Мёд, пропаліс, пылок, пярга, пчаліны яд і воск — усе гэтыя прадукты пчалярства маюць карысныя ўласцівасці і аказваюць тэрапеўтычны эфект. Аднак сапраўдным чэмпіёнам па лячэбных якасцях з'яўляецца менавіта пропаліс, таксама вядомы як пчаліны клей.
З чаго складаецца пропаліс?
Пчаліны клей мае складаны хімічны састаў: ён змяшчае ў сабе водарныя і мінеральныя рэчывы, смолы, флавоны — усяго каля 300 рэчываў. Па сваіх уласцівасцях яны падзелены на чатыры групы: смолы, бальзамы, эфірныя алеі, кветкавы пылок. Аднак многія складнікі дагэтуль не вывучаны навукоўцамі. Пропаліс — рэчыва зялёна-бурага або карычневага колеру з прыемным водарам пупышак і ігліцы, воску ды ванілі. Дзякуючы якім раслінам атрымліваецца такі незвычайны водар? Існуюць дзве гіпотэзы. Згодна з першай, пчолы збіраюць пропаліс з пупышак бярозы, таполі, асіны, каштана, дуба, вяза, вярбы. Аднак пчолы збіраюць шмат пропалісу і ў тых мясцовасцях, дзе гэтыя дрэвы не растуць. Згодна з другой гіпотэзай, яго вырабляюць з пылку раслін. Заўважце: найбольшая колькасць пропалісу ў вуллі з'яўляецца менавіта ў перыяд з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны ліпеня — гэта час, калі пчолы прыносяць шмат пылку.
Навошта пчолам пропаліс?
Пчаліны рой выбірае сабе для жытла дупло — зазвычай гнілую адтуліну ў дрэве. Новыя жыхары абмазваюць сценкі дупла пропалісам, і дрэва перастае гніць.
Гэты каштоўны прадукт ахоўвае пчаліную сям'ю, якая, дарэчы, жыве ў вялікай скучанасці — да 100 тысяч асобін у вуллі! — ад вірусаў, грыбкоў і бактэрый. Словам, пропаліс забяспечвае здаровы мікраклімат у вуллі. Пчолы пакрываюць ім унутраныя сценкі свайго жытла, замазваюць шчыліны і адтуліны, замацоўваць соты і паліруюць іх перад тым, як матка адкладзе туды яйкі. З яго дапамогай яны змяншаюць уваход у вулей. Пры гэтым, замазваючы адтуліны і скарачаючы плошчу лятка, пчолы дадаюць у пропаліс шмат воску — такім чынам яны эканомяць каштоўны прадукт. Пропаліс з вялікай прымешкай воску называюць «будаўнічым».
Як збіраюць пропаліс?
Існуюць два спосабы збору пропалісу: шляхам ачышчэння з рамак і сценак вулля, стольніка ды лятковай адтуліны і з дапамогай спецыяльнай рашоткі для збору гэтага рэчыва.
Абодва варыянты маюць недахопы, бо пропаліс можа змяшчаць у сабе прымешкі. У першым выпадку ў яго трапляюць рэшткі драўніны, у другім пропаліс мае ў сабе вялікую колькасць воску. Сабранае рэчыва прамываюць вадой, усе якасныя крупінкі асядаюць на дно, а крупінкі з брудам усплываюць на паверхню вады. За адзін сезон пчаліная сям'я прыносіць у вулей да 150 грамаў пропалісу. Найбольш прыносяць пчолы шэрай горнай каўказскай і сярэднярускай парод. Варта ведаць, што без шкоды для сям'і можна забіраць толькі палову ад прынесенага. Сабраны пропаліс захоўваюць у поліэтыленавым пакеце, іначай з часам эфірныя алеі будуць выпарацца. Набываючы гэты прадукт, лепш выбіраць пропаліс уроссып, а не ў шарыках. Рэчыва ў шарыках мяняе колер. Да таго ж незразумела, колькі воску змяшчае такі пропаліс.
У медыцыне
Пропаліс з'яўляецца каштоўным лячэбным сродкам, які аказвае бактэрыцыднае, антытаксічнае, супрацьзапаленчае, абязбольваючае, стымулюючае дзеянне на арганізм. У адрозненне ад іншыхлекаў пропаліс зусім бясшкодны для арганізма. Ён можа выкарыстоўвацца як самастойны лячэбны сродак, так і ў камбінацыях з іншымі прэпаратамі.
Пропаліс стымулюе ахоўныя рэакцыі арганізма, абмен рэчываў, паскарае рэгенерацыю тканак, спрыяе вывядзенню халестэрыну з арганізма, запавольвае развіццё ракавых клетак і нават знішчае іх.
Ужыванне прэпаратаў з пропалісу павышае ўстойлівасць арганізма да апраменьвання. Пропаліс захоўвае карысную мікрафлору стрававальнага тракту, таму ў пацыента не развіваецца дысбактэрыёз (у адрозненне ад уздзеяння антыбіётыкаў на арганізм).
Настойка з пропалісу
Існуе вялікая колькасць рэцэптаў лекаў з пропалісу. Для вонкавага ўжывання гатуюцца мазі на аснове гэтага рэчыва, для ўнутранага — спіртавая настойка (экстракт). Спіртавую настойку робяць з ачышчанага і здробненага пропалісу. У посуд наліваюць 100 мл спірту-рэктыфікату і кладуць 20 г пропалісу. Раствор узбоўтваюць цягам 10–15 хвілін і настойваюць у цёмным месцы 7–10 дзён. Настойка мае цёмна-карычневы колер і асадак. Пасля настойвання экстракт можна прафільтраваць праз двухслойны марлевы фільтр. Для прыгатавання мазі бяруць 100 грамаў алею (сланечнікавы,аліўкавы, абляпіхавы і г.д.), даводзяць яго да кіпення, затым кладуць 20 грамаў ачышчанага пропалісу.Старанна перамешваючы, даводзяць да кіпення. Затым прыгатаваную сумесь працэджваюць праз двухслойны марлевы фільтр.
Васіль КАВАЛЕЦ, старшыня салігорскага міжраённага аб'яднання «Бортнік»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/myod
[3] https://zviazda.by/be/tags/propalis
[4] https://zviazda.by/be/tags/leki
[5] https://zviazda.by/be/tags/pcholy
[6] https://zviazda.by/be/tags/vosk
[7] https://zviazda.by/be/tags/pchaliny-kley
[8] https://zviazda.by/be/tags/recepty-lekau-z-propalisu
[9] https://zviazda.by/be/tags/hvaroba