся!
...Іх, такіх вось простых, шчырых, дасціпных старых і малых было на фестывалі вялікае мноства! Да гонару: з Гомеля прыехаў на свята наш падпісчык Мікалай Старых, з Малых Аўцюкоў — Мікалай Горб, там жа сустрэліся з Валянцінай Крываносавай... Былі, напэўна, і іншыя чытачы «Звязды», але, на жаль, не аб'явіліся... Магчыма, стаялі ў чарзе да Аляксандра Каршакевіча з «Вожыка»: ён маляваў сяброўскія шаржы. А магчыма, затрымаліся на выставе рэтра-аўтамабіляў «Аўцюкоўскія тачкі» ці на стадыёне, дзе праходзілі амаль сапраўдныя Алімпійскія гульні — па футболе, па пінболе (гэта калі з рагатак вялікімі мячамі збіваюць кеглі), па гарадках, у якія і наогул цалялі ботамі...
Вядома ж, не абышлося на фестывалі і без гасцей (у тым ліку замежных), без «чэргаў» па аўтографы, без настойлівых спроб расказаць свежы анекдот Уладзіміру Радзівілаву. Не абышлося без фанфар у гонар падвядзення вынікаў, без ганаровых дыпломаў і каштоўных прызоў, без заключнага канцэрта і бліскучага заключнага слова пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, без салюту і вялікага канцэрта ансамбля народнай музыкі «Свята», без начной дыскатэкі, адкуль ва ўсю моц грымела музыка...
І так шкада было пакідаць гэты цёплы, утульны горад, гэтых прыгожых людзей... Суцяшалі хіба што радкі Міколы Маляўкі:
Без аўцюкоў, як цень,
Хадзіў я ў вечнай скрусе,
А тут пацёрся дзень —
І цэлы год смяюся...
Запалу і сапраўды можа хапіць на год. А таму шкада, што наступны фестываль будзе толькі праз два. Але ж ён будзе?!
Дарэчы, трэба не забыць тады ўзважыцца: раптам і сапраўды — чым болей смяешся, тым меней важыш?
Уладзімір Радзівілаў: «Я люблю прыязджаць і выступаць на гэтым фестывалі, мне цікава працаваць у журы, бачыць, як загараюцца новыя «зоркі», сачыць за імі...
А наогул нашым аўцюкам, нашаму фестывалю пара ісці далей, пара выходзіць на міжнародную арэну! Яны варты гэтага... І, думаю, пойдуць!..
Валянціна Доўнар
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/festyval-narodnaga-gumaru
[4] https://zviazda.by/be/tags/gumar
[5] https://zviazda.by/be/tags/smeh
[6] https://zviazda.by/be/tags/festyval