Пачынаючы з гэтага лета ў Цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток» у Астрашыцкім Гарадку пад Мінскам моладзь з асаблівасцямі развіцця будзе атрымліваць навыкі пекара.
Зусім нядаўна, у чэрвені, у «Растку» з'явілася прафесіянальная пякарня. Яна складаецца з вучэбнага класа і вытворчага цэха, дзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне для вырабу хлеба, булачак, пірожных і піцы, закупленае пасольствам Польшчы ў рамках рэалізацыі сумеснага сацыяльнага праекта з Мінгарвыканкамам.
— Гэты праект дазволіць маладым людзям з асаблівасцямі развіцця адчуць сябе патрэбнымі і цікавымі, — кажа Уладзімір МАРУДЗІН, дырэктар псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў №1, у рамках якога функцыянуе Цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток». — І мы спадзяёмся, што комплексы, псіхалагічныя праблемы, выкліканыя інваліднасцю, акажуцца хоць на час забытымі, а можа, нават і пераадоленымі. А атрыманы вопыт узаемадзеяння з іншымі людзьмі дазволіць маладым інвалідам больш упэўнена ўвайсці ў свет, што пакуль яшчэ не заўсёды гатовы прыняць людзей, якія не такія, як усе. Мы ўжо цалкам забяспечваем сябе хлебабулачнай прадукцыяй і маглі б рэалізаваць яе і ў рознічнай сетцы. Да таго ж ужо пралічылі: гэтыя булачкі нам абыходзяцца ў два разы танней, чым калі б мы куплялі іх на хлебазаводзе. І па смаку, і па якасці яны не саступаюць тым, што выпякаліся дарослымі прафесіяналамі. Да таго ж, усё вельмі свежае.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка ўпэўнены, што ў перспектыве трэба абавязкова выходзіць на пастаўкі прадукцыі ў краму ці па дамоўленасці рабіць яе на заказ. «Тады будзе не проста рэабілітацыя маладых людзей з інваліднасцю, але і аддача ад працы, зарплата для гэтых маладых людзей, — лічыць намеснік старшыні Мінгарвыканкама. — Трэба думаць пра запатрабаванасць іх працы ў рэальным жыцці, рэальнай эканоміцы. Калі гэта атрымаецца, гэта будзе сур'ёзны прарыў».
ДАРЭЧЫ
За першую змену ў Цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток» у Астрашыцкім Гарадку пройдуць аздараўленне 120 дзяцей-інвалідаў, за лета — 400-500 чалавек. Пры гэтым для кожнага дзіцяці распрацоўваецца індывідуальная праграма рэабілітацыі.
Святлана Бусько
buskо@zvіаzdа.bу [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:buskо@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/asablivasci-raviccya
[5] https://zviazda.by/be/tags/pyakarnya
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzeci-invalidy
[7] https://zviazda.by/be/tags/praca
[8] https://zviazda.by/be/tags/hleb