Спальным раёнам вялікага горада востра не хапае прыгажосці. Так лічыць жыхар сталіцы Сяргей Астапенка — цясляр, які па ўласнай ініцыятыве ўпрыгожвае двары. Але работы яго, як у казцы, не простыя, а... створаныя з бытавых адходаў.
Разныя шпакоўні і асабняк для вавёрак
Сталічны мікрараён Усход можна параўнаць з чалавекам сярэдняга ўзросту: ужо далёка не новыя, але яшчэ зусім прыстойныя на выгляд дамы патанаюць у зеляніне дрэў, якія даўно паспелі вырасці і падужэць. Менавіта пад гэтую атмасферу і робіць аўтар свае аб'екты.
Сустрэчу Сяргей Генадзевіч прызначае на раніцу: праца не церпіць адкладання. Адразу з усмешкай папярэджвае: «Расказваць я не мастак. Усё глыбока адчуваю, але словамі выказаць не ўмею. Я гавару рукамі». І размовы гэтыя сапраўды захапляльныя!
Каля месца нашай сустрэчы высока на дрэвах вісяць разныя шпакоўні, жыльцоў якіх ці то ахоўвае, ці то палохае модная Баба Яга, не па-летняму апранутая ў футра.
— Шпакоўні, нягледзячы на свой выгляд, не дэкаратыўныя, а сапраўдныя: у іх жывуць птушкі. Сёлета мы крыху спазніліся: «здалі» новае жыллё ўжо пасля пачатку сезона, таму некаторыя дамкі яшчэ абсалютна новыя, — расказвае майстар. — А Баба Яга — гэта любімы аб'ект усіх дзяцей. Яна хоць і пужае іх крыху, але ўсё роўна бясконца прыцягвае.
— У ранейшага старшыні ЖЭСа было прозвішча Бародзіч. Адштурхнуўшыся ад гэтага, я прыдумаў аднайменнага персанажа, якога працягваю выкарыстоўваць: гэта сур'ёзны, але ў той жа час вельмі добры лесавічок, які сочыць за парадкам. Давайце пройдземся па раёне, я вам астатнія свае творы пакажу, заадно і на майстэрню паглядзіце, — прапануе Сяргей Генадзевіч.
Па дарозе да месца рэалізацыі творчых ідэй то тут, то там мы сустракаем ужо знаёмыя па стылі работы аўтара. Часцей за ўсё гэта шпакоўні, але трапляюцца і больш нечаканыя аб'екты.
— У нас вельмі зялёны раён, таму вавёркі аблюбавалі адзін з двароў для жылля. Але тут пачалася сапраўдная бойка за тэрыторыю: птушкі зусім не даюць ім жыцця. Каб дапамагчы рудым прыгажуням, я збудаваў для іх амаль што асабняк з асобнымі ўваходам і выхадам, — расказвае Сяргей Генадзевіч.
«Навучыце сына. І мужа»
Каля майстэрні размясціўся драўляны карабель, працэс працы над якім яшчэ не завершаны. Майстар адразу ж пускаецца ў тлумачэнні, што яшчэ абавязкова трэба дарабіць: пафарбаваць, дадаць ветразі і разныя дэталі. Гэта пры тым, што на дошкі ён ужо патраціў 400 тысяч рублёў са сваёй уласнай кішэні.
— Гэта дробязі, галоўнае зараз — прыдумаць назву. Бачыце, тут на падмуроўцы выведзена «Міша». Гэта хлопчык напісаў, сказаў, што караблю неабходна даць яго імя. Будзем лічыць гэта другой, неафіцыйнай назвай. Вось гэта я разумею — сапраўдная народная творчасць! — смяецца Сяргей Генадзевіч. — Да мяне часта звяртаюцца мамы з просьбай: «Навучыце майго сына рабіць што-небудзь сваімі рукамі!» А падумаўшы, дадаюць: «І мужа!». Але я не ўмею ні вучыць, ні вучыцца: ствараю пэўныя рэчы проста таму, што не магу іначай. Бывае, возьмеш дошчачку, пачнеш неяк прыкладаць інструмент і непрыкметна, быццам самі сабой, з'яўляюцца абрысы фігуры. Вы будзеце здзіўлены, але за 4—5 гадзін пасля працы часам паспяваю зрабіць некалькі аб'ектаў.
Жонка і дачка ўхваляюць яго захапленне. — Мы з жонкай ужо не такія маладыя, каб кожную хвіліну праводзіць разам. Наадварот, так, на шчасце, застаецца менш часу церабіць адно аднаму нервы, — усміхаецца Сяргей Генадзевіч. Незадаволенасць яго творчасцю выказваюць хіба што пенсіянеры: «Навошта ты строіш гэта карабель? Тут жа моладзь будзе збірацца!» А каб і збіралася, дык што тут такога дрэннага?
Але Астапенка спецыяльна змайстраваў яго так, каб на ім нязручна было сядзець і каб у малых дзяцей не было магчымасці па ім лазіць.
«Нясіце мне ўсё!»
Непрыкметна за размовамі мы аказваемся ў «творчай лабараторыі», якая змешчана ў падвальным памяшканні. Прастора падзелена на некалькі хоць і загружаных, але абстаўленых з любоўю пакояў. Кожная дэталь сведчыць аб тым, што перад намі святая святых сапраўднага мужчынскага свету. Дошкі, фарбы, абсталяванне, інструменты, старыя люстры, лялькі, вясёлыя надпісы на сценах, эскізы — ад усяго гэтага разбягаюцца вочы.
Убачыўшы маю разгубленасць, Сяргей Генадзевіч усміхаецца: «Тут я як рыба ў вадзе. А так — нават мабільнік не ўмею ўключаць, не кажучы ўжо пра інтэрнэт. Таму ў мяне нават пры жаданні няма магчымасці скрасці чые-небудзь ідэі. Але мне гэта і не трэба, як бы з усімі сваімі разабрацца».
— Жыхары раёна мяне вельмі падтрымліваюць. Колькі яны падзяк напісалі! Вядома, мне гэта прыемна. Але яшчэ больш важная іх рэальная дапамога. Я абвясціў: нясіце мне ўсё што заўгодна. Гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва: людзі пазбаўляюцца ад непатрэбных рэчаў, а я атрымліваю новыя матэрыялы, — усміхаецца майстар. — Прынеслі стары міксер — змешваць матэрыялы. Люстры, гадзіннікі, статуэткі, цвікі ніколі не пераводзяцца. Часам трапляюцца і сапраўды дзіўныя рэчы. Напрыклад, нядаўна да мяне трапіла каска часоў Першай сусветнай вайны і старадаўні крыж. І адразу з'явілася ідэя, што з гэтага можна зрабіць невялікую кампазіцыю.
Ёсць у творцы адна вялікая мара: стварыць дзіцячую пляцоўку ў нацыянальным стылі. Каб усё было не з пластыку, а з дрэва. Арэлі, якія па форме будуць нагадваць тыя, на якіх гушкаліся нашыя продкі. Пясочніцы ў форме ладдзі... Усё гэта аздоблена беларускім арнаментам, кветкамі, дрэвамі, жывёламі. У дзяцей павінна складвацца правільнае ўяўленне пра сваю радзіму, яе гісторыю, традыцыі. А пра што гавораць гэтыя аднолькавыя бяздушныя пластыкавыя пляцоўкі? І не варта потым здзіўляцца, што дзеці вырастаюць абыякавымі да сваіх каранёў.
Цяпер праект знаходзіцца на разглядзе ў ЖРЭУ. У рэалізацыі яго трэба задзейнічаць спецыялістаў. Матэрыялы для будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі неабходна купляць, яе з бытавых адходаў не зробіш. «Ёсць мноства складанасцяў, але мне здаецца, што гэта ідэя, за якую не сорамна змагацца», — упэўнены майстар.
Дар'я КАСКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-kasko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dvor
[4] https://zviazda.by/be/tags/maystar
[5] https://zviazda.by/be/tags/prygazhosc
[6] https://zviazda.by/be/tags/bytavyya-adhody
[7] https://zviazda.by/be/tags/adhody
[8] https://zviazda.by/be/tags/shpakouni