У межах экспазіцыі «Апосталка беларускага адраджэння», прымеркаванай да 140-годдзя Алаізы Пашкевіч, якая ў пачатку ХХ стагоддзя ўвайшла ў беларускую паэзію, прозу, публіцыстыку пад псеўданімам Цётка, прадстаўлены кнігі, дакументы, рэчы і фотаздымкі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Большая іх частка паступіла ў музей у канцы 1990-х гадоў дзякуючы Лідзіі Арабей, даследчыцы і пісьменніцы, якая шмат гадоў займалася вывучэннем жыцця і творчасці Цёткі.
— Экспазіцыю можна ўмоўна падзяліць на тры часткі, — распавядае куратарка выстаўкі, навуковая супрацоўніца музея гісторыі беларускай літаратуры Святлана Куракова. — Першая — біграфічная, праз дакументы і фотаздымкі расказвае пра Алаізу Пашкевіч, станаўленне яе асобы. Тут ёсць копія дакумента з касцёла, дзе яна была хрышчаная; лісты з Львоўскага ўніверсітэта, дзе вучылася; пасведчанне пра тое, што будучая пісьменніца скончыла курсы па польскай літаратуры; фотаздымкі маці і сястры Алаізы Пашкевіч.
На выстаўцы можна пабачыць і своеасаблівы сямейны альбом Цёткі — ён некалі быў складзены Лідзіяй Арабей. Тут прадстаўленыя фотаздымкі родных пісьменніцы. Адзін з найкаштоўнейшых рарытэтаў экспазіцыі — габелен канца ХІХ ст., што некалі вісеў у доме сям'і Пашкевічаў.
Другая частка выстаўкі распавядае пра літаратурную працу Цёткі. Можна пабачыць арыгінальныя выданні зборнікаў «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду», выдадзеныя ў 1906 годзе, а таксама «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Ёсць і кнігі выбраных твораў паэткі, выдадзеныя ўжо пасля яе смерці.
Трэцяя частка прысвечана сучаснай інтэрпрэтацыі жыццёвага і творчага шляху Цёткі: тут размясціліся матэрыялы Лідзіі Арабей і Валянціны Коўтун, якія займаліся даследаваннем творчасці пісьменніцы, рукапісы вершаў-прысвячэнняў ёй. Гэта аўтографы твораў Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Дануты Бічэль. Тут таксама змешчаны ілюстрацыі да твораў Цёткі, выкананыя Міколам Купавам і Анатолем Волкавым.
Адметна, што на базе выстаўкі «Апосталка беларускага адраджэння» праходзяць заняткі для дзяцей. Музейныя супрацоўнікі расказваюць пра жыццё і творчасць Цёткі, знаёмяць з яе дзіцячымі творамі, а таксама прапануюць маленькім наведвальнікам выступіць у ролі акцёраў і ілюстратараў — прачытаць казку «Чапля і журавель» з «Першага чытання для дзетак беларусаў» і намаляваць да яе ілюстрацыі.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryna-vesyaluha
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] mailto:vesіaluha@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/alaizy-pashkevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/cyotka
[7] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[8] https://zviazda.by/be/tags/pismennica
[9] https://zviazda.by/be/tags/knigi
[10] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc
[11] https://zviazda.by/be/tags/litaraturny-muzey-petrusya-brouki
[12] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[13] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury